Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду аштрафавалі на 380 тысяч


Браніслава Станкевіч, Віцебск Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Барыса Хамайду каля “Сіняга дому” на вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджваў БДГ, маючы на грудзёх невялікі плякат “Ня пойдзем на падманны рэфэрэндум ды псэўдавыбары”.

Адразу з пастарунку, дзе на спадара Хамайду склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне, яго даставілі ў Чыгуначны раённы суд. Але судзьдзя Алена Грабянчук адмовілася разглядаць справу паводле ягонага сёньняшняга затрыманьня. Затое нечакана вырашыла завяршыць судовы працэс, адкладзены 27-га верасьня з прычыны таго, што міліцыянты былі няправільна аформілі дакумэнты.

Сёньня дакумэнты аказаліся ўжо ў парадку, і спадарыня Грабянчук прасудзіла Барысу Хамайду штраф у 20 базавых велічыняў – гэта 380 тысяч беларускіх рублёў.

Разгляд наступнай справы судзьдзя прызначыла на панядзелак 4-га кастрычніка. Да гэтага часу з ізалятару часовага ўтрыманьня ўжо мусяць выйсьці Аляксандар Салаўян ды Ўладзімер Плешчанка – сябры КХП БНФ, асуджаныя гэтай самай судзьдзёй Грабянчук на 10 сутак за тое, што разам з Барысам Хамайдам арганізавалі ў Віцебску агітацыйную кампанію за байкот выбараў ды рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG