Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена прыярытэтаў у дэмакратычным лягеры: увага ад выбараў пераходзіць да рэфэрэндуму


Уладзімер Глод, Менск Паводле падлікаў, улады адмовілі ў рэгістрацыі больш як 100 прадстаўнікам дэмакратычнага лягеру. Сярод тых, каго пазбаўляюць права працягваць барацьбу за дэпутацкія мандаты – Мечыслаў Грыб, Генадзь Грушавы, Уладзімер Парфяновіч, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя добра вядомыя людзі. Адначасова можна адзначыць, што прагнозы наконт татальнай нерэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў ня спраўдзіліся. Частка вядомых лідэраў палітычнай апазыцыі рэгістрацыю прайшлі. Гэта, напрыклад, Станіслаў Багданкевіч, Вінцук Вячорка, Аляксей Кароль, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч. Чым можна патлумачыць, што ўлады ўсё ж далі магчымасьць некаторым знаным апазыцыянэрам працягнуць барацьбу за дэпутацкія мандаты?

Уключыць чырвонае сьвятло перад усімі апазыцыянэрамі на гэтым этапе выбарчай кампаніі было апрыёры немагчыма. Уявіце, што так бы здарылася – Які б тады быў настрой у грамадзтве? Падтрымаць пакрыўджаных – бо гэта адпавядае характару беларускага народу. І мне падаецца, што ўлады пабаяліся занадта раззлаваць грамадзтва. Бо людзі адказалі б на гэта масавым галасаваньнем супраць Аляксандра Лукашэнкі на рэфэрэндуме.

Я думаю, менавіта адначасовае правядзеньне з выбарамі рэфэрэндуму і вымусіла ўладныя структуры спыніцца пакуль на палове шляху. Мне падаецца, што правільны адказ на згаданае пытаньне можна знайсьці толькі пры ўмове разгляду дзьвюх палітычных кампаній – рэфэрэндуму й выбараў. Невыпадкова лідэры апазыцыйных палітычных партыяў, камэнтуючы першыя вынікі рэгістрацыі, адзначалі, што іхныя зарэгістраваныя кандыдаты абавязкова будуць працаваць на ідэю рэфэрэндуму. А ўлады, зразумела, будуць шукаць спосабы для перашкодаў. Вось што сказаў мне пра гэта кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Магчыма, ва ўладаў вялікія спадзяваньні на выбарчыя камісіі. Улёткі яны зацьвярджаюць, тэксты выступаў у эфіры пойдуць у запісы. Магчыма, будуць “рэзаць” з тэкстаў згадкі пра рэфэрэндум”.

Спалучэньне ў адной кампаніі дзьвюх, мабыць, запатрабуе ад прадстаўнікоў дэмакратычнага лягеру нейкіх зьменаў сваёй тактыкі. Што гаворыць пра гэта апазыцыя? Яна сьцьвярджае, што пасьля аб’яўленьня рэфэрэндуму выбары перасталі быць тым прыярытэтам, якім яны былі раней. І вось як тлумачыць зьмену арыентыраў зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты па Мастоўскай выбарчай акрузе, прадстаўнік блёку “Маладая Беларусь” Алесь Зарамбюк:

(Зарамбюк: ) “Тут самая галоўная тэма палітычная зьявілася – рэфэрэндум, а выбары адышлі на другі плян. Для мяне, напрыклад, ня ёсьць прыярытэтам быць абраным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а наадварот, ёсьць прыярытэт, каб людзі ў маёй акрузе, перадусім, прагаласавалі супраць дадзенай папраўкі ў Канстытуцыю й сказалі сваё “не”. Гэта будзе складана, бо ў нас сельская акруга. Хаця ў гарадах – Мастах, Сьвіслачы, Бераставіцы – там бальшыня людзей не падтрымлівае трэці тэрмін”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG