Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сьпевы і беларускія цымбалы ў Таронта


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 21 верасьня). Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнічаюць Сьвятлана Ліцьвінава (Таронта), Уладзімер Гародкін (Таронта).

Ад’езд таленавітых людзей зь Беларусі стаўся балючай праблемаю ў культурным разьвіцьці краіны. У нашых перадачах вы ня раз ужо сустракаліся з творчымі асобамі, якія жывуць і працуюць ў замежжы. Сёньня ізноў закранем гэтую тэму.

Удзельнікі сёлетняй сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая нядаўна адбылася ў Таронта, адзначалі высокі мастацкі ўзровень культурнай праграмы сьвята. І ня дзіва, бо ў ёй бралі ўдзел прафэсійныя майстры беларускай культуры, якія цяпер жывуць у Канадзе.

Сьвятлана Ліцьвінава 25 гадоў была салісткаю Беларускага дзяржаўнага хору імя Генадзя Цітовіча. Сьвятлана прыйшла ў калектыў, калі ёй было 17 гадоў, яе праслухоўваў яшчэ сам Цітовіч.

Сьвятлана гаворыць, што сьпявала з маленства, пявучаю была ўся ейная сям’я, якая жыла ў Шклоўскім раёне на Магілеўшчыне.

Сьвятлана скончыла Магілёўскую музычную вучэльню, а потым унівэрсытэт культуры ў Менску.

(Сурмач: ) “Сп. Сьвятлана, мабыць, цяжка было разьвітвацца з хорам, як увогуле, паставіўся да Вашага ад’езду Міхась Дрынеўскі – цяперашні кіраўнік хору?”

(Ліцьвінава: ) “Адпусьціў. Я паехала за мужам, мой муж павінны быў працаваць ў Таронта. Я Дрынеўскаму так і сказала, што мне трэба ехаць за мужам.

Па хоры сумую. Плакаць – ня плачу, але сумую. Калі мне дрэнна, я сядаю, бяру гітару і сьпяваю, адна ў сваім пакоі. Сьпяваю, а потым выходжу, і мне так добра, і я такая добрая, гэта ж мяне песьня так зьмяніла.

Добра, што ёсьць людзі, якія разумеюць цябе, дапамагаюць табе. Калі ехала сюды, я думала, што мне будзе тут вельмі цяжка. Але я сустрэла тут такіх добрых сяброў, што сэрца радуецца.

Я будую новае жыцьцё, я не хачу думаць пра дрэннае, а толькі пра добрае. Я – аптымістка. Я сваю сям''ю падтрымліваю. Я люблю сьпяваць і мне лягчэй, я ў песьні знаходжу выйсьце, бо яна, як крыніца, п’еш, п’еш і ня можаш напіцца”.

(Сурмач: ) “У Канадзе Сьвятлана жыве 2 гады, і за гэты досыць кароткі для эмігранта час яна знайшла на чужыне сваю дарогу да мастацтва”.

(Ліцьвінава: ) “Я сьпяваю для людзей, у мяне ёсьць свае слухачы. Я самастойна пачала сьпяваць. Мяне запрасілі на фэстываль "Карусэль" у Таронта, гэта расейскі фэстываль. Але душа ўсё роўна просіць сьпеваў. Я сьпявала расейскія, украінскія і беларускія песьні. А потым я сама пайшла далей. Пазнаёмілася з Надзеяю Дробінай, яна мне дапамагае заўсёды. Я сьпявала на сустрэчы беларусаў”.

(Сурмач: ) “Праз Надзею Дробіну, якая ўзначальвае Таронцкі аддзел Згуртаваньня беларусаў Канады, Сьвятлана далучылася да беларускай грамады ў Таронта і зараз рэпрэзэнтуе там беларускую культуру”.

(Ліцьвінава: ) “Я прывезла з сабою беларускі народны касьцюм, і калі я сьпяваю, да мяне падыходзяць людзі, кранаюць рукамі і кажуць, што ў мяне такі цудоўны, прыгожы касьцюм. Дзе Вы яго ўзялі?

У мяне такія добрыя ўспаміны пра хор, што калі я яго апранаю, я адчуваю, што я быццам бы ў хоры. Выходжу, сьпяваю, людзі кажуць, што як добра, што я сьпяваю тут беларускія песьні і што раней не ведалі, што ёсьць нехта, хто можа сьпяваць беларускія песьні. Тут вельмі любяць сьпяваць, любяць песьню, якая б яна не была, на якой бы не была мове”.

(Сурмач: ) “Ці нехта яшчэ ў Вашай сям’і сьпявае акрамя Вас?”

(Ліцьвінава: ) “У сям''і ўсе сьпяваюць, мой муж сьпявае вельмі добра, але ж тут трэба працаваць і яму не да сьпеваў”.

(Сурмач: ) “Сп. Сьвятлана, акрамя канцэртаў, што Вам яшчэ хацелася б зрабіць у творчым пляне?”

(Ліцьвінава: ) “Я ўжо тут спрабавала арганізаваць які-небудзь кружок, каб сьпяваць разам, але ў мяне не зусім атрымалася. Аднак, я не хачу прыпыняцца, я хачу яшчэ стварыць нешта, каб людзі ведалі песьню беларускую і маглі адрозьніць яе ад расейскай. Я абяцала Міхасю Паўлавічу, што я тут буду сьпяваць і буду сваю песьню тут несьці.

Тут пра мяне ўжо пісалі ў газэце, калі я працавала на фэстывалі.

Не трэба нам падаць духам, жыць трэба. Я калі прыехала ў Канаду, сказала сабе, што мне трэба альбо палюбіць гэтую краіну, альбо мне трэба ехаць назад. Назад ехаць я ўжо не магла, значыць, засталося адно – палюбіць гэтую дзяржаву”.

***

Музыкант Уладзімер Гародкін скончыў у 1975 годзе Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па клясу цымбалаў. Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, а потым салістам інструмэнтальнага ансамбля Беларускага радыё і тэлебачаньня.

(Сурмач: ) “Сп. Уладзімер, выглядае, што ў Беларусі Вашая прафэсійная кар’ера разьвівалася даволі пасьпяхова. Чаму ўсё ж вырашылі ехаць у эміграцыю?”

(Гародкін: ) “Я вучыўся ў кансэрваторыі ў Жыновіча і Гладкова. Галоўная ідэя была – паехаць у Канаду працаваць, прадстаўляць цымбалы – беларускі народны інструмэнт у замежжы. А таксама наша сытуацыя ў Беларусі пасьля Чарнобылю, я маю двух хлопцаў і мне хацелася для іх чыстага паветра”.

(Сурмач: ) “Беларусы лічаць цымбалы сваім нацыянальным інструмэнтам, а ці ведаюць яго ў Канадзе?”

(Гародкін: ) “Такі музычны інструмэнт ведаюць ва ўсім сьвеце, Цымбалы – гэта вельмі старажытны інструмэнт і ня толькі ў Беларусі. У Канадзе ёсьць некалькі музыкантаў, якія іграюць на падобных інструмэнтах, як кітайскі інструмэнт”.

(Сурмач: ) “У Кітаі таксама ёсьць нешта падобнае на цымбалы?

(Гародкін: ) “Так, кітайскі інструмэнт называецца янчжынь”.

(Сурмач: ) “Ці ўзялі Вы з сабою ў Канаду беларускія цымбалы? Калі так, то ці даводзіцца на іх іграць?”

(Гародкін: ) “Мой інструмэнт я ўзяў з сабою, узяў свой касьцюм. Працую зараз у вялікіх канадыйскіх шоў, у Таронта і ў ЗША. Я выступаю сола, іграю зь піяністам і з аркестрам”.

(Сурмач: ) “Але, пэўна, гэта ўсё зьявілася не адразу, наколькі цяжка было пачынаць?”

(Гародкін: ) “Вельмі цяжка пачынаць у чужой краіне, асабліва для музыканта-прафэсіянала. Даводзілася працаваць у розных месцах, не зьвязаных з музыкаю, трэба было зарабляць на хлеб.

Потым я іграў для ўкраінскай грамады, для беларускай, для расейскай. І гэта стала маёй прафэсіяй і тут.

Я працую цяпер з канадыйскімі слухачамі і працую адзін – сола. Трэба арганізоўваць усё самому. Я працаваў з сымфанічным аркестрам у ЗША – у Рочэстэры, таксама ў Нью-Ёрку, у Бостане.

Я іграю ўсю музыку, якую можна сыграць на цымбалах. Я іграю клясыку, іграю музыку народаў сьвету, а таксама іграю сваю музыку”.

(Сурмач: ) “А беларускія мэлёдыі Вам даводзіцца граць на гэтых канцэртах?”

(Гародкін: ) “Іграю беларускія мэлёдыі, і ўсім падабаюцца гэтыя мэлёдыі. Усе слухачы ведаюць. што гэты інструмэнт – цымбалы зь Беларусі. І я як бы прадстаўляю Беларусь сваім інструмэнтам”.

(Сурмач: ) “Беларускі нацыянальны строй часам апранаеце?”

(Гародкін: ) “Так, я маю некалькі касьцюмаў для выступленьняў – нацыянальны беларускі і таксама клясычны канцэртны касьцюм”.

(Сурмач: ) “Відаць, што на чужыне Вы не згубілі сябе і за сем з паловаю гадоў там дасягнулі відавочных посьпехаў? Але ж, не шкадуеце ўсё ж, што пакінулі працу ў Беларусі?”

(Гародкін: ) “Не, не шкадую. Я рэалізую сябе, як музыкант, вельмі добра ў Канадзе. Я дасягнуў вельмі добрага становішча. Я іграю на буйнейшых музычных пляцоўках Канады. Зараз я маю запрашэньне ад губэрнатара. У мяне ўвесь год наперад расьпісаны, ёсьць расклад гастроляў.

Я маю ўжо 4 дыскі, маю музыку можна паслухаць на маім вэбсайце www.tsimbaly.com.

Я працую з буйной фірмай, якая рассылае мае дыскі па цэлым сьвеце”.

(Сурмач: ) “Ці на дысках таксама ёсьць беларускія мэлёдыі?”

(Гародкін: ) “Ёсьць, розныя беларускія мэлёдыі і мэлёдыі народаў сьвету”.

(Сурмач: ) “Як ў Вас з інструмэнтамі? Вы сказалі, што прывезьлі цымбалы зь Беларусі, а калі б спатрэбілася, ці вырабляюць іх у Канадзе?”

(Гародкін: ) “Я маю зараз тры інструмэнты. Адзін, які я прывёз з сабою зь Менску, а другія два – новыя, мне таксама прывезьлі зь Менску.

Тут можна заказаць, але яны не вельмі добрыя. У мяне ёсьць майстар, які працуе на фабрыцы піяніна ў Барысаве, ён робіць для мяне асабіста інструмэнты. Добрыя цымбалы робяць. Нашыя цымбалы гучаць зараз па цэлым сьвеце”.

(Сурмач: ) “У Канадзе ў музычных навучальных установах ці вучаць граць на цымбалах?”

(Гародкін: ) “Не, у Канадзе, дакладней, у Таронта няма музыкантаў, якія маглі б вучыць гэтаму”.

(Сурмач: ) “З Вашых сыноў нехта грае на цымбалах?”

(Гародкін: ) “Не, мае дзеці не іграюць, яны іграюць у другія гульні – на кампутары. Яны скончылі каледжы і працуюць у кампутарнай графіцы і дызайне. Малодшы, ён рабіў усю графіку маіх дыскаў”.

(Сурмач: ) “Дзе ў бліжэйшы час будзеце выступаць?”

(Гародкін: ) “Заўтра я іграю на вялікім фэстывалі нацыянальных культураў ў Мілтане, 60 кілямэтраў ад Таронта. Я там буду прадстаўляць Беларусь”.

У Таронта Уладзімер Гародкін далучыўся да беларускай грамады і браў удзел у канцэртах на Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Зь іншымі творчымі асобамі з Беларусі, якія цяпер жывуць у Канадзе, вы сустрэнецеся ў наступным выпуску нашай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG