Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прыпынілі выхад “Рэгіянальнай газэты”, якая мела наклад 10,000 асобнікаў і выходзіла на беларускай мове


Севярын Квяткоўскі, Менск Праца “Рэгіянальнай газэты” прыпыненая ўладамі на тры месяцы. “Рэгіянальная газэта” — незалежнае выданьне, якое асьвятляе падзеі Маладэчанскага, Вялейскага, Мядзелскага, Валожынскага, Астравецкага й Смаргоньскага раёнаў. Летась падобным чынам сярод іншых прыпыняўся выхад “Белорусской деловой газеты” і газэты “Навінкі”.

“Рэгіянальная газэта” — самае буйное незалежнае выданьне Паўночна-Заходняй Беларусі: мае каля 10 тысяч асобнікаў накладу, выходзіць цалкам на беларускай мове і цалкам самаакупнае.

Галоўны рэдактар Аляксандар Манцэвіч сытуацыю камэнтуе наступным чынам:

(Манцэвіч: ) “Гэта палітычна матываванае рашэньне, прынятае напярэдадні рэфэрэндуму і выбараў. Нават фармальныя прычыны не вытрымліваюць ніякае крытыкі”.

Міністэрства інфармацыі знайшло дзьве прычыны дзеля прыпыненьня “Рэгіянальнай газэты”. Па-першае, выданьне зарэгістраванае як агульнадзяржаўнае, а распаўсюджваецца толькі ў Маладэчанскім рэгіёне.

А па-другое, укладыш з праграмай мае меншы фармат, чым асноўнае выданьне.

Аляксандар Манцэвіч тлумачыць, што газэта мае падпісчыкаў і па-за Маладэчанскім рэгіёнам, а зьмена фармату ўкладыша — распаўсюджаная зьява сярод шэрагу дзяржаўных газэт.

Аргумэнты галоўнага рэдактара газэты засталіся без увагі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG