Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіславу Багданкевічу адмаўляюцца друкаваць улёткі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Агітатары за кандыдатаў у дэпутаты выйшлі на вуліцы. Зь пікету ў падтрымку былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча перадае наш.

Унівэрсам “Магілёўскі”, побач зь якім разьмясьціўся пікет ў падтрымку Станіслава Багданкевіча, знаходзіцца ў ста мэтрах ад выхаду са станцыі мэтро “Інстытут культуры”. Згодна з графікам цягнікоў мэтро натоўп ля стэндаў то большае, то зусім зьнікае.

Я падыходжу да пікету якраз, калі людзей паменела. Дзьве жанчыны ідуць уздоўж вуліцы, зусім не зьвяртаючы ўвагі на пікетоўцаў. Прычыны нецікавасьці да будучых выбараў тлумачаць так:

(Жанчына: ) “Згубілі веру ў тую рэальнасьць, якую можам чакаць. А што да рэфэрэндуму, то гэта ўвогуле аўт”.

Васіль Лявонаў, была міністар сельскай гаспадаркі , а цяпер актыўны апазыцыянэр, бярэ ўдзел у пікеце. Тут ён агітуе за Станіслава Багданкевіча. Васіль Лявонаў кажа, што насамрэч людзі збольшага цікавіцца выбарамі, але многія апасаюцца гэта дэманстраваць.

Пікетоўцам было б зручней агітаваць, калі б яны мелі магчымасьць раздаваць людзям агітацыйныя ўлёткі. Але надрукаваць іх пакуль не ўдаецца . І ёсьць падазрэньні, што гэта невыпадкова.

Людміла Тодарава распавядае.

(Тодарава: ) “Пачынае глядзець: “Ага, кандыдат... Багданкевіч... Апазыцыйны....” Ён разумее сытуацыю. Такое адчуваньне, што яны ўсе ўжо былі папярэджаныя: маўляў, калі да вас будуць зьвяртацца апазыцыйныя кандыдаты, то вы ня маеце права прымаць гэтую прадукцыю для вырабу. І яны па розных прычынах адмаўляюць. Вось так я абышла чатыры тыпаграфіі”.

Што больш істотна: праграма кандыдата ці ягоны палітычны імідж? Таксіст Сяргей, які спыніў сваю “Тайоту” побач з унівэрсамам, адразу пазнаў Багданкевіча на плякаце і без азнаямленьня з праграмай гатовы за яго галасаваць хоць заўтра.

(Сяргей: ) “Абіраць асобных людзей, такіх, як Багданкевіч, трэба. Парлямэнт у краіне, у якой кожны пяты, мае вышэйшую адукацыю, павінен быць адукаваным. А не калгасным.”

А вось мясцовы пэнсіянэр Аляксей Іванавіч, які , паводле ягоных словаў, прайшоў і Магадан і Аўганістан, яшчэ не вызначыўся. Для яго галоўнае, каб павялічылі пэнсію. “Лукашэнка”,– кажа Аляксей Іванавіч,– “пэнсію плоціць, але мала. А Багданкевіч, можа, зусім плаціць ня будзе ,”.

(Пэнсіянэр: ) “Ну за каго мне галасаваць? Не разумею. Скажыце мне, за каго.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG