АЛМААТЫ. Міністар інфармацыі Казахстану Алтынбек Сарсэнбаеў зыйшоў у адстаўку на знак пратэсту супраць “несумленных”, як ён сказаў, парлямэнцкіх выбараў.
(Сарсэнбаеў) “Сваёй адстаўкай я хачу паказаць нашым грамадзянам, што пасады і ўлада гэта ня самая вялікая каштоўнасьць для нас. Служба народу, справядлівасьць і сумленнасьць – вось што галоўнае”.
Паводле папярэдніх дадзеных, перамагла партыя прэзыдэнта краіны Назарбаева – 43% галасоў, а партыя ягонай дачкі Дарыгі атрымала 19% галасоў.
Апазыцыя заняла трэцяе месца - за яе кандыдатаў прагаласавалі 17% выбаршчыкаў.
Арганізацыя ў бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе адзначыла, што выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам. У прыватнасьці, паводле АБСЭ, дзьвюм партыям, якія выйгралі выбары, было дадзена больш магчымасьцяў для кампаніі ў мэдыях, чым апазыцыі.