Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У віцебскага кіраўніка фонду імя Льва Сапегі канфіскавалі ўлёткі “Скажы на рэфэрэндуме “Не!”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Улёткі знаходзіліся ў багажніку аўтамабіля, на якім Хрыстафор Жаляпаў ехаў з Віцебску ў Лепель.

Недзе на сярэдзіне шляху, недалёка ад гарпасёлку Бешанковічы, машыну спыніў патруль ДАІ. Праверыўшы дакумэнты ў спадара Жаляпава, міліцыянты загадалі яму ехаць зь імі ў Бешанковіцкі РАУС з прычыны таго, што гэтая машына нібыта знаходзіцца ў вышуку.

Калі спадар Жаляпаў пачаў катэгарычна адмаўляцца ехаць у пастарунак, міліцыянты прад’явілі новае абвінавачаньне: нібыта гаспадар машыны толькі што трапіў у ДТП і зьбіў чалавека.

Пасьля таго, як не падзейнічаў і гэты аргумэнт, зь Бешанковічаў выклікалі начальніка РАУСу, і ён прапанаваў трэцюю вэрсію, паводле якой можна было б затрымаць спадара Жаляпава: нібыта стала вядома, што ў багажніку знаходзіцца выбуховае рэчыва.

Калі багажнік быў адчынены, там знайшлі толькі ўлёткі з заклікам сказаць “Не!” на рэфэрэндуме. Іхны гаспадар трываў на тым, каб іх пералічылі ды склалі пратакол, які спадар Жаляпаў мяркуе прыкласьці да свае заявы ў пракуратуру.

Давесьці міліцыянтам сваё грамадзянскае права на вольную перадвыбарчую агітацыю спадару Жаляпаву так і не ўдалося: на зваротным шляху ягоную машыну ізноў праверылі супрацоўнікі ДАІ, а позна ўвечары ў віцебскую кватэру наведаўся невядомы, які прадставіўся ўчастковым. Хрыстафор Жаляпаў адмовіўся адчыніць дзьверы ўласнага жытла без пракурорскае санкцыі на вобыск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG