Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскім апазыцыянэрам Уладзімеру Плешчанку ды Аляксандру Салаўяну прысудзілі па 10 сутак


Браніслава Станкевіч, Віцебск Двух сябраў КХП БНФ сёньня зноў затрымалі за агітацыю супраць выбараў ды рэфэрэндуму, і гэта было ўжо трэцяе затрыманьне цягам апошняга тыдня.

Аляксандар Салаўян ды Уладзімер Плешчанка сёньня чарговы раз выйшлі да “Сіняга дому “ з плякатамі “Пустыя выбарчыя ўчасткі – найлепшы сродак супраць фальсыфікацыяў” і “Не хадзіце на выбары ды рэфэрэндум – усё адно падмануць”. Праз гадзіну каля пікетоўцаў спынілася міліцэйская машына.

Байцы АМОНу, якія везьлі апазыцыянэраў у Чыгуначны РАУС, адкрыта прызнаваліся, што маюць адпаведны загад свайго кіраўніцтва – затрымліваць пікетоўцаў і зрываць іхныя акцыі.

Нагадаю, што агітацыйную кампанію супраць выбараў ды рэфэрэндуму віцебскія сябры КХП БНФ распачалі 17-га верасьня. З тае пары па панядзелках, серадах ды пятніцах яны выходзяць у цэнтар гораду з плякатамі і бел-чырвона-белым сьцягам. Але ўсе іхныя акцыі, апрача хіба самай першай, сканчваліся для апазыцыянэраў у пастарунку.

Пасьля першага затрыманьня, 20-га верасьня, апазыцыянэраў паабяцалі выклікаць у суд за парушэньне закону пра правядзеньне вулічных акцыяў ды адпусьцілі. Пасьля другога затрыманьня, 22-га верасьня, Уладзімера Плешчанку судзілі адразу ды аштрафавалі амаль на тры мільёны беларускіх рублёў.

Суд па сёньняшнім затрыманьні адбыўся таксама без адтэрміноўкі. Судзьдзя Чыгуначнага раённага суду прызнаў абодвух сябраў КХП БНФ вінаватымі ў арганізацыі несанкцыяванага пікету, прычым ужо не ўпершыню, і прысудзіў Уладзімеру Плешчанку ды Аляксандру Салаўяну па 10 сутак арышту.

Адбываць пакараньне ім давядзецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, куды іх завезьлі адразу з пастарунку. Уладзімеру Плешчанку нават не дазволілі ўзяць з дому неабходныя лекі, нягледзячы на тое, што ён інвалід, хворы на сэрца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG