Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае права міліцыя спыняць на вуліцы людзей, абшукваць і прыцягваць да адказнасьці за знойдзеныя ўлёткі ці фарбу?


Альгерд Невяроўскі, Менск Ці мае права міліцыя спыняць на вуліцы людзей, абшукваць іх і прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці за знойдзеныя ў багажы ўлёткі ці фарбу? Як у такім выпадку паводзіць сябе затрыманым? На гэтыя пытаньні ў інтэрвію нашаму карэспандэнту адказвае вядомая менская адвакатка Вера Страмкоўская.

(Страмкоўская: ) “Міліцыя можа спыніць грамадзяніна на вуліцы й папрасіць ягоны пашпарт. Калі ёсьць падазрэньні, што чалавек робіць нешта, што супярэчыць закону. Але гэта ўсё павінна рабіцца на падставе тых заканадаўчых актаў, якія рэгулююць гэтую дзейнасьць. Той міліцыянт, што іх затрымліваў, ён, можа, і не разабраўся да канца. Але той, хто будзе ў судзе разьбірацца, яны будуць ужо слухаць сьведкаў, будуць прымаць рашэньні на падставе закону”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Страмкоўская, скажыце, а як на вашую думку, у гэтым выпадку ёсьць склад правапарушэньня?”

(Страмкоўская: ) “Так, як вы мне ўсё гэта растлумачылі, я лічу, што тут няма парушэньня. Таму што грамадзянін можа несьці па вуліцы бюлетэні, ён можа рухацца свабодна. У гэтым няма ніякай дзейнасьці. Дзейнасьць ёсьць толькі тады, калі нешта робіцца на карысьць той арганізацыі. Тое, што чалавек нёс бюлетэні, у гэтым няма ніякага парушэньня закону”.

(Карэспандэнт: ) “Такі выпадак у Беларусі ўжо ня першы. Можна прыгадаць, што ня раз затрымліваліся аўтамабілі з накладамі незалежных газэтаў, затрымліваліся агітацыйныя матэрыялы. Скажыце, што ў такім выпадку мусіць рабіць чалавек, як ён сябе павінен паводзіць?”

(Страмкоўская: ) “Ён мусіць падпарадкоўвацца патрабаваньням міліцыянтаў. А ўжо пасьля можа абскардзіць гэтыя дзеяньні, калі яны супярэчаць закону, альбо парушаюць правы ці інтарэсы. Хутчэй за ўсё, трэба скардзіцца пракурору, альбо начальніку міліцыі, ці ў арганізацыі, які назіраюць у нашай дзяржаве за выкананьнем закону”.

(Карэспандэнт: ) “З вашай адвакацкай практыкі: як часта такія справы людзі выйграюць?”

(Страмкоўская: ) “На жаль ня часта, але выйграюць. І каб рабіць гэтую практыку на карысьць правоў чалавека, трэба, каб ад пачатку ўсё рабілася ў адпаведнасьці з законам. Не парушаць закон самому, а калі вось нешта адбываецца, то абараняць свае правы на падставе закону й толькі закону”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG