Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нават калі б Лукашэнка адмовіўся ад улады, на яго месца выбралі бы дакладна такога ж прэзыдэнта”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Уся наша пошта апошняга тыдня — на тэму блізкіх выбараў і рэфэрэндуму, у выніку якіх лёс Беларусі можа быць вызначаны на некалькі наступных дзесяцігодзьдзяў. Пачну зь ліста ад Уладзімера Белага зь Вялейкі.

“Гледзячы на ўсё, што адбываецца наўкол, баліць душа. Асабліва ведаючы, што гэтаму ня будзе канца. І працягнецца гэта так доўга, што да фіналу я не дажыву. Лябедзька, Фядута, Вячорка, можа, і дажывуць, але моцна пастарэюць. Самае страшнае ня тое, што пры ўладзе застанецца той самы валадар. Страшней, што створана сыстэма, пры якой нават калі бы цяперашні прэзыдэнт адмовіўся ад улады, на гэта месца быў бы абраны дакладна гэткі ж”.

У сваім вялікім лісьце Ўладзімер Белы падрабязна аналізуе найбольш адметныя рысы сыстэмы ўлады, што існуе сёньня ў Беларусі.

“У выбарчыя камісіі прызначаюцца, як правіла, тыя, каму ёсьць што губляць, калі зьменіцца ўлада. Іх нават ня трэба прымушаць займацца фальшаваньнямі: яны самі ўсё зробяць, як хочуць гаспадары. Адзінай пагрозай для чыноўніка ёсьць тое, што кожны зь іх падвешаны на кручку: на кожнага ёсьць дасье (колькі каштуе катэдж-замак, колькі шыкоўных аўто ён мае і гэтак далей). Крок улева ці ўправа ад зададзенай лініі — і ты затрапечасься на гэтым кручку. Каб гэтага не адбылося, чыноўнік павінен быць цалкам паслухмяны і трымаць у кулаку, у страху і ў поўным падпарадкаваньні сваіх падначаленых. Дзеля гэтага на прадпрыемствах была ўведзена кантрактная сыстэма. Паспрабуй паабурацца ўладай — імгненна страціш працу.

Студэнты таксама вымушаныя выконваць усё, што ім скажуць, інакш згубяць месца ў ВНУ. А на вёсцы ўсё яшчэ прасьцей: па хатах задоўга да выбараў езьдзіць начальства, і людзі без усялякай таямніцы ставяць у бюлетэнях крыжыкі, дзе ім пакажуць. А заўпарцісься — ня будзе сена для каровы. І каня не дадуць.

Зьмена сыстэмы магла б адбыцца, калі бы не падтрымка Расеі. Хоць з усяго відаць, як непрыязна Лукашэнка й Пуцін ставяцца адзін да аднаго — але церпяць. І, думаю, Пуцін яшчэ ня раз пашкадуе аб сваім доўгім цярпеньні”.

Заканчвае свой ліст на Свабоду Ўладзімер Белы зь Вялейкі наступнай заўвагай:

“Уявіце, што ў ЗША прэзыдэнт, адслужыўшы два тэрміны, адведзеныя яму Канстытуцыяй, абвяшчае рэфэрэндум аб падаўжэньні паўнамоцтваў — матывавуючы гэта тым, што пры ім людзі сталі жыць лепш. Як вы думаеце, як успрыняло бы такую заяву амэрыканскае грамадзтва? Думаю, неадкладна сабраўся бы Кангрэс і вынес бы рашэньне: прызначыць мэдычную камісію і гэтак далей. Тройчы меў рацыю Васіль Быкаў, калі казаў, што Лукашэнка будзе пры ўладзе столькі, колькі захоча. А хацець ён будзе заўсёды”.

На жаль, спадар Белы, на пачатку 1990-х гадоў Беларусь не пасьпела пабудаваць дэмакратычную дзяржаву, не стварыла дзеля гэтага ўсе належныя інстытуты. Аляксандар Лукашэнка не вынаходзіў чагосьці новага, ён папросту вярнуўся да тае сыстэмы ўлады, якая існавала цягам папярэдніх дзесяцігодзьдзяў: з дэкаратыўнай прадстаўнічай уладай, з падобнымі на фарс выбарамі, з цалкам залежнымі ад улады мэдыямі. І зь людзьмі, апанаванымі страхам страціць тое нямногае, што ў іх ёсьць. Усё гэта вельмі хутка прыжылося ў грамадзтве, бо для большасьці людзей савецкія рэаліі — ня надта далёкая гісторыя. Зь імі звыкліся, а некаторыя нават пачувалі сябе даволі камфортна ў тых умовах.

Натуральна, уявіць нешта падобнае ў заходніх краінах немагчыма. Там створаны дзейсныя мэханізмы, якія засьцерагаюць ад манапалізацыі ўлады. Але галоўнае, самі заходнія грамадзтвы нецярпімыя да любых праяваў аўтарытарызму.

Урывак зь ліста ўдзельніка вайны, былога настаўніка Віктара Скарахода зь Менску. Слухач піша:

“З вышыні свайго некароткага жыцьцёвага шляху бачу: вынікі выбараў прадвызначаныя. Калі ў выбарчых камісіях няма прыхільнікаў апазыцыі й грамадзкіх арганізацыяў — ніводзін вылучэнец ад партыяў і апазыцыйных структураў у дэпутаты ня трапіць. Туды пройдуць толькі тыя, каго прызначыць улада. А сваё пажыцьцёвае прэзыдэнцтва Лукашэнка прадвызначыў яшчэ каля двух год таму наступным публічным выказваньнем: “Я сваёй Канстытуцыі нікому не аддам!” Толькі той заяве чамусьці й палітыкі, і палітолягі не надалі ўвагі. А стрымаць сваё слова ў яго і сродкаў, і маральнасьці хопіць. Выканаў жа ён сваё абяцаньне — не павёў свой народ за цывілізаваным сьветам. Не павёў у мінулыя 10 год — не павядзе і ў наступныя дзесяць.

А грамадзтва тым часам скаванае страхам. Людзі стараюцца маўчаць, бо, сапраўды, усё можа быць. Эскадроны сьмерці ўварвуцца ў офіс, залезуць у кватэру, перахопяць па дарозе з работы, пярэймуць каля дзьвярэй кватэры і саб’юць, пакалечаць, зьнішчаць. А бандзюг ня знойдуць. Лёс пацярпелых для ўлады — нішто. Выкрадальнікаў Дзімы Завадзкага знайшлі й асудзілі за выкраданьне, а вось куды яны падзелі цела, як расправіліся — уладзе нецікава”.

Сапраўды, спадар Скараход, яшчэ два гады таму намеры Аляксандра Лукашэнкі адносна падаўжэньня ягонага прэзыдэнцтва былі відавочныя, і ён іх не асабліва хаваў. І палітыкі, і палітолягі пра гэта ведалі: нядаўняя заява пра канстытуцыйны рэфэрэндум ня стала для іх нечаканасьцю. Але што яны маглі супрацьпаставіць, каб не дапусьціць такога рэфэрэндуму?

Ліст ад Людмілы Ліцьвінавай зь Менску. Слухачка піша:

“Вядома, што ўся дэмакратычна настроеная частка грамадзтва Беларусі супраць неабмежаванага прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Згодна з апошнімі сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, такіх людзей у краіне прыблізна 50%. А тых, хто падтрымлівае сёньняшняга кіраўніка — прыкладна 25%. Магчыма, станоўчы рэйтынг Лукашэнкі ўлада здолее падвысіць за кошт так званага “балота”, але не за кошт адмоўнага рэйтынгу. Некаторыя заклікаюць да байкоту. Але мне падаецца, што ён быў бы толькі на карысьць цяперашняй уладзе, бо ў выніку скажа сваё “не” не 50, а, можа, толькі 30% ад тых, хто прыйдзе галасаваць.

Канечне, калі бы можна было наладзіць абсалютны байкот — гэта было бы вельмі дзейсна. Але на сёньня, калі няма доступу да мэдыяў, на гэта спадзяваньні слабыя. А частковы байкот — толькі дапамога сёньняшняму кіраўніку вырашыць уласнае пытаньне з дапамогай дэмакратаў. Таму, лічу, і на выбары, і на рэфэрэндум трэба ісьці, каб сказаць сваё “не”.

Прыблізна гэтак жа, спадарыня Ліцьвінава, разважаюць многія. Але вось, да прыкладу, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ заклікае да байкоту. Прыхільнікі Зянона Пазьняка лічаць байкот адкрытым супраціўленьнем, якое ўсім відаць і дакладна фіксуецца. Улада, як яны мяркуюць, ня зможа непрыкметна сфльшаваць байкот, і такім чынам машына фальшаваньня зламаецца, а Аляксандар Лукашэнка прайграе рэфэрэндум.

Нібыта лягічная схема, але застаецца галоўнае пытаньне: колькі людзей прыслухаецца да закліку КХП БНФ і ня прыйдзе на выбарчыя ўчасткі. Ёсьць шмат падставаў, каб сьцьвярджаць, што гэтая лічба будзе ня надта значнай.

Ліст ад менскага пэнсіянэра, які назваўся Лявонам Менскім. Слухач піша:

“Лукашэнку да ўсяго ёсьць справа. Асаблівы клопат — пра нас, пэнсіянэраў. Усё ён нам дае ды дабаўляе. Вось толькі ня кожны з нас пасьпявае яму за тое аддзячыць на гэтым сьвеце. Што зробіш: жывем цяжка, але нядоўга, як і пастанавіла ўлада... Колькі такая сытуацыя будзе працягвацца, ня ведаю. З камуністычнага раю мы з боскай дапамогай, як вядома, неяк выбраліся. А вось з абдымкаў Лукашэнкі, аказалася, ня так проста выкараскацца. Як кажуць, замінае нам наш беларускі мэнталітэт. Успамінаю даваенныя часы й гляджу, што цяпер. Мала нас пакуль такіх, хто па камандзе заўтра можа стаць у строй на абарону Бацькаўшчыны. Спадзяюся, настане час, калі мы, беларусы, паразумнеем”.

Цяжка, спадар Менскі, папракаць людзей сталага веку за тое, што яны прывыклі быць асьцярожнымі, абачлівымі ды паслухмянымі. Большасьць іх цягам усяго жыцьця былі цалкам залежнымі ад улады. Многія на ўласным прыкладзе пераканаліся, як дорага можна заплаціць за непаслушэнства ў таталітарнай дзяржаве. І нават тыя людзі, якія думаюць гэтак жа, як вы, калі справа даходзіць да галасаваньня, пад пільным вокам калгаснага брыгадзіра вымушаныя ставіць “птушачку” там, дзе ён пакажа.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксандар Івановіч і Зінаіда Тарасава зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG