Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё Беларускай дзяржаўнай філярмоніі пераносіцца на лістапад


Юлія Шарова, Менск На пачатак кастрычніка было заплянавана адкрыцьцё будынку Белдзяржфілярмоніі, якія цягам двух год стаяў на рамонце. Была нават вядомая праграма сьвяточнага канцэрта, які меліся зладзіць на адкрыцьцё, але кастрычнік надышоў, а ў Менску няма ніякай адпаведнай рэклямы. Ці адчыніцца філярмонія сёлета?

Мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філярмоніі Юры Гільдзюк паведаміў, што ў гэтым сэзоне філярманічны будынак пасьля рамонту адчыніцца, але ж зь некаторым спазьненьнем. Рэч у тым, што будаўнікі не пасьпяваюць завяршыць усе работы, і адміністрацыя філярмоніі ня можа падпісаць зь імі акт прыёмкі-здачы, патлумачыў спадар Гільдзюк.

(Гільдзюк: ) “Бяз акту прыёмкі мы ня можам прадаваць квіткі й ня можам запрашаць нікога ў залю, бо калі будуць нейкія недапрацоўкі, нам давядзецца доўга гэтыя памылкі выпраўляць. Таму мы прызначылі адкрыцьцё афіцыйнае дзяржаўнай філярмоніі на адкрыцьцё “Беларускай музычнай восені” ў лістападзе 2004 году”.

Са словаў спадара Гільдзюка, заля філярмоніі пасьля рамонту вельмі папрыгажэла, дый наагул інтэр’еры будынку выглядаюць зусім па-іншаму. Да таго ж, у залі значна палепшылася акустыка.

У новым будынку музыканты філярмоніі ў гэтым сэзоне абяцаюць граць вельмі шмат беларускай музыкі, у тым ліку будуць і прэм’ерныя выкананьні. Да таго ж якраз у гэтым сэзоне адзначаецца 75-годзьдзе Яўгена Глебава, таму варта чакаць шмат імпрэзаў, прысьвечаных гэтаму кампазытару. Не абыдзецца, вядома ж, без эўрапейскай і рускай клясыкі.

На новы сэзон філярмонія плянуе запрасіць нямала замежных гасьцей. Тое, што гэтая заля зноў адчыняецца, вельмі вабіць у Менск музыкантаў з усяго сьвету, кажа Юры Гільдзюк.

(Гільдзюк: ) “Ёсьць, напрыклад, такія, як квартэт імя Барадзіна, будзе ансамбаль Сьпівакова “Віртуозы Масквы”. Прыгадаю такія імёны музыкантаў, як Мікалай Пятроў, як Пітэр Донахаў зь Вялікабрытаніі. Да нас прыедуць тыя, хто сябраваў зь філярмоніяй цягам многіх гадоў”.

Адчыніцца філярмонія увэртурай Бэтховэна “Асьвячэньне дома”. Юры Гільдзюк лічыць, што нічога больш удалага й трапнага на ўрачыстае адкрыцьцё прыдумаць нельга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG