Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антончыка судзяць за арганізацыю несанкцыянаванага сходу


Ігар Карней, Менск 5 кастрычніка аб 11 гадзіне ў адміністрацыйным судзе Партызанскага раёну сталіцы будзе слухацца справа Сяргея Антончыка. Апазыцыянэр абвінавачваецца ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу кіраўнікоў рэгіянальных суполак будучай арганізацыі “Айчына”, аб утварэньні якой будзе абвешчана на зьезьдзе пры канцы кастрычніка.

На мінулым тыдні мы паведамлялі, што Антончык сам зьбіраўся несьці пазоў у суд на рэжысэра Юрыя Азаронка і былога праваабаронцу Яўгена Новікава, аўтараў дакумэнтальнай стужкі, у якой ён вінаваціўся ў сувязях з “Аль-Кайдай” і чачэнскімі сэпаратыстамі. І вось – такі нечаканы паварот. Цяпер высьвятленьне адносінаў з тэлевізійшчыкамі давядзецца адтэрмінаваць, а сёньня Антончык вымушаны выступаць зусім у іншай ролі. За што судзяць Антончыка – я запытаўся ў яго напярэдадні.

(Антончык: ) “Мы 2 кастрычніка ладзілі Каардынацыйны савет будучай арганізацыі “Айчына” ў памяшканьні Свабоднага прафсаюзу. Уварвалася міліцыя, відавочна, былі там людзі й са службы аховы Лукашэнкі, бо было шмат у цывільным. У памяшканьні тады было блізу 80 чалавек, дык міліцыянты ўсіх паперапісвалі, занатавалі пашпартныя дадзеныя. А мяне затрымалі, адвезьлі ў апорны пункт Партызанскага раёну, дзе склалі пратакол, што я нібыта парушыў адміністратыўны кодэкс”.

Дадам, што за такое правапарушэньне на спадара Антончыка можа быць накладзены альбо буйны штраф, альбо зьняволеньне да 20 сутак.

Ці зьвязаныя неяк сёньняшні суд і абвінавачаньні ў сувязях з “Аль-Кайдай”? Сяргей Антончык лічыць, што так. Нагадаю, што ў стужцы Азаронка і Новікава “Позірк у сьвет” Антончык паказваўся як прыхільнік тэрарыстычнай групоўкі “Аль-Кайда” і чалавек, які мае стабільныя сувязі з чачэнскімі баявікамі. І тое, і другое Антончык зьвязвае з падрыхтоўкай да зьезду 24 кастрычніка, на якім будзе абвешчана пра ўтварэньне, як ён сам кажа, арганізацыі масавай салідарнасьці “Айчына”, сябрамі якой мусяць стаць болей за 200 тысячаў чалавек. Падобная масавасьць, на думку Антончыка, улады і палохае. Аднак дэзынфармацыю ён трываць не зьбіраецца.

(Антончык: ) “З-за такіх вось абставінаў мы пакуль у суд не падаём, таму што мне сёньня могуць якіх 15 сутак даць. Але мы ўжо падрыхтавалі заяву, зараз толькі стужку пераздымаем і панясем у суд абавязкова”.

Дарэчы, найбольш актыўна стужкі з сэрыі “Позірк у сьвет” зараз круціць сталічны канал “СТВ”. Аднак яшчэ напярэдадні кіраўнік “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандар Зімоўскі запэўніваў, што ў дыскрэдытацыі апазыцыі напярэдадні рэфэрэндуму тэлеканал удзелу браць ня будзе, абмежаваўшыся функцыямі нагадваньня пра дату выбараў ды рэфэрэндуму.

(Зімоўскі: ) “У тым, што тычыцца наўпроставай агітацыі, то мы ў гэтым удзелу не бярэм. У сэнсе рэфэрэндуму мы будзем кіравацца тымі фарматамі, якія прапануе Цэнтральная выбарчая камісія. Звычайна гэта ролікі кшталту парадку запаўненьня бюлетэняў і г.д. Калі такія фарматы будуць распрацаваныя, мы, паводле палажэньня, абавязаныя іх тыражаваць. Такія ролікі, безумоўна, будуць”.

Зьяўленьне ролікаў зусім іншага кшталту, чым плянавалася, у кіраўніцтве СТВ не камэнтуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG