Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: адным кандыдатам удаецца прамовіць да выбарцаў, выступы іншых рэжа тэлецэнзура


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні сёньня павінны паказаць выступ сябра Партыі БНФ прафэсара Алеся Астроўскага — кандыдата ў Гарадзенскай Паўночнай акрузе. Дагэтуль на тэлебачаньні з прадстаўнікоў кааліцыі “5+” выступіў толькі сябра БСДГ Валянцін Аскірка, выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту, які балятуецца ў Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе. Ён гаворыць, што яму ўдалося збольшага сказаць тое, што ён хацеў, у тым ліку і пра рэфэрэндум.

А вось выступу кіраўніка гарадзкой арганізацыі БНФ Міколы Ворана па тэлебачаньні не паказалі, без тлумачэньня прычынаў. Мікола Воран дагэтуль ня ведае: чаму яго не паказалі? Скантактавацца з кіраўніком абласнога тэлебачаньня спадаром Пярцовым яму не ўдалося. Дарэчы, безвыніковымі былі й мае спробы дазваніцца да кіраўніка тэлестудыі. Можна толькі меркаваць, што выступ Міколы Ворана не паставілі таму, што ён вельмі выразна акрэсьліў сваю пазыцыю адносна рэфэрэндуму і заклікаў выбарцаў галасаваць супраць.

Тым часам Валянцін Аскірка перш за ўсё гаварыў пра засільле ўлады чыноўнікаў, якіх народ не выбірае, і якія перад ім ні за што не адказваюць.

(Аскірка: ) “Плюс — рэфэрэндум і адказ на пытаньне рэфэрэндуму: “не”, таму што і надалей будзе працягвацца эксплюатацыя нас чыноўнікамі. Акцэнт быў абраны такі менавіта таму, што з чыноўнікамі сутыкаецца большасьць людзей, і яны ёсьць увасабленьнем сёньняшняй улады ў Беларусі”.

Гэткім чынам Валянцін Аскірка і ягоная каманда вырашылі падстрахавацца.

(Аскірка: ) “Я меў інфармацыю за суткі да свайго запісу, што ў Гомелі ў нашага сябра па партыі была выразаная частка, якая тычылася рэфэрэндуму. Таму намі было прынятае рашэньне лепей проста агучыць само пытаньне, чым зрабіць гэта акрэсьлена рэзка, каб яго мелі падставы папросту выразаць”.

Разьлік быў на тое, што сказаць пра рэфэрэндум трэба ў любым разе, паколькі гэта сёньня важней, чым самі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

(Аскірка: ) “Мы вырашылі такім шляхам пайсьці: хаця бы давесьці да ведама людзей, што гэтая праблема існуе і — нашае яе бачаньне. Сапраўды, можа аказалася ня так рэзка, хаця тэлегледачы заўважылі, што, тым ня менш, сказана было дастаткова акрэсьлена”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG