Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэнісісты пачалі паўфіналы Кубку Дэвіса супраць каманды ЗША з паразаў, затое заўзятары падтрымлівалі іх зь бел-чырвона-белымі сьцягамі


Ігар Карней, Менск Зборная каманда ЗША ў вялікімі тэнісе ў першых двух матчах паўфіналу Кубка Дэвіса чакана перамагла супернікаў з Беларусі. Паразы пацярпелі, адпаведна, першыя ракеткі нацыянальнай беларускай каманды – Максім Мірны і Ўладзімер Валчкоў. Ці застаюцца ў беларусаў пасьля гэтага хоць гіпатэтычныя шанцы на перамогу над амэрыканцамі?

Учора позна ўвечары паводле менскага часу на корты ў амэрыканскім Чарльстане па чарзе выйшлі вызначаныя жараб’ёўкай пары: Родзік – Валчкоў і Фіш – Мірны. І калі Ўладзімер Валчкоў фактычна пазмагаўся з Эндзі Родзікам толькі ў другім сэце (у выніку ўсё адно прайграўшы з “сухім” лікам 3:0), то Максім Мірны мала ў чым саступаў Мардзі Фішу, а пасьля першых пяці гэймаў і ўвогуле здавалася, што праблемаў з амэрыканцам у Мірнага ня ўзьнікне. Аднак вялікая колькасьць неабавязковых памылак зьвяла на нуль усе намаганьні і толькі ў адным сэце першая ракетка беларусаў здолела адолець срэбнага прызёра афінскай Алімпіяды 3:1. Калі і сёньняшняя сустрэча завершыцца не на карысьць зборнай Беларусі, то выхаванцам Сяргея Цяцерына можна будзе пакаваць рэчы.

Тым ня менш, гульня выклікала вялізны інтарэс ня толькі з боку мясцовай публікі, але й прыхільнікаў беларускай зборнай. Апроч цяперашняй дзяржаўнай сымболікі, дастаўленай зь Менску, на трыбунах луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама раз-пораз чулася эмацыйнае “Жыве Беларусь!”: так заўзелі прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія стала жывуць ды працуюць у ЗША.

Зрэшты, яшчэ задоўга да сустрэчы паміж беларусамі і амэрыканцамі як адмыслоўцы, так і шараговыя заўзятары прызнавалі: шанцы ў дадзеным выпадку цалкам на баку гаспадароў кортаў. Нават з улікам сэнсацыйных перамогаў у хатніх сустрэчах беларусаў над расейцамі і аргентынцамі фактар свайго поля і, найперш, месца амэрыканцаў у рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў, давалі перавагу зборнай ЗША.

Да таго ж, на думку аглядальніка спартовай газэты “Прессбол” Сяргея Аляхновіча, надзвычай кароткая лаўка ў беларускай камандзе пакуль не дазваляе будаваць вялікія пляны на будучае. Намаганьнямі толькі двух спартоўцаў, Мірнага і Валчкова, такія спаборніцтвы выйграваць цяжка.

(Аляхновіч: ) “За імі проста велізарная бездань – няма фактычна нікога. Немагчыма ж лічыць Скрыпко ці зусім юнага Каратчэню тэнісістамі роўнай вартасьці Мірнаму ці Валчкову. І не было ў гісторыі ўсясьветнага тэнісу яшчэ прэцэдэнтаў, каб два тэнісісты даводзілі каманду да фіналу ці, тым больш, выйгравалі Кубак Дэвіса. Пакуль у нас ня зьявіцца хоць бы яшчэ адзін Ваўчкоў і адзін Мірны, аб Кубку Дэвіса можна толькі марыць. А так – маем, што маем. Хлопцы і так скокнулі вышэй за галаву, абгуляўшы адразу расейцаў, а потым “усухую” і аргентынцаў”.

Камэнтатар тэлеканалу ОНТ Мікалай Петрапаўлаўскі, які зь менскай студыі, але пад амэрыканскую “карцінку” апавядаў пра хаду сустрэчы, канстатуе: у дадзеным выпадку сапраўды трэба быць аб’ектыўнымі.

(Петрапаўлаўскі: ) “Канечне, амэрыканцы мацнейшыя. Праўда, усё бывае ў спорце, і ў тэнісе таксама... Хоць паўтаруся: аб’ектыўна калі глядзець, па выніках,– натуральна, што амэрыканцы больш моцныя. Але, зноў жа, спорт ёсьць спорт, і кожная наступная гульня пачынаецца, калі шанцы ў супернікаў роўныя”.

Сёньня ўвечары, а 22 гадзіне паводле менскага часу, адбудзецца адна, але фактычна вырашальная гульня: Майк і Боб Брайны згуляюць парную сустрэчу з дуэтам Мірны-Валчкоў. Выпусьціць на корты Аляксандра Скрыпко, як было заплянавана ад пачатку, капітан каманды Сяргей Цяцерын не рызыкнуў – на кон пастаўлена ўсё.

У заключных нядзельных гульнях на корты выйдуць Эндзі Родзік і Максім Мірны, а сьледам за імі – Мардзі Фіш і Ўладзімер Валчкоў. Для адной з камандаў шлях да Кубку Дэвіса завершыцца ўжо заўтра.

На фота: Уладзімір Валчкоў
XS
SM
MD
LG