Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сьпяшаецца з прыняцьцем бюджэту на 2005 год з папулісцкіх меркаваньняў, лічаць адмыслоўцы


Уладзімер Глод, Менск 4 кастрычніка пачнецца восеньская і, мабыць, апошняя, калі не здарыцца нечага нечаканага, сэсія цяперашняй Палаты прадстаўнікоў. Мяркуецца, што дэпутаты пачнуць працу з разгляду законапраекту аб бюджэце краіны на 2005 год. Парлямэнтары таксама хочуць унесьці шэраг зьмяненьняў і дапаўненьняў і ў некаторыя іншыя законы, якія тычацца падаткаабкладаньня. Яшчэ ніколі Палата прадстаўнікоў так рана не займалася бюджэтам. Чым тлумачыцца такі нязвыклы сьпех?

На добры лад – цяпер самы час займацца бюджэтам. Іншая справа, што ўсіх у Беларусі ўжо прывучылі да таго, што галоўны фінансавы дакумэнт краіны прымаецца ў самыя апошнія дні года. Адсюль і пэўнае зьдзіўленьне. Праўда, тут Вы слушна пытаецеся, чаму менавіта сёлета зробленыя такія значныя зрухі? Намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі па бюджэту, фінансам і падаткавай палітыцы Сяргей Скрабец мае наступную думку на гэты конт:

(Скрабец: ) “Гэта чыста прапагандысцкая акцыя, зьвязаная з рэфэрэндумам. Адразу афіцыйная прапаганда будзе даводзіць, што гэты бюджэт – сацыяльна накіраваны, што ён дазволіць атрымаць новыя дасягненьні ў эканоміцы, палітыцы і г.д. Насамрэч, гэта такі ж антыканстытуцыйны бюджэт, як і раней быў. Нічога новага ў ім няма”.

А што гавораць пра гэта прафэсійныя эканамісты? Прапаную паслухаць кіраўніка аналітычнага фонду Мэзіса Яраслава Раманчука, які зьвяртае ўвагу на тое, што ўпершыню Аляксандр Лукашэнка так рана зацьвердзіў паказчыкі на наступны год:

(Раманчук: ) “Летась гэта было ў сьнежні. Справа ў тым, што ён ня вельмі ўпэўнены ў тым, што будзе рабіцца ў наступным годзе. Ён, мабыць, нават ня вельмі ўпэўнены ў той Палаце, што будзе сфармавана. Я такога нерэальнага праекту бюджэту яшчэ ня бачыў. Гэта вельмі сыры дакумэнт, які, я думаю, пройдзе першую трансфармацыю ўжо ў першыя два-тры месяцы 2005 году. Лукашэнка хіба ўжо страціў надзею зрабіць больш-менш канструктыўны бюджэт і проста штампуе гэтыя дакумэнты, ня гледзячы на лёгіку і нават на ўнутраную супярэчлівасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG