Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскага грамадзкага дзеяча не пусьцілі ў Кыргызстан з-за “беларускага пытаньня”


Юры Дракахруст, Прага 15 верасьня старшыня Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру Павал Казанецкі ня быў дапушчаны ў Кыргызстан. У студзені 2001 году польскі грамадзкі дзеяч ня быў дапушчаны ў Расею. Паводле спадара Казанецкага прычына абедзьвюх яго дэпартацыяў – пазыцыя Беларусі.

(Казанецкі: ) “Я плянаваў прыехаць на сустрэчы зь міжнароднымі арганізацыямі, якія працуюць у Бішкеку. Падстава не пусьціць мяне ў Кыргызстан не была афіцыйна заяўленая, хаця пазьней мне сказалі: справа ў тым, што Кыргызстан падпісаў міжнародную шматбаковую дамову. Паводле дамовы, асоба, якая ня мае права ўезду ў адну з краінаў СНД, аўтаматычна яна ня мае права ўезду на тэрыторыю Кыргызстану.

Як я разумею, гэтая сытуацыя ёсьць папросту працягам таго, што мне забаранілі ўезд у Беларусь са студзеня 2001 году. Зараз высьвятляецца, што я “неўяздны” на тэрыторыю ўсіх краінаў СНД. Раней было зразумела, што Беларусь і Расея ня маюць мяжы, і паміж Беларусяй і Расеяй такая дамова працавала ўжо даўно (асоба, якая неўяздная ў Беларусь, таксама знаходзіцца ў сьпісе ў памежнікаў Расейскай Фэдэрацыі). Адмова ва ўезьдзе праз дамову паміж усімі краінамі СНД – гэта нешта новае. Ня толькі для мяне, але і для польскага МЗС, якому ніхто не паведаміў пра гэтыя дамовы, якія датычаць таксама і грамадзянаў Польшчы”.

Гаварыў Павал Казанецкі, старшыня Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру, які 15 верасьня ня быў дапушчаны ў Кыргызстан.

Кыргыстанская кааліцыя “За дэмакратыю і грамадзянскую супольнасьць” у адмысловай заяве адзначыла, што “адмова ва ў’ездзе уплывоваму лідэру грамадзянскай супольнасьці Польшчы, адной з найбуйнейшых краінаў-сябраў Эўразьвязу”, наносяць шкоду міжнароднаму прэстыжу Кыргызстану як дэмакратычнай і адкрытай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG