Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узброены патруль прайшоўся па цэнтральных вуліцах Глыбокага ды забараніў людзям адчыняць форткі ў часе візыту Лукашэнкі


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць Аляксандар Лукашэнка наведаў Віцебшчыну, каб запаліць дзьве газавыя паходні. На цэнтральных плошчах у Глыбокім ды Паставах адбыліся дзьве падобныя цырымоніі, у часе якіх Аляксандар Лукашэнка распавядаў пра пэрспэктывы газіфікацыі ды выбараў. Старшыню Пастаўскага райвыканкаму ён запрасіў у парлямэнт, а глыбоцкага апазыцыянэра ды назіральніка за выбарамі Андруся Храпавіцкага не пусьцілі нават паглядзець на сустрэчу з Лукашэнкам.

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Глыбокае на верталёце, дзеля чаго прыдаўся дыўно не карыстаны аэрадром сельскагаспадарчае авіяцыі. Яшчэ ўчора вакол яго сьпілавалі самыя вялікія дрэвы, каб не было дзе схавацца непажаданым асобам, а ўсіх сяброў таварыства паляўнічых на ўсялякі выпадак папрасілі здаць стрэльбы.

Некалькі аўтобусаў з аховаю зьявіліся ў Глыбокім яшчэ ўчора ўвечары, узброены патруль прайшоўся па цэнтральных вуліцах ды забараніў людзям адчыняць форткі ў часе візыту Лукашэнкі. А сёньня глыбоцкія міліцыянты прынялі яшчэ адну меру перасьцярогі: на тыя паўтары гадзіны, што ішла цырымонія на цэнтральнай плошчы, яны затрымалі тутэйшага апазыцыянэра Андрэя Храпавіцкага, які ішоў да цэнтральнае плошчы, каб паглядзець, як Лукшэнка запаліць газавую паходню — сымбаль таго, што прыродны газ прыйшоў і сюды.

(Храпавіцкі: ) “Я ёсьць назіральнікам ад грамадзкае ініцыятывы “Партнэрства”, сябар БАЖ, я супрацоўнічаю шмат зь якімі няўрадавымі арганізацыямі, і, вядома, міліцыянты мяне ведаюць у твар. У пастарунку яны задавалі мне абсалютна дзіўныя пытаньні, да прыкладу, ці ведаю я, хто жыве ў маім доме. Або казалі, што я падобны да нейкага рабаўніка, які скраў мабільныя тэлефоны. Урэшце прыйшоў намесьнік начальніка РАУСу, сказаў, што міліцыя просіць прабачэньня, што я магу ісьці”.

З пастарунка Андрэй Храпавіцкі пайшоў на сустрэчу з назіральнікамі АБСЭ, куды ўжо пазьніўся. Прычына спазьненьня была зафіксаваная.

Аляксандар Лукашэнка тымчасам пераляцеў у Паставы, дзе таксама запаліў паходню на памытай учора пажарнымі машынамі плошчы. Сустрэча з жыхарамі Паставаў доўжылася ўсяго 55 хвілін, зь якіх 25 склала сама прамова Аляксандра Лукашэнкі. Паводле жыхаркі Паставаў спадарыні Тацяны, ён закрануў у ёй усяго дзьве тэмы: газ ды выбары.

(Тацяна: ) “Казаў, што гэта вельмі добра — што падвялі газ у Паставы. Але печкі сказаў не сьпяшацца разьбіраць: маўляў, на ўсялякі выпадак няхай будзе альтэрнатыва. А на заканчэньне сказаў, што забірае нашу Ванду Януковіч у Менск. Гэта старшыня нашага райвыканкаму, якая балятуецца ў Палату прадстаўнікоў”.

Сказаўшы, што такія людзі патрэбныя ў Менску, Лукашэнка запытаўся ў людзей на плошчы, ці згодныя яны аддаць туды сваю старшыню. Некалькі чалавек з натоўпу дружна адказалі “Так”, і цяпер у Паставах жартуюць, што гэта былі галасы прадстаўнікоў акруговай выбарчай камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG