Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Бундэстагу праўдападобна падтрымаюць больш мяккую рэзалюцыю датычна Беларусі


Ул. інф. На пленуме нямецкага Бундэстагу некалькі хвілінаў таму распачаліся дэбаты па Беларусі. На абмеркаваньне дэпутатаў прапанаваныя два праекты рэзалюцыі па Беларусі. Адзін зь іх прадставіць сацыял-дэмакратка Ўта Цапф, а другі – ад апазыцыйнай фракцыі ХДС/ХС – Клаўдыя Нольтэ.

Як вынікае з абодвух дакумэнтаў, нямецкія дэпутаты выступаюць супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі і патрабуюць ад свайго фэдэральнага ўраду, каб парлямэнцкія выбары ў гэтае краіне прайшлі дэмакратычна і празрыста.

Апазыцыйная фракцыя Бундэстагу пры гэтым настойвае, што далейшая зьнешнепалітычная лінія нямецкага ўраду ў дачыненьні да афіцыйнага Менску павінна быць больш жорсткай, чым раней.

Да галасаваньня абодвух праектаў засталася прыкладна гадзіна, аднак як лічыць сакратар Клаудыі Нольтэ Вольфганг Зэндэр, хутчэй за ўсё дэпутаты падтрымаюць больш мяккі праект.

(Зэндэр: ) “Як мне падаецца, расстаноўка сілаў у Бундэстагу такая, што хутчэй за ўсё будзе падтрыманы больш мяккі праект – сацыял-дэмакратаў. Зыходзячы зь іхнага праекту, трэба надалей захоўваць былую палітычную лінію ў дачыненьні да Беларусі. А менавіта – патрабаваньне ад Менску свабодных і празрыстых выбараў, спыненьне перасьледу апазыцыі, абмежаваньне кантактаў з афіцыйным Менскам.

Што да фракцыі ХДС/ХСС, то мы лічым, што так далей не магчыма. Канечне, мы мусім мець агульную лінію з ЭЗ, але мы мусім выкарыстоўваць і нейкія новыя імпульсы. У нашым праекце закладзеныя некалькі канкрэтных пунктаў. Адзін зь іх – стварэньне замежнага радыёвяшчаньня, накіраванага на Беларусь, усебаковая падтрымка апазыцыі. Аднак выглядае, што большасьць дэпутатаў за тое, каб рабіць нейкія канкрэтныя крокі ўжо пасьля выбарпў, а таму яны хутчэй за ўсё падтрымаюць гэты больш мяккі праект”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG