Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роджэр Патоцкі: “Кангрэс прыняў закон, фокусам якога ёсьць толькі Беларусь, не ў кантэксьце іншых краін, а менавіта як асобная краіна”


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Інтэрвію з Роджэрам Патоцкім, прафэсарам гісторыі Джорджтаўн-Унівэрсытэту ў Вашынгтоне, які займаецца вывучэньнем Усходняй Эўропы і Беларусі ды супрацоўнічае зь недзяржаўнымі арганізацыямі, што заахвочваюць дэмакратычныя рэформы ў Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ацэньваеце важнасьць прыняцьця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі Кангрэсам ЗША? Якія, на Вашую думку, будуць наступствы гэтага закону для Беларусі і ці будуць яны наогул, зважаючы на слабыя мэханізмы ўзьдзеяньня, закладзеныя ў законе?”

(Роджэр Патоцкі: ) “Я думаю, гэта вельмі істотная зьмена, што Кангрэс прыняў закон, фокусам якога ёсьць толькі Беларусь, не ў кантэксьце іншых краін, а менавіта як асобная краіна. Хоць я думаю, што сам Акт – гэта больш сымбалічны крок, чым сьведчаньне таго, што ЗША кардынальна мяняюць свае рэгіянальныя прыярытэты. Гэта сыгнал да таго, каб пачаць будаваць дэмакратычныя праграмы ў Беларусі.

Мы лічым, што Беларусь ужо настолькі ізаляваная Лукашэнкам, што ізаляваць яе яшчэ больш цяжка. Але я згодны, што закон ня мае дастатковых мэханізмаў уплыву. Але ў кантэксьце прэсінгу, які ідзе з Эўропы, такога як забарона віз – гэта пазытыўны крок. Мы лічым, што палітыка перніка не прынесла аніякіх вынікаў. Лукашэнка ня меў ніякага жаданьня праводзіць рэформы ў сваёй краіне ў абмен на заахвочваньні, прапанаваныя ЗША і Эўропай”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці азначае гэта прызнаньне беспасьпяховасьці палітыкі Дзярждэпартамэнта й таго, што Кангрэс мусіў узяць справу ў свае рукі?”

(Роджэр Патоцкі: ) “Амэрыканскую палітыку да Беларусі можна было б ахарактарызаваць як палітыку дабраякаснага занядбаньня. Праблемы Беларусі ігнаруюцца і не знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ў Вашынгтоне. Вашынгтон толькі й абмяркоўваў, ці прапанаваць больш пернікаў ці больш бізуна. Я думаю, што такі падыход не прадэманстраваў значных посьпехаў. Таму я думаю, што прыняцьце Акту – гэта наступства беспасьпяховасьці гэтай палітыкі”.

(Карэспандэнтка: ) “У папярэдніх рэдакцыях Акту Расея разглядалася як мэханізм уплыву на правядзеньне дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Прынятая вэрсія Акту ўжо ня мае аніякай згадкі пра Расею. Ці можна гэта лічыць паказчыкам таго, што Кангрэс больш не разглядае Расею як краіну, якая можа прасоўваць дэмакратыю?”

(Роджэр Патоцкі: ) “Я думаю, што гэта так. Таксама думаю, што гэта ў тым ліку й прызнаньне таго, што дэмакратыя адкочваецца назад у самой Расеі. Прыход да такога разуменьня вымагаў часу, але Кангрэс цяпер пачынае разумець, што справы ў Расеі ідуць у няправільным кірунку, а гэта пакідае мала надзеі, што прэзыдэнт Пуцін будзе мець жаданьне адыгрываць пазытыўную ролю ў Беларусі. Відавочна, што Расея ня так моцна падтрымлівае Лукашэнку, як у мінулым, але зацікаўленая ў стабільнасьці і захаваньню статус-кво ў Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Беларускія ўлады адрэагавалі на прыняцьце акту вельмі хутка і зь вялікім раздражненьнем. Чаму, на вашу думку, справа прыняцьця Акту аж так зацягвалася Кангрэсам – і раптам ён быў прыняты за тыдзень?”

(Роджэр Патоцкі: ) “Я думаю, што мала хто ў Кангрэсе быў супраць Акту, але ён проста ня быў прыярытэтны, таму што Беларусь не была палітычным прыярытэтам. Адначасова, пад канец кожнага палітычнага сэзону многія рэчы прымаюцца досыць хутка, калі ім няма апазыцыі. Проста Вашынгтон так працуе ў выбарчы сэзон.

Тыя ў Вашынгтоне, хто сочыць за падзеямі ў Беларусі, даўно рэкамэндавалі пачаць разглядаць Беларусь як стратэгічную краіну. І толькі цяпер, з канфліктам ў Іраку і з большай увагай ЗША да іншых рэгіёнаў, Вашынгтон прыходзіць да больш шырокай згоды наконт таго, што такія краіны як Беларусь павінны ўваходзіць у сфэру яго інтарэсаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG