Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняй кропляй для амэрыканцаў сталася справаздача пра ўдзел Беларусі ў адмываньні грошай рэжыму Хусэйна


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Акт аб дэмакратыі ў Беларусі знаходзіўся ў Кангрэсе без істотнага руху на працягу некалькіх гадоў. Што нарэшце паспрыяла такому хуткаму прыняцьцю яго менавіта зараз?

Для прыняцьця любога закону патрэбныя прынамсі 3 складнікі: лідэр, матывацыя і спрыяльная сытуацыя. У “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі” ад пачатку было некалькі моцных спонсараў у Кангрэсе і Хэльсынскай камісіі.

Матывацыяй служылі ня толькі рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі да любой апазыцыі і прэсы, але й выклік Захаду ў выглядзе парушэньняў гандлёвых санкцый, супрацоўніцтва з Іранам і Іракам і адмываньне грошай. І, нарэшце спрыяльнай сытуацыяй для прыняцьця Акту стала тое, што крокі зьнешнепалітычных структур ЗША й пакрокавая палітыка буксавалі, магчымасьці ўплыву на рэжым звужаліся.

Расея ня спраўдзіла сябе як саюзьнік ЗША ў экспарце дэмакратыі. Абвяшчэньне правядзеньня Рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі толькі ажывіла жаданьне Кангрэсу ўзяць сытуацыю пад кантроль.

І, нарэшце, што вельмі важна – апошнія факты пра сувязі рэжыму Лукашэнкі з вайсковымі пастаўкамі ў Іран і адмываньне грошай Садама Хусэйна. Самыя сьвежыя дадзеныя пра гэта былі апублікаваныя ў сераду ў справаздачы ЦРУ пра ўдзел Беларусі ў адмываньні грошай рэжыму Хусэйна праз праграму “Харчаваньне ў абмен на нафту”. У тым пераліку былі названыя й іншыя краіны, але ў выпадку з Беларусьсю – гэта дзейнасьць спансараваная дзяржавай, у той час як недзе ў Францыі ці Гішпаніі – гэта асобныя карумпаваныя чыноўнікі ці кампаніі.

Пытаньні бясьпекі вельмі датклівыя для ЗША. Таму спалучэньне ўсіх гэтых складнікаў і дазволіла літаральна за тыдзень правесьці законапраект праз увесь Кангрэс.

Апошні крок у працэсе ўводу ў жыцьцё новага закону – гэта прэзыдэнцкі подпіс. У анікога не выклікае сумненьня, што Акт у бліжэйшы час будзе падпісаны Джорджам Бушам. Па-першае, Акт быў прыняты аднагалосна абедзьвюма палатамі Кангрэсу, і па-другое – меў падтрымку Дзярждэпартамэнту. Так што ўсе зацікаўленыя бакі знайшлі поўны кансэнсус.

Цяпер жорсткая палітыка ЗША да рэжыму Лукашэнкі пяройдзе з узроўню толькі зьнешнепалітычнай дзейнасьці гэтай канкрэтнай адміністрацыі на ўзровень заканадаўчы. Незалежна ад таго, хто будзе ў Белым Доме, падыходы, выкладзеныя ў “Акце аб дэмакратыі”, мусяць быць палітыкай ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG