Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўжнікоў з пачаткам ацяпляльнага сэзону паболее


Алесь Дашчынскі, Менск 5 кастрычніка адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя намесьніка міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Мікалая Ліпеня, на якой ён будзе распавядаць пра паляпшэньне быту насельніцтва перад пачаткам ацяпляльнага сэзону. Наўрад ці можна спадзявацца, што гэты быт будзе значна палепшаны, бо пакуль ніякіх кардынальных пераменаў у гэтай галіне няма. Затое службы ЖКГ уцягваюцца ў судовыя спрэчкі з наймальнікамі кватэраў і, як заўсёды, тут найбольш церпяць самыя неабароненыя.

У жыльлёва-камунальных службах не хаваюць: з пачаткам ацяпляльнага сэзону павялічыцца колькасьць даўжнікоў. Гэтыя лічбы атрымаць у чыноўнікаў вельмі цяжка, але, паводле інфармацыі з некаторых абласьцей, запазычанасьць па камунальных паслугах дасягае мільярдаў рублёў. У Гомельскай вобласьці 50 зыскаў накіраваныя ў суды на высяленьне неплацельшчыкаў зь іх кватэраў, а выселена ўжо 12 сем’яў.

Супрацоўнікі ЖКГ выступаюць за больш шырокае прымяненьне гэтай меры. Начальнік аднаго з менскіх ЖЭСаў прапануе высяляць даўжнікоў у пустыя вайсковыя казармы. Прадстаўніца менскага ЖЭСа № 118 Ірына Лазарава кажа:

(Лазарава: ) “Зараз у нас больш за сотню даўжнікоў, і сумы розныя: ад 200 тысячаў і да мільёна й больш”.

ЖЭСы прапануюць ім працу дворніка, каб вылічваць з заробкаў грошы за кватэру. Аднак людзі адмаўляюцца ісьці на гэтую непрэстыжную працу зь невялікім заробкам. Урэшце, справа даходзіць да суда. Толькі ў менскім ЖЭСе №17 на высяленьне ў суд накіравана 15 спраў. Гаворыць начальнік службы Анатоль Ярашэвіч:

(Ярашэвіч: ) “Працэсы цягнуцца ад паўтара да трох гадоў, пакуль мы выселілі толькі адну кватэру: дзеці ў школе-інтэрнаце, а тых, якія знаходзіліся, мы не змаглі знайсьці й выселілі ў нікуды”.

Як цьвердзіць начальнік ЖЭСа Любоў Гушча, штомесяц яе служба афармляе каля 50 зыскаў у суд па аплаце за камунальныя паслугі, але спагнаць грошы вельмі цяжка.

(Гушча: ) “Некаторыя малазабясьпечаныя, а некаторыя такія, што зь іх і не спагнаць. Сума зыска ніжэй, чым сума налічэньняў штомесячных, таму запазычанасьць заўсёды расьце”.

Маці й сын Салаўёвы пражываюць у трохпакаёвай кватэры ў Менску, абодва інваліды, адмовіліся пераехаць у кватэру меншай плошчы. Тамара Салаўёва кажа, што плаціць за кватэру ёй вельмі цяжка. Разам з ацяпленьнем выходзіла 90 тысяч у месяц, а атрымоўвала яна разам з сынам па інваліднасьці 101 тысячу. Паводле Тамары, зімой ЖЭС адключаў нават электраэнэргію, але доўг за кватэру дасягнуў мільёна рублёў, і плаціць няма чым. Справа дайшла да суда.

(Салаўёва: ) “Як мы яе аплочвалі ўсе гады, ведаю толькі я. Прададзена ўсё, што можна было прадаць, апошняе крэсла, апошні стол. Для мяне гэта чалавечая трагедыя, кватэра ўся спустошана галотай. Ну што мы, нейкі хлам, што проста прыйдуць і адсюль выкінуць? Гэта азначае проста скарыстаць наша бездапаможнае становішча, проста загнаць у кут і прыкончыць. Я буду гэта расцэньваць як расправу над намі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG