Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: “Такога нерэальнага бюджэту я яшчэ ня бачыў"


Уладзімер Глод, Менск 57,3% прыбытковай часткі бюджэту краіны на 2005 год складуць падаткі - заявіў міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут падчас абмеркаваньня праекту бюджэту на наступны год.

Міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, які 4 кастрычніка прадстаўляў праект бюджэту Беларусі на наступны год дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, паведаміў, што доля падаткаў у валавым унутраным прадукце павялічваецца з 45% да 57%. Гэта надзвычай высокі паказчык, лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Такога нерэальнага бюджэту я яшчэ ня бачыў. Сёньня, па выніках першага паўгодзьдзя, мы маем выкананьне бюджэту дзесьці ў памеры 49–50%. А пры ўключэньні сюды інвэстыцыйных фондаў гэта будзе 52%. Такім чынам, на гэтыя паўгоду трэба значна скараціць выдаткі бюджэту і скараціць падаткі, што таксама не прадугледжана ў бюджэце”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Баслык зьвяртае ўвагу на тое, што Расея і Ўкраіна ня маюць такіх высокіх адлічэньняў у бюджэт праз падаткі, як беларусы. Ён гаворыць пра тое, што ў бюджэце Беларусі на наступны год прадугледжаныя значныя сумы ад розных штрафаў і пакараньняў. І гэта вельмі дзіўна, калі карным органам загадзя даводзяць плян па розных штрафах.

Падвышэньне падаткаў закране ня толькі прадпрыемствы, але і фізычных асобаў. Заробак будзе расьці, і адпаведна будзе павялічвацца памер падаткаў, паколькі ў Беларусі існуе прагрэсіўны падатак. Таму ўсе абяцаньні пра падвышэньне заробкаў з боку ўладаў, лічыць спадар Баслык, гэта толькі спроба ўвесьці насельніцтва краіны ў зман. Пра гэта ж казаў і дэпутат Палаты Віктар Кучынскі:

(Кучынскі: ) “Падчас выбарчай кампаніі я праехаў па многіх прадпрыемствах гораду, сустракаўся з працоўнымі калектывамі. Скажыце, калі ласка, што можна прапанаваць, каб Кобрыньскі інструмэнтальны завод рэальна напаўняў бюджэт? Ён памёр яшчэ ўчора. Учора памерла прадзільна-ткацкая фабрыка, якая працуе тры-чатыры разы на тыдзень”.

Тым ня менш, Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб бюджэце ў першым чытаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG