Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Калі Беларусь прымуць у Раду Эўропы?”


Альгерд Невяроўскі, Менск 5 кастрычніка Княства Манака стала 46-м сябрам Рады Эўропы. Цяпер у Эўропе засталася толькі адна дзяржава, якая не ўваходзіць у гэтую арганізацыю — гэта Беларусь. Як доўга будзе працягвацца такая сытуацыя і калі Беларусь стане сябрам Рады Эўропы?

Колькі будзе працягвацца такая сытуацыя? Калі Беларусь прымуць у Раду Эўропы? Я задаваў гэтыя пытаньні людзям рознага веку, і вось якія атрымаў адказы:

(Спадар: ) “Пакуль парадку ня будзе… Я лічу, што пакуль ва ўладзе такія людзі, мы нікуды ня трапім”.

(Хлопец: ) “Пакуль ва ўладзе будзе наш Аляксандар Рыгоравіч”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, напэўна, яшчэ доўга. Малавата ў нас дэмакратыі”.

(Дзяўчына: ) “Не магу адказаць на гэтае пытаньне”.

(Дзяўчына: ) “Ня ведаю, колькі гэта працягнецца. Гэта залежыць і ад народу, і ад нашых уладаў, і ад іхных”.

(Пэнсіянэр: ) “Нам трудна рэагаваць, мы сілу ўжыць ня можам. А так Лукашэнка іх мільён раз пераконваў. Калісьці павінны прыняць. Здаровы сэнс пераможа”.

(Спадар: ) “А хто яго ведае! Напэўна, калі выканаюць стандарты”.

(Спадарыня: ) “Можа, пасьля выбараў?”

(Спадар: ) “Усё будзе залежаць ад акалічнасьцяў. Можа, рэфэрэндум пакажа”.

(Пэнсіянэрка: ) “Думаю, людзі, што ў нас кіруюць, палітыкі — ім больш відаць. А не такім, як мы. Я ўсім задаволеная, дай Бог, каб далей так жыць”.

(Хлопец: ) “Я ня ведаю. Гэта залежыць ад нашага кіраўніцтва. І хутчэй за ўсё, пакуль улады будуць так ставіцца да навядзеньня ў нашай краіне дэмакратычнага парадку, увядзеньня новых выбарчых стандартаў, думаю, датуль нас у Раду Эўропы ня прымуць”.

(Пэнсіянэр: ) “Пакуль ня будзе аб’ектыўных падставаў, пакуль ня выканаюць усіх пунктаў, якія неабходныя для прыняцьця. А як жа іначай?”

(Пэнсіянэрка: ) “Ня прымуць, пакуль будзе такі прэзыдэнт! Калі гэта хто нас прыме? Людзі зьнікаюць — нікому няма справы! Дажыць бы да сьветлага дня — адзіная мая мара”.

(Спадарыня: ) “Пакуль нешта ня зьменіцца ва ўрадзе. Калі на высокім узроўні прымуць пэўныя рашэньні, якія дазволяць нам уступіць. Тады нас прымуць, а пакуль мы так і будзем гібець”.

(Спадарыня: ) “Шчыра кажучы, і ня ведаю. Відаць, нам трэба зьмяніць стаўленьне да дэмакратычных свабодаў. У кожнага чалавека павінна быць свая думка, ён не павінен баяцца яе выказваць”.

Гэткія былі адказы менчукоў на пытаньне тыдня — “Калі Беларусь прымуць у Раду Эўропы?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG