Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: “Мы павінны распрацоўваць нейкую новую лінію ў дачыненьні да Менску”


Ул. інф. Нямецкі Бундэстаг ўхваліў праект рэзалюцыі па Беларусі, прадстаўлены кіроўнай сацыял-дэмакратычнай фракцыяй. У дакумэнце ўтрымліваецца шэраг патрабаваньняў нямецкіх палітыкаў да свайго фэдэральнага ўраду што да падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі. У адрозьненьне ад іншага праекта рэзалюцыі па Беларусі, падрыхтаванага апазыцыйнай фракцыяй ХДС/ХСС, дакумэнт “чырвона-зялёных” ня ўтрымлівае нейкіх канкрэтных прапановаў і мэханізмаў у дасягненьні падобных мэтаў. Аднак менавіта гэты дакумэнт падтрымала большасьць нямецкіх дэпутатаў. Наша карэспандэнтка гутарыць з адным з аўтараў рэзалюцыі, сацыял-дэмакраткай Утай Цапф.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Цапф, тое, што ў вашым праекце, у адрозьненьне ад праекту хрысьціянскіх дэмакратаў, не ўтрымліваецца нейкіх новых крокаў у дачыненьні да Беларусі, напэўна, азначае, што ўсё застаецца так, як і было?..”

(Цапф: ) “Я думаю – кажу гэта вельмі шчыра – мы павінны распрацоўваць нейкую новую лінію ў дачыненьні да Менску. Аднак зараз, напярэдадні 17 кастрычніка, мы павінны сыгналізаваць беларускаму кіраўніцтву свае чаканьні, а менавіта тое, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсьці ў адпаведнасьці з асноўнымі прынцыпамі АБСЭ – свабодна, дэмакратычна, празрыста. Пры гэтым усе мы з заклапочанасьцю назіраем за тым, што апазыцыйныя кандыдаты маюць вельмі абмежаваныя шанцы на перамогу. Канешне, тое, што прапанавалі хрысьціянскія дэмакраты, спадарыня Клаўдыя Нольтэ – гэта новы крок. Але яго трэба рабіць ў сьвятле таго, як пройдуць гэтыя выбары. У прынятай рэзалюцыі ёсьць агульныя патрабаваньні да фэдэральнага ўраду што да беларускай сытуацыі. У гэтым дакумэнце няма нейкіх канкрэтных мэханізмаў ажыцьцяўленьня пастаўленых мэтаў. Аднак пасьля выбараў на чарговым паседжаньні Бундэстагу мы паспрабуем выпрацаваць агульную лінію з улікам прапановаў розных фракцыяў”.

(Карэспандэнтка: ) “Апошнім часам афіцыйныя беларускія СМІ шырока цытуюць выказваньні нямецкіх сацыял-дэмакратаў адносна абвешчанага Лукашэнкам рэфэрэндуму – маўляў, гэта цалкам нармальная зьява.”

(Цапф: ) “Першае: мне падаецца, што кожная краіна мае права праводзіць рэфэрэндум, калі гэта прадугледжана ў Канстытуцыі. Мы ведаем краіны, дзе ёсьць часавыя абмежаваньні прэзыдэнцтва, як у ЗША. Аднак у Нямеччыне такіх абмежаваньняў для бундэсканцлера няма. І калі размова ідзе пра юрыдычныя фармальнасьці, то з гэтага гледзішча ў мяне няма нейкай крытыкі. Іншая справа – палітычны аспэкт, які зьвязаны з прэзыдэнтцтвам спадара Лукашэнкі, ягонымі мэтадамі кіраваньня з падаўленьнем дэмакратыі, апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і г.д. Асабіста я лічу, што ягоны намер выставіць сваю кандыдатуру на трэці тэрмін прыймальны толькі ў тым выпадку, калі ён будзе гарантаваць насельніцтву, што сытуацыя ў Беларусі палепшыцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG