Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ” зьмясьціла інтэрвію з Ота Лацысам


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Наша Ніва” на першай паласе ў калёнцы рэдактара аналізуе сытуацыю вакол закрыцьця “Рэгіянальнай газэты”. Ставяцца два рытарычных пытаньня наконт таго, чаму закрылі незалежную газэту – за тое, што выходзіла па-беларуску і без дыфірамбаў Лукашэнку, альбо таму, што прынятае канчатковае рашэньне па незалежнай прэсе.

Чытачам прапануюць матэрыял пра адкрыцьцё новай паэтычнай галерэі, якую адчыніў Ігар Бабкоў – “Галерэя Б.” Заснавальнік зазначыў, што галерэя – ня літаб’яднаньне, а адна з галерэяў Борхесаўскай бібліятэкі. Уваходны квіток за права наведваць галерэю просты – кожны наведвальнік мусіць прачытаць свой ці чужы верш і пакінуць яго.

У “Нашай Ніве” чытачы могуць прачытаць разважаньні пра нядаўні конкурс прыгажосьці. Аўтар прапануе ў наступным годзе абвясьціць пра новыя ўмовы для ўдзелу – век ня менш за 50, вага – 100 кг, рост ня менш за 150 см.

“Белорусская деловая газета” на першай паласе дае свой камэнтар да выступу Аляксандра Лукашэнкі па тэлебачаньні. Аўтары прыходзяць да высновы, што Беларусь павінна падрыхтавацца да больш жорсткіх санкцыяў як палітычнага, так і эканамічнага характару.

“БДГ” зьмясьціла інтэрвію зь вядомым расейскім публіцыстам Ота Лацысам. Ён аспрэчвае меркаваньне, што Ўладзімер Пуцін паўтарае беларускую мадэль Аляксандра Лукашэнкі. Ён лічыць, што Пуцін будуе сваю мадэль, скіраваную да абмежаваньня дэмакратыі дзеля асабістай дыктатуры.

Аматарам творчасьці вядомага расейскага актора Алега Басілашвілі прапануюць інтэрвію зь ім з нагоды ягонага 70-годзьдзя. Алег Басілашвілі разважае пра адносіны ўлады і апазыцыі.

Газэта “Нясьвіскі час” друкуе матэрыял пра мясцовыя праблемы. Жыхары вёскі Слаўскае амаль месяц жывуць без вады. Справа ў тым, што ваду падавалі ў дамы з артэзіянскай сьвідравіны. Зламалася помпа, і вады не стала. Цяпер тыя жыхары, якія жывуць у дамах з прыбіральняй на вуліцы, не зайздросьцяць тым, у каго яна ў кватэры. Старшыня райвыканкама запэўніў, што помпу адрамантуюць.

Газэта “Вольнае Глыбокае” параўноўвае тое, што адбылося днямі ў вёсцы Кухты, з наступствамі тарнада. Пастухі з фэрмы “Азярцы” напіліся й не сачылі за стадам. 270 кароў зрабілі набег на вёску. У выніку – ураджай буракоў зьнішчаны, сарваныя электраправады ў лазьні. Пасьля іх засталіся вытаптаныя агароды.

Пэнсіянэры паскардзіліся ў рэдакцыю. Узгадалі, як у 50-я гады аддалі ў калгас сваю тэхніку і працавалі ў ім, а цяпер ім абяцаюць, але ніколі не даюць трактара. Людзі вымушаныя плаціць фэрмэру.

“Рэха калінінградзкага землятрусу” – пад такім загалоўкам “Вольнае Глыбокае” паведамляе пра пашкоджаньні дамоў на вуліцы Юбілейнай. Адзін дом пабудавалі напрыканцы 1980-х гадоў латышы. У кватэрах пасьля землятрусу з’явіліся шчыліны, і людзі баяцца, што гэты дом цяпер разбурыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG