Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артыкул Часлава Мілаша ў “Нашай Ніве” і беларуская эміграцыя


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнічаюць Барыс Кіт (Нямеччына), Павел Матовіч (ЗША), Валянціна Пархоменка (ЗША), Дзяніс Бондзін (ЗША), Ліля Сазанавец (Ангельшчына).

Адметнай рысай наша часу стаў масавы зыход людзей з родных мясьцінаў. Мільёны людзей у сьвеце пакідаюць Бацькаўшчыну не па ўласнай волі пад час ваенных канфліктаў, іншыя едуць на чужыну ў пошуках лепшага жыцьця.

Што перажывае чалавек у выгнаньні, як уплывае эміграцыя на ягоны жыцьцёвы досьвед, як інтэгруецца ў новае грамадзтва, што лягчэй – заставацца ці выяжджаць? На гэтыя і іншыя пытаньні адказваюць удзельнікі сёньняшняй перадачы.

Тэма перадачы падказаная нядаўнім адыходам у вечнасьць Часлава Мілаша, паэта, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі. Ягоны лёс быў зьвязаны зь мясьцінамі, якія дарагія і беларусам. Ён лічыў сябе “грамадзянінам і духоўным нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага”. Зьведаў лёс эмігранта.

У ліпені 2001 году газэта “Наша Ніва” апублікавала ягоныя развагі пад назвай “Пра выгнаньне”. Гэта роздум пра тыя цяжкасьці, якія чакаюць чалавека на чужыне, пра той душэўны пералом, які адбываецца, калі чалавек страчвае звыклую глебу пад нагамі. На думку Часлава Мілаша, ўсе мы ў пэўным сэнсе выгнаньнікі – выгнаньнікі з раю.

Да ўдзелу ў сёньняшняй перадачы я запрасіла беларускіх эмігрантаў розных пакаленьняў. Наша размова пра тое, як іхныя лёсы пераклікаюцца з думкамі Часлава Мілаша.

(Чэслаў Мілаш: ) “З усіх бедаў выгнаньня страх перад невядомым – бадай, самы пакутны. Выгнаньне пазбаўляе нас сыстэмы каардынатаў, якая дапамагае будаваць пляны, ставіць мэты…Тут за мяжою мы выкінутыя з гісторыі, бо ў кожнага яна свая…”

Вядомы амэрыканскі навуковец у галіне астранаўтыкі беларус Барыс Кіт пакінуў Бацькаўшчыну напрыканцы другой усясьветнай вайны разамі зь іншымі, хто не хацеў трапіць пад камуністычную ўладу. Ён напоўніцу зьведаў гэтае пачуцьцё страху.

(Кіт: ) “Вельмі перажыў, напэўна, як і ўсе іншыя. Мы проста ўцякалі ад савецкага фронту. Я ўцякаў канём, на возе. Самы найвялікшы страх быў, каб не загінуць па дарозе. Кожны дзень страх, але найгоршы страх быў той, што савецкія агенты лавілі ўсіх, і мы хаваліся па нямецкіх вёсках. І мы ўсе былі такія прыгнечаныя гэтым усім. Такая няпэўнасьць, кожны дзень нешта новае прыносіў і не ведаеш, што будзе заўтра”.

Дарэчы, асабісты лёс Барыса Кіта ў нейкім сэнсе пераплёўся зь лёсам Часлава Мілаша. Ён працаваў настаўнікам у гімназіі імя караля Сігізмунда Аўгуста, якую раней скончыў Мілаш. Яны абодва вучыліся ў Віленскім унівэрсытэце.

Тая паваенная хваля эміграцыі перажывала страх за жыцьцё. Новых эмігрантаў больш палохае невядомасьць – што іх чакае на чужыне, ці будзе дзе жыць, ці будзе што есьці?

Павел Матовіч жыве ў Амэрыцы ў штаце Масачусэтс. Ён на чужыне толькі два гады, і ягоныя ўспаміны пра першыя часы на эміграцыі яшчэ зусім сьвежыя.

(Матовіч: ) “Найбольш цяжка было ў першы год. Быў страх перад невядомым. Вельмі цяжка, патрэбна было шмат працаваць, бо не было грошай, трэба было плаціць за кватэру. Дапамаглі сябры і праца”.

Сям’ю вядомых беларускіх сьпевакоў Валянціны Пархоменка і Алеся Казака прымусілі эміграваць чарнобыльскія праблемы. Валянціна прыпамінае.

(Пархоменка: ) “Было страшна, але не было настолькі страшна ў параўнаньні зь іншымі нашымі праблемамі. Перажыць давялося вельмі шмат, былі вельмі цяжкія хвіліны. Праблемнае было тое, што не былі да гэтага падрыхтаваныя. Ты застаўся на чужой зямлі, ты ня ведаеш добра мову, гэта вельмі вялікі бар''ер. Ты ня ведаеш, што будзе далей, ня ведаеш сваю будучыню, ці ты прыжывесься ў гэтым сьвеце, ці дастанеш нейкую працу. Гэта нялёгка”.

Аднак, сярод маладых эмігрантаў нямала і тых, хто гаворыць, што яны больш баяліся за сваю будучыню на Радзіме, чым на эміграцыі.

Дзянісу Бондзіну было 20 гадоў, калі ён чатыры гады таму адзін апынуўся ў Амэрыцы..

(Бондзін: ) “Я б не сказаў, што гэта было вельмі цяжка. лічу, што тут ў ЗША нашмат лягчэй, чым у Беларусі. Тут я магу працаваць сам на сябе, працу можна знайсьці, гэта не так складана. Я для сябе вырашыў. Я сюды прыехаў і тут застаюся пакуль што. Канечне ж, ёсьць цяжкасьці, але ж з імі можна справіцца. Беларусы тут трымаюцца адзін за аднаго”.

Сям’я Лілі й Зьмітра Сазанаўцоў, якая цяпер жыве ў ангельскім горадзе Брэдфардзе, выяжджала на чужыну ў поўным складзе.

(Сазанавец Ліля: ) “У эміграцыю едзеш – гэта едзеш, як ў нейкую дзірку. Мы ехалі зь дзецьмі, аднаму 12, а другому каля 15 гадоў. Безумоўна, мы ехалі ў нікуды, мы ня ведалі, дзе мы будзем жыць. Я, напрыклад, трохі магла чытаць па-ангельску ў Беларусі, але жывая ангельская мова – гэта зусім іншая справа. Жывеш, як у бочцы, вакол цябе людзі нешта гавораць. Гэта вельмі страшна. Хто ня можа з гэтым справіцца, то ўпадае ў дэпрэсію, некаторыя людзі адчувалі сябе вельмі дрэнна.

Калі мы прыехалі, у нас было толькі 200 даляраў, у Лёндане гэта на адзін дзень. Дзякуй, што беларусы там нас прытулілі. Калі б не яны, то мы, пэўна, там памерлі б у гэтым Лёндане”.

Вернемся да развагаў Часлава Мілаша.

(Чэслаў Мілаш: ) “Той, хто шукае шчасьця ў іншых краях, павінен быць гатовым да расчараваньняў, а мо нават да сумнеўнага задавальненьня трапіць з гаручага ў балючае”.

Сапраўды, нярэдка эмігранта, які шукае паратунку ці лепшага жыцьця на чужыне, там спатыкаюць яшчэ горшыя пакуты. І тады прыходзіць расчараваньне. Ізноў маё пытаньне да Барыса Кіта, які сказаў, што ўсе беларусы былі вельмі шчасьлівыя, калі ўрэшце трапілі ў Амэрыку. А якія расчараваньні давялося перажыць?

(Кіт: ) “Расчараваньня не было, апрача аднаго, што шмат якія інтэлігентныя людзі, пісьменьнікі, навукоўцы адразу не маглі прыладзіцца і павінны былі рабіць чорную працу, каб зарабіць на кавалак хлеба. Масей Сяднёў, напрыклад, езьдзіў на фабрыку і там круціў дрот. А я таксама напачатку ня мог нічога знайсьці, дык я пайшоў на фабрыку тэлевізараў. Там мяне паставілі туды, дзе скрынкі робяць. А ў Беларусі я быў настаўнікам, настаўнікам Віленскай і Наваградзкай гімназіяў, быў дырэктарам Віленскай гімназіі. І скрынкі рабіў. Стаіш, чалавек аблівае фарбаю скрынку, а я стаю і анучаю выціраю гэтую фарбу. Мяне выцягнула матэматыка. Я – матэматык, а матэматыка тады страшна была патрэбная ў Амэрыцы, у гэтай самай астранаўтыцы”.

Ліля Сазанавец таксама перажыла нешта падобнае на расчараваньне?

(Сазанавец: ) “Безумоўна. Ідэальнага грамадзтва, увогуле, няма. Захапленьня няма, і яго, я думаю, ня можа быць у чалавека, які тут чужынец. Зьдзіўленьне, напэўна, расчараваньнем я гэта назваць не магу, гэта тое, што я ехала ў Эўропу, а трапіла ў Азію. Магчыма, што гэта я памылялася. Я вырасла на творах Агаты Крысьці і не такой уяўляла Ангельшчыну. А тут вельмі, вельмі шмат людзей з Азіі, якія не ўліваюцца ў гэтае грамадзтва, яны жывуць сваім жыцьцём. З майго ўласнага досьведу: я шукала працу і мяне не ўзялі ў школу таму, што я ня ведаю мову. Я магу гаварыць па-ангельску, але я не магу гаварыць на пэнджабі. Гэта звычайная школа, дзяржаўная”.

(Сурмач: ) “Павал Матовіч з Амэрыкі кажа, што перажываў расчараваньні першыя некалькі месяцаў і нават хацеў вярнуцца дадому. Павал, а былі выпадкі, што нехта з Вашых знаёмых вяртаўся?”

(Матовіч: ) “Былі выпадкі. Часам людзі не спраўляюцца, можа нешта ня добра ідзе ў іх, мала зарабляюць, не бачаць выйсьця, не бачаць тут сябе ў будучыні і вяртаюцца дадому, больш слабейшыя. Трэба, каб была падтрымка сяброў, тады можна вытрымаць. Аднаму вельмі цяжка”.

Паслухаем ізноў развагі Часлава Мілаша.

(Чэслаў Мілаш: ) “Выгнаньне – гэта досьвед унутранай свабоды, а свабода пужае… Вынік барацьбы з нашай унутранай слабасьцю цалкам зьмяшчаецца ў ёмістую формулу: выгнаньне зьнішчае, але, калі ты не даў сябе вынішчыць, будзеш дзякуючы яму шматкроць мацнейшым”.

Валянціна Пархоменка прызнае, што жыцьцё на эміграцыі сапраўды загартавала іхныя характары.

(Пархоменка: ) “Так, гэта сталася з намі, гэта загартавала нас, гэта навучыла нас вельмі многаму ў жыцьці. Ты змагаўся за жыцьцё, за выжываньне, за сваё мейсца ў гэтым сьвеце, за тое, каб ты не згубіўся, зусім не растварыўся, каб адбыўся, як чалавек, як асоба, творчая асоба. Гэта дало нам вельмі вялікі ўрок на ўсё астатняе жыцьцё, як жыць у гэтым сьвеце, як пачувацца, што ты нечага варты. Я думаю, дапамагло, што мы былі разам усёй сям''ёю. Па-другое, былі людзі, якія заўсёды гатовыя былі працягнуць руку дапамогі. Думаю, што яшчэ дапамагла нам песьня, з ёю мы не разлучаліся, наша музыка, мы забралі яе з сабою”.

Павел Матовіч таксама сьцьвярджае, што выгнаньне зрабіла яго духоўна мацнейшым і свабодным.

(Матовіч: ) “Так, мацнейшым, незалежным, фінансава незалежным”.

(Сурмач: ) “Пытаньне да Лілі Сазанавец. Ці Вы задаволеная тым, што здолелі самі вырашыць свой лёс і гэтым як бы сьцьвердзіць сваё права на свабодны выбар, на свабоду ўвогуле?”

(Сазанавец: ) “Я не магу сказаць, што я задаволеная. Я страціла ўсё. Я ведаю, што я ніколі больш не пабачу сваіх бацькоў, яны ўжо старыя і хворыя, ня змогуць сюды прыехаць і я не магу паехаць туды. Але ў Беларусі я не адчувала сябе такой свабоднай. Там усё неяк вельмі цяжка робіцца, тут гэта прасьцей. Тут чалавек сам сябе можа рэалізаваць, можа адчуць, што ён чалавек, калі ён нешта хоча рабіць, ён можа гэта рабіць, у Беларусі гэтага няма”.

Таму і пакідае сёньня шмат хто Бацькаўшчыну, каб знайсьці сябе на чужыне, будаваць жыцьцё без прымусу, у свабодным грамадзтве.

“Наша Ніва” нядаўна апублікавала разьвітальны ліст маладога чалавека, які зрабіў свой выбар на карысьць эміграцыі: “Я вырашыў зрабіць той крок, які да мяне зрабілі тысячы людзей – пакінуць краіну да лепшых часоў… Я зьяжджаю… каб вярнуцца”.

Вось як адгукнулася на гэтыя думкі Ліля Сазанавец

(Сазанавец: ) “Я думаю, што бальшыня з нас зьехала, каб вярнуцца. Ці так адбудзецца, я не ўпэўненая, што гэта станецца пры маім жыцьці, але я спадзяюся, што мае дзеці ці ўнукі вернуцца. Я разумею, што мы павінны будаваць Беларусь, але мы яшчэ і людзі і мусім думаць пра сваіх дзяцей. І калі нашым дзецям будзе добра, то, можа, калі-небудзь і Беларусі будзе добра. Тут большая магчымасьць атрымаць добрую адукацыю і потым, калі давядзецца вярнуцца, то вярнуцца добрымі спэцыялістамі”.

Сёньняшнюю перадачу хочацца скончыць радкамі школьніка зь Беларусі Алеся Хмыза:

“Не ад’яжджай, брат, зь Беларусі, Не пакідай свой родны край, Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, Дзе лёс сустрэў – не пакідай!

Табе тут клопатаў хапае, А там, ты думаеш, лягчэй? Ты не ўжывесься з чужакамі І будзе ліцца сум з вачэй.

Не раз, не два ўздыхнеш самотны Па беларускай старане. І будзеш бачыць кут свой родны У кожным сьне, у кожным сьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG