Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Карымаву й Туркмэн-Башы яшчэ патрэбна вучыцца ў Лукашэнкі, як замбіраваць народ, арганізоўваць агульнае рабалепства, пакорнасьць і страх”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 27 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добры вечар, Свабода! У чацьвер паказвалі фрагмэнты выступленьня Лукашэнкі перад студэнтамі Берасьця. Гаварыў глава дзяржавы пустату. Тыя часы, што ён узгадвае, ён зусім ня ведае альбо спэцыяльна гэта робіць. У тыя часы, калі гэта было людзі карміліся нашмат лепш. Людзі куплялі ня грамамі, а кіляграмамі, і ў насельніцтва былі грошы. Былі перабоі зь мяснымі прадуктамі, але былі ў дастатку рыба і рыбныя кансэрвы і па даступным коштам, таксама хапала і малочных прадуктаў. А зараз: вітрыны заваленыя, а грошаў няма. Любая разумная рыба ня клюне на танную прынаду. Калі студэнты Берасьця лічаць сябе неразумнай рыбай, хай будзе так. Да пабачэньня”.

(Спадар: ) “Браткі беларусы! Чаму мы так перапалохаліся гэтага рэфэрэндуму? Калі сур’ёзна разабрацца, Лукашэнка сам вынес сабе прысуд. Давайце самі сабе ўсьвядомім. Калі б у нас кралі вопратку, рэчы, грошы – мы б іх баранілі ўсімі даступнымі нам сродкамі? Так. А чаго ж мы ня можам абараніць свае галасы, калі лукашэнкаўская вэртыкаль можа нахабна іх у нас скрасьці?

Таму ўсім, усім, усім, каму надакучыла такое жыцьцё, каму неабыякавы лёс сваіх дзяцей і ўнукаў, хто проста хоча належна жыць як увесь цывілізаваны сьвет, а не як Куба, Паўночная Карэя і большасьць афрыканскіх краінаў, зь якімі так любіць сябраваць гэты рэфэрэндшчык. Нарэшце, усім, хто ня хоча апынуцца ў адной дзяржаве з ваяўнічай Расеяй, гэтым жахлівым тэрарызмам, і куды так настойліва цягне нас прэзыдэнт, патрэбна на рэфэрэндуму рашуча выказацца супраць дазволу Лукашэнку ў далейшым балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Патрэбна ўсім, усім, хто так прагаласаваў, пад канец выбараў на 20 гадзіну ў другі раз прыйсьці на выбарчыя ўчасткі з пашпартамі, разьмясьціцца так, каб нас лягчэй колькасна было б пералічыць і зьверыць, як сябры камісіі падлічаць нашыя галасы. Вось цяпер і тут ужо непатрэбна будзе баяцца свайго выбару. Час наступіў”.

(Спадарыня:) “Не працуе сёньня нешта Свабода. Яе глушаць. У чым справа? Уся шкала не працуе”.

(Спадар: ) “Ні пра ніякія роўныя ўмовы ў час выбараў і рэфэрэндуму ня можа йсьці размова, пачнецца датэрміновае галасаваньне. І за гэтыя два тыдні Ярмошына, Лазавік і яшчэ вэртыкальшчыкі зробяць усё, як трэба для дыктатара – 75 адсоткаў.

Дажынкі праводзілі. Было заданьне 6,5 тонаў збожжа намалаціць. “Намалацілі ўжо 7!” – аб’явіў Лукашэнка. Вось так. А як ідзе рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты? Лепшых людзей – Зінаіду Бандарэнка, Казлоўскага – не дапусьцілі і блізка. Да пабачэньня”.

(Бедункевіч Генадзь: ) “Дзень добры, Свабода! Праз вас даведаўся, што генэрал Фралоў прайшоў у кандыдаты ў дэпутаты. І мы разам з Валерам Дзьмітрыевічам будзем змагацца за дэпутацкія мандаты. Я палкоўнік запасу Бедункевіч Генадзь, кандыдат на Берасьцейскай выбарчай акрузе №2, сацыял-дэмакрат. Перад запісам на тэлебачаньне мяне прасілі і ўгаварвалі старшыня выбарчай камісіі й супрацоўнікі тэлебачаньня, каб я нічога не гаварыў аб рэфэрэндуме і ў прамове нічога пра Лукашэнку. Маўляў, выбары самі па сабе, а рэфэрэндум асобна. Учора я выступіў па канале “Лад”. Касэту з запісам двойчы вазілі ў аблвыканкам на праслухваньне высокім асобам. Я сказаў, што 25 гадоў я служыў у кішлаках і аулах туркэстанскіх і сярэднеазіяцкіх ваенных акругаў, думаў, што мая радзіма ў цэнтры Эўропы – апірышча дэмакратыі, але ж аказалася, што вярнуўся я ў краіну застоя, услаўленьне заслуг Лукашэнкі, краіну страху і народнай апатыі ў грамадзтве. Карымаву й Туркмэн-Башы яшчэ патрэбна вучыцца ў Лукашэнкі, як замбіраваць народ, арганізоўваць агульнае рабалепства, пакорнасьць і страх. Я казаў, што новы парлямэнт на сваім першым паседжаньні павінен сказаць Лукашэнку адмовіцца ад выбараў, бо вынікі рэфэрэндуму падтасаваныя, яго правядзеньне не па Канстытуцыі. І сёньня ў рашаючы для радзімы час мы павінны зрабіць свой выбар і йсьці ў сьветлую будучыню з аб’яднанай Эўропай, а ня з бацькай-Сусаніным, які прывядзе беларускі народ у глыбокую беларускую дрыгву. Галасуем супраць рэфэрэндуму! За Беларусь у свабоднай Эўропе! Маю чэсьць. Кандыдат Генадзь Бедункевіч”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадары й гаспадыні Радыё Свабода! Я вырашыў нагадаць бальшавікам лідзкай акруговай камісіі, а таксама іншым акруговым камісіям і асабіста Лідзіі Ярмошынай: вы ў дадзены момант ажыцьцяўляеце злачынства перад незалежнымі кандыдатамі, а перш за ўсё перад народам Беларусі, калі адмаўляеце ім у рэгістрацыі. Прыклад: Сяргей Скрабец. Гэта нацыянальны герой роднай Беларусі, якога народ Ліды кахае, які адкрыта выступае супраць дыктатара. Пакуль ня позна папраўце сваю памылку. Усе здраднікі заносяцца альбо будуць занесеныя ў чорную кнігу і будуць сыстэмна публікавацца ва ўсіх газэтах, па радыё і тэлебачаньні. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Шматгадовая праца з моладзьдзю дае досьвед: у страху нічога не бывае разумнага ні пры навучаньні, ні пры выхаваньні. Пачынаць жыцьцё словамі “бойся”, “бойся”, “бойся”… А што далей? Разумныя бацькі выхоўваюць ня ў цені і страху, а ў дабрабыце і спакоі. А што нам прапаноўваюць? Падумаем разам. Мы хацелі б, каб нашыя дзеці, унукі баяліся?

На Беларусі людзі могуць жыць адной вялікай сям’ёй. У ёй можа быць так, як гэта бывае ў сям’і, дзе клапатлівыя бацькі, а ня тыя, што палохаюць “Безь мяне не пражывеш!” Так, без матэрыяльнай падтрымкі бацькоў многія маладыя сем’і цяпер ледзь выжываюць. Пра сваю кватэру многія нашыя маладыя цяпер нават ня мараць. Аглядваюцца на бацькоўскія хрушчобы, якія ня проста рамантаваць – іх перабудоўваць трэба. Задамо ж сабе пытаньне: для чаго прыйшлі на сьвет нашыя дзеці, унукі? Пры цяперашнім стане здароўя і экалёгіі многія зь іх не дажывуць нават да такой ганебнай пэнсіі”.

(Міхаіл Глека, Рыга, доктар тэхнічных навук: ) “Добры вечар! Я тэлефаную на Беларускую службу Радыё Свабода ў сувязі з тым, што ўжо ў пяты раз пачуў гісторыю пра тое, што асудзілі спадара Леванеўскага й спадара Гантусевіча за верш. Але ж чамусьці ў чарговы раз, нягледзячы на маё паведамленьне і зьвяртаньне з просьбай перадаць гэты верш, каб магчыма было ацаніць, справядліва альбо не асудзілі гэтых спадароў, Беларуская Свабода ў чарговы раз наступае на тыя самыя граблі: паведамляе паўпраўду, не паведамляе зыходную інфармацыю і робіць таксама, як рабілі ў савецкія часы, то бок – я не чытаў, я ня бачыў, але я ўсё ведаю. Так вы ставіцеся да радыёслухачоў! Вы што нас за быдла прымаеце, я не магу зразумець? Я зьвяртаюся да дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода да спадара Лукашука з просьбай з гэтым разабрацца. Чаму 5-10 разоў кормяць нас паўпраўдай, не паведамляючы зыходную інфармацыю?

Толькі што праслухаў тлумачэньні і адказ спадара Лукашука ў сувязі з маімі крытычнымі паведамленьнямі, якія я зрабіў на Свабоду ў сувязі з тым, што ёсьць перакос падобны таму, які існуе і ў дзяржаўных СМІ. Ну што ж, паступіў дырэктар вельмі правільна! Трэба прама казаць, што з улікам таго ды таго мы паступаем так ды так, то бок даем больш, скажам, часу, у 10-25 разоў, прадстаўнікам апазыцыі, то бок людзям, якія маюць іншы погляд, так бы мовіць, на цяперашнія падзеі. Гэта сумленна, няма пытаньняў! То бок, гульня павінная быць адкрытая. Я па сабе скажу. Я прафэсіянальны аналітык-экспэрт. Вы маеце шмат маіх артыкулаў, якія я даслаў з Рыгі. Я гуляю ў адкрытую, прычым выражаю погляды свае, і за гэта я, як кажуць, нічога ня маю, акрамя, у лепшым выпадку, непрыемнасьцяў, прычым вельмі сур’ёзных, бо грошы я зарабляю іншай прафэсійнай працай па гаспадарчых дамовах. Таму трэба растлумачыць людзям чаму – і ня будзе пытаньняў. Калі б вы раней так сказалі – натуральна, не было б маіх званкоў. Але, я думаю, што гэта вельмі карысны адказ і для іншых радыёслухачоў. Давайце так і будзем рабіць!”

(Спадар: ) “Добры дзень! Я мяркую, што ў палату прадстаўнікоў пройдзе 20 дэмакратычных кандыдатаў. А рэфэрэндум беларусы выйграюць, гэта значыць, што Лукашэнка яго прайграе. Усе абставіны супраць Лукашэнкі”.

(Міхалевіч Уладзімер: ) “Мае дзеці, менчукі, паехалі на Дзень гораду, паелі шашлыкоў, прыехалі і кажуць: “Тата, мы хочам есьці!” Ці гэта сьвята? Гэта дзеці! Усе дзеці галодныя прыяжджаюць! Я не магу іх накарміць. Я працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” 27 год – і не магу іх сёньня накарміць. Мне шкада дзяцей маіх. Што ж будзе далей?

Хачу дадаць. Канечне, я супраць рэфэрэндуму і супраць Лукашэнкі. Я думаю, што разумныя людзі павінны правільна зразумець: гэтая палітыка нам не патрэбная! Я супраць стаю і буду стаяць!”

(Аляксандар, Ліда: ) “Усім прывітаньне! “Ці здолее хто-небудзь з апазыцыянэраў прыйсьці ў дэпутаты Вярхоўнага савету?”, пытаецеся вы. Я лічу, што здолеюць, але гэта будуць адзінкі, дый тыя будуць там хутчэй за ўсё белымі варонамі ці гарматным мясам, прабачце за грубасьць выразу. І праблема тут увогуле ня ў слабасьці апазыцыі, а праблема ў нас, у беларускім народзе. Нейкі мудрэц сказаў, што кожны народ заслугоўвае свайго прэзыдэнта. Самі выбралі, вось цяпер і самі пажынаем плады. Каб штосьці памянялася, патрэбна, каб зьмянілася мысьленьне нашага народу, мэнталітэт, яго сьветаўспрыманьне. А яно пакуль савецкае, і адгэтуль усе яго хваробы. Нашаму народу патрэбна ў першую чаргу раскаяньне за камуністычную мінуўшчыну. Праваслаўнай царкве таксама патрэбна раскаяцца за тое, што трымае народ у цемры, і адвярнуцца ад ідалаў. І, наогул, усім нам патрэбна пачаць хоць крыху думаць па-іншаму, іншымі стандартамі. Але гэта ўсё глябальна.

Калі ў парлямэнце і будуць некалькі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, то ім патрэбна самым цесным чынам аб’яднацца, гэта па-першае. Па-другое, яны павінны быць веруючымі людзьмі, ня проста рэлігійнымі, але хрысьціянамі ў самым сапраўдным сэнсе гэтага слова. Вось менавіта з гэтага і пачнецца адраджэньне нашай краіны. А рыба, як кажуць, гніе з галавы. Вось у першую чаргу і патрэбна лячыць менавіта яе. Дзякуй за ўвагу”.

(Уладзімер, Менск: ) “Было б вельмі добра цяперашнюю перадвыбарчую кампанію сумясьціць з рэклямай беларускай газэты “Наша Ніва” ў рэгіёнах і ў Менску. Прапаную варыянт: “Легенда беларускага друку – старэйшая, будучая першая газэта краіны Наша Ніва, правапіс – тарашкевіца…”

(Спадар: ) “Даражэнькая, Свабода! За часы дыктатуры Беларусь пераўтворана ў мілітарысцкую краіну са сваім генэралісімусам Лукашэнкам. Грошы на падрыхтоўку немагчымай вайны ўлады не шкадуюць. На міжнароднай арэне ворагаў у Беларусі няма. З аднаго боку знаходзіцца закляты саюзьнік Расея, а з другога дэмакратычныя краіны Захаду, якія гатовыя супрацоўнічаць зь Беларусьсю, дапамагаюць, дзе магчыма. Нашы чарнобыльскія дзеткі папраўляюць сваё здароўе ў краінах NATO. Таму бразгаць зброяй на вайсковых гульнях недарэчна. Гэта марнатраўства грошай! Лічу, што войска трэба скараціць удвая. Гэта патрабаваньне часу. Нам патрэбен мір, а не ваяўнічасьць! Патрэбна супрацоўніцтва, а не варожасьць! Дзякуй”.

(Спадар: ) “Прывітаньне, Свабода! Хачу прапанаваць вам зрабіць апытаньне на беларускіх вуліцах на тэму: “Што такое дэмакратычная Беларусь у разуменьні беларуса?” Дзякуй”.

(Спадар: ) “Добры дзень на Свабодзе! На пытаньне тыдня, ці могуць быць апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты выбраныя ў парлямэнт, магу сказаць наступнае. Калі чалавек ідзе ад якой-небудзь партыі, то ў выбаршчыка зь ім асацыюецца ня тое, ці добры ён, ці дрэнны кандыдат, а асацыюецца лідэр партыі, ад якой ён балятуецца, ці то – Лябедзька, Шушкевіч альбо Вячорка. А якой папулярнасьцю, якой павагай у грамадзтве карыстаюцца лідэры гэтых партыяў, казаць ня будзем. Яны ўжо свае партыі ўзначальваюць 15 год. За гэтыя 15 год наведалі дзесяткі краінаў Эўропы, Амэрыку. Заходнія дэмакраты ўкінулі ў гэтых лідэраў не адзін дзесятак мільёнаў даляраў. І што яны зрабілі за гэтыя 15 год? А нічога! Куды грошы патрачаныя – таксама невядома. Мы ўсе памятаем, якая палітыка наконт гэтых грошай разьвярнулася ў апазыцыйнай жа прэсе. Таму, думаю, што для тых, хто выйдзе ад партыяў, трапіць у парлямэнт – невялікая верагоднасьць. Дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG