Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра саветызацыю, бяздомных студэнтаў і юнацкі максымалізм


Франак Вячорка, Менск На хвалях Свабоды – “Маладыя галасы”.

Сёньня ў праграме:

– Прагнозы моладзі наконт вынікаў галасаваньня на абвешчаным рэфэрэндуме, а таксама іхныя развагі пра ўласныя пэрспэктывы; – У школы вяртаецца ўніформа. Вучні змагаюцца з саветызацыяй, чыноўнікі ж ад свайго не адступаюць; – Студэнтам ВНУ няма дзе жыць. Месцы ў інтэрнатах толькі для выдатнікаў і сябраў БРСМу. Астатнія здымаюць пакоі, гадамі туляцца ў сваякоў і начуюць на вакзалах; – Сельскагаспадарчая ссылка. Тысячы маладых капаюць бульбу і зьбіраюць лён. Усё гэта адбываецца ў экстрэмальных умовах; – Санітарна-гістарычны дэсант. Сябры моладзевай арганізацыі “Гісторыка” прыбіраюць палац графаў Чапскіх. Рэпартаж зь месца падзеяў; – Нацыянальны конкурс прыгажосьці выйшаў на фінішную прамую. Фотамадэль адкрывае сакрэты: як дзяўчат рыхтуюць да подыюму, як адбываюцца паказы модаў і рэклямныя здымкі.

ГАВОРКІ ПРА РЭФЭРЭНДУМ

Рэфэрэндум абвешчаны, па дзяржаўных каналах круцяць агітацыйныя ролікі “За моцную і квітнеючую Беларусь”, у афіцыйных мэдыях шараговыя выбарцы бясспрэчна “за” трэці тэрмін, а незалежныя экспэрты прагназуюць сусьветнае непрызнаньне вынікаў галасаваньня.

На такім тле зрэдку ўзгадваюць пра тое, што за час кіраваньня спадара Лукашэнкі ў Беларусі вырасла цэлае пакаленьне моладзі, якое іншага прэзыдэнта й ня ведае, а таксама пра тое, што падаўжэньне паўнамоцтваў спародзіць новую хвалю эміграцыі, і першай зь Беларусі паедзе моладзь.

Мы скіраваліся на вуліцы Менску: цікавімся меркаваньнямі юнакоў і дзяўчатаў.

(Франак Вячорка: ) “Як ты паставіўся да нядаўна абвешчанага рэфэрэндуму?”

(Хлопец: ) “Ні для каго ў нашае краіне не было сакрэтам, што Лукашэнка хоча зьмяніць Канстытуцыю. Мяркую, што калі яму надакучыць быць прэзыдэнтам, ён зробіць зь Беларусі манархію і стане імпэратарам”.

(Франак Вячорка: ) “Калі народ падтрымае ініцыятыву прэзыдэнта, і ён зможа балятавацца на наступны тэрмін і, мала таго, яго абяруць – у такім выпадку, якая будзе пэрспэктыва?”

(Хлопец: ) “Гэтая сыстэма стане яшчэ больш жорсткай. Калі ідэалягічна пачнуць прамываць людзям мазгі, я ня ведаю, ці будзе ў Беларусі вольнае і больш-менш разважнае пакаленьне”.

(Дзяўчына: ) “Мне абсалютна не падабаецца ідэя зьмены Канстытуцыі, бо гэта самы асноўны і самы нерухомы дакумэнт, і зьмяняць яго проста так – гэта ня правільна”.

(Франак Вячорка: ) “А ты адчуваеш на сабе нейкую агітацыю?”

(Дзяўчына: ) “Савецкі мазгаклёп! У мяне сёньня на лекцыі быў такі мазгаклёп. Мне распавядалі, якія ў нас будуць высокія заробкі і пэнсіі, якая будзе нізкая інфляцыя, як у нас усё добра і якія ў нас выдатны прэзыдэнт”.

(Франак Вячорка: ) “Як ты ўспрыняў ідэю абвяшчэньня рэфэрэндуму?”

(Іншы хлопец: ) “О-о-ой! Мне пафігу, а зараз адсюль звальваю на чатыры гады. Галоўнае, каб яго тут не было праз гэты час”.

(Іншая дзяўчына: ) “Некаторым на гэта абсалютна напляваць. Для некаторых гэта сталася прадказальным, але галасаваць яны будуць супраць Лукашэнкі. Калі Лукашэнка выбярэцца на трэці тэрмін, то пэрспэктыва будзе такая як і зараз: будуць закрывацца нармалёвыя навучальныя ўстановы, будуць цяжкасьці з працаю, будзе адпрацоўка пасьля заканчэньня ВНУ”.

ГАВОРКІ ПРА ШКОЛЬНУЮ ФОРМУ

У кагосьці можа скласьціся ўражаньне, што дзяржаўныя ўстановы зладзілі негалоснае спаборніцтва пад назовам “Хто хутчэй вернецца ў Савецкі Саюз”. Для дарослых – адзіныя дні інфармаваньня насельніцтва. А ў школах, гімназіях і вучэльнях – плякаты з выяваю афіцыйнага гербу, тэксту дзяржаўнага гімну й партрэты Лукашэнкі.

Наступны крок – рэанімаваньне школьнай формы. Намесьнік міністра адукацыі спадар Ціцянкоў заявіў, што налета вучні пачатковых клясаў будуць насіць аднолькавую адзежу.

Сям-там вырашылі перавыканаць пляны міністэрства і цэнз у вопратцы ўвялі ад сёлетняга Дня ведаў. Зранку пэдагогі фільтруюць вучняў. Хто ў джынсах, банданах, хлопцы з доўгімі валасамі і завушніцамі – калі ласка, да дырэктара.

Прыкладна такое здарылася з вучнем 11-е клясы Менскай гімназіі №8 Макарам Ваўчком.

(Макар Ваўчок: ) “Калі я прыйшоў у школу, мяне адразу сустрэў дырэктар: “Чаму ў цябе такія доўгія валасы й чаму ты апрануты так няправільна?” Я быў у джынсах, майцы й кашулі, ну і ў бандане. Я лічу, што гэта вельмі нават стандартна. На гэта я не магу адказаць. Магчыма, джынсы. Калі я прыйшоў у майцы аднаго беларускага гурту, настаўніца падышла да мяне й сказала: “Чалавек у чорнай вопратцы – хворы чалавек”. Нам сказалі, што трэба апранацца больш афіцыйна, больш сур’ёзна. Я лічу, што ўсё гэта проста непатрэбна: я буду апранацца так, як мне зручна. Калі я бачу друга-, трэцякляснікаў з гальштукамі, мне нават сьмешна. Дзеткі такія малыя, партфэлі большыя за іх, а яны ў гальштучках, у пінжачках. Я не лічу, што гэта крокі да Эўропы, думаю, што сапраўды гэта вяртаньне ў СССР”.

(Франак Вячорка: ) “Твае асабістыя захады супраць гэтай саветызацыі, стандартызацыі школы”.

(Макар Ваўчок: ) “Я байкатую часы інфармаваньня, якія ў нас праходзяць кожны тыдзень, я ня слухаю настаўнікаў, калі яны мяне прымушаюць пастрыгчыся або пераапрануцца ў тое, што ім падабаецца. Я нашу сымбалі беларускай дзяржаўнасьці на партфэлі. У нас былі такія выпадкі, калі прымусова ўсіх заганялі ў члены БРСМ. Я зьдзіраў лістоўкі з агітацыяй уступаць у БРСМ”.

(Франак Вячорка: ) “Але гэта вельмі нагадвае дробнае хуліганства. Сумленьне не турбуе?”

(Макар Ваўчок: ) “Не, не турбуе. Лічу, што гэта няправільна. Гэтыя ўлёткі мне не падабаюцца”.

(Франак Вячорка: ) “Непаслухмянасьць і захады пратэсту чым могуць пагражаць школьніку?”

(Макар Ваўчок: ) “Паставяць нездавальняючую адзнаку ў дзёньнік і ў журнал, з кляснага кіраўніка могуць зьняць прэмію. У выніку ён абурыцца на цябе, і табе будзе проста горш на яго занятках”.

(Франак Вячорка: ) “Вашыя дзеяньні неяк уплываюць на ваш імідж?”

(Макар Ваўчок: ) “Сярод настаўнікаў, гэта, магчыма, нэгатыўна ўплывае, але сярод вучняў, яны мяне больш паважаюць, чым раней. Усе са мной вітаюцца”.

(Франак Вячорка: ) “Гэта значыць, каб заваяваць аўтарытэт у навучэнцаў, трэба быць бунтаром?”

(Макар Ваўчок: ) “Выходзіць, так”.

Па камэнтар што да вопраткі ў школах мы зьвярнуліся да супрацоўніцы Менскага гарадзкога камітэту ў справах адукацыі Вольгі Янкоўскай. Запыталіся: ці мае кіраўніцтва гімназіі права дыктаваць стандарты адзеньня?

(Вольга Янкоўская: ) “Калі такое правіла прапісанае ў Статуце гімназіі, тады дырэктар мае рацыю, калі патрабуе, каб вучні хадзілі ў форме. Натуральна, што лепей хадзіць у джынсах, хадзіць не прычасанымі й ня стрыжанымі і з завушніцамі. Але яны хлопцы, і яны мусяць быць падстрыжанымі. Я яшчэ не адношу сябе да кансэрватараў, у мяне ў самой ёсьць сын. І я лічу, што хлопчык мусіць быць хлопчыкам, а дзяўчынка павінна быць дзяўчынкай. У вучняў старэйшых клясаў – я гэта кажу вам як псыхоляг – у іх прысутнічае юнацкі максымалізм. Яны жадаюць рабіць толькі так, як ім хочацца. Яны ня слухаюць тое, што ім кажуць бацькі. Маўляў: “Як я вырашыў, так і будзе. Ня трэба прыніжаць мае правы!” Але апроч таго трэба лічыцца з правіламі дзяржавы і грамадзтва”.

Вольгу Янкоўскую мы папрасілі пракамэнтаваць выказваньні настаўніцы Макара Ваўчка. Маўляў: “Чалавек у чорнай вопратцы – хворы чалавек”.

(Вольга Янкоўская: ) “Калі чалавек у чорным, нельга сказаць, што ён здаровы? Яны ня мела рацыю, бо яна не псыхоляг. Калі чалавек носіць чорную вопратку, я б не сказала, што гэта дрэнна. Кожны чалавек выбірае тое, ў чым ён пачувае сябе камфортна. Але хай ён ходзіць у гэтым на вуліцы. А ў гімназіі ёсьць зацьверджаная форма адзеньня, усталяваныя правілы. Чаму за мяжою ў кожнай навучальнай установы свая форма? Чаму мы павінныя вучыць дзяцей ў зашмальцаваных джынсах і парваных кашулях? Другая праблема – у нас цяпер ідзе расслаеньне грамадзтва. Адны больш заможныя і могуць набыць дарагія рэчы, а ёсьць людзі зь нізкімі заробкам. А форма ўсіх выроўнівае, і вучні сябе пачуваюць больш спакойнай”.

ГАВОРКІ ПРА ІНТЭРНАТЫ

У студэнтаў больш сур’ёзная праблема – жытло. Каб атрымаць ложак і інтэрнаце, трэба прайсьці некалькі колаў выпрабаваньняў: доўгія чэргі, штурмы інтэрнатаў і дэканатаў. Але часта вынікам усяго гэтага ёсьць адмова.

Прыклад Ганны Красновай паказальны. Ад пачатку дзяўчына была студэнткаю Тэхналягічнага унівэрсытэту, а пасьля паступіла ў Лінгвістычны. Зьмяніліся месцы навучаньня, і нават будучая спэцыяльнасьць, а праблема дзе жыць як была, так і засталася.

(Франак Вячорка: ) “Ты ўжо рэкардсмэнка: 3 гады без інтэрнату? Ёсьць нейкае сьвятло ў канцы тунэлю, ці ты так і зьбіраесься давучвацца без сталічнай прапіскі?”

(Ганна Краснова: ) “Мая гісторыя пачалася зь першага курса, калі я зь вялікімі торбамі паперлася да намесьніка дэкана прасіць інтэрнат. Мне яго ня далі, я атрымала вялікі адпор. Ён проста сунуў мне кіпу папераў, маўляў, глядзі, колькі ў мяне студэнтаў, бацькі якіх атрымоўваюць 30 000 за месяц, і гэтыя студэнты проста павінны быць заселеныя першымі ў інтэрнаты. Я наведвалася да гэтага дзядзечкі штотыдзень з надзеяй надакучыць яму, што ў выніку ён аддасьць мне адзін з пустуючых пакояў, якія рэальна існуюць у інтэрнатах.

Так адбывалася год. У пачатку сэмэстру я наведалася да дэкана. Ён зразумеў, што я прыйшла пытацца пра месца ў інтэрнатах. Аднак ён зь ветлівай усьмешкай у даказ запытаўся, ці зьяўляюся я сябрам БРСМ, на што я ветліва адказала, што не зьяўляюся. Можна сказаць, на гэтым размова была скончаная. Таму што ён зноў сказаў: чакайце! Сэмэстр… яшчэ адзін сэмэстр”.

(Франак Вячорка: ) “Вы не атрымалі інтэрнат: далейшыя вашыя дзеяньні?

(Ганна Краснова: ) “Некаторыя часам начуюць на вакзале, і пакідаюць свае рэчы ў багажы. А звычайна студэнты арандуюць кватэры ці пакоі, дзе вельмі добра бавяць час, праўда, плацяць за гэта добрыя грошы. Але яны жывуць у добрых умовах, ня мусяць чакаць, калі зьявіцца халодная ці гарачая вада, ці ўвогуле якая, каб зрабіць элемэнтарныя рэчы. Ня мусяць трываць бруд, які ёсьць у інтэрнатах, і адпрацоўваць пасьля заняткаў пэўныя гадзіны ў інтэрнатах”.

(Франак Вячорка: ) “Па тваіх словах відаць, што ў той інтэрнат ты нават ня вельмі імкнесься?”

(Ганна Краснова: ) “Калі закранаць матэрыяльны бок, то я б, канешне, вельмі імкнулася ў інтэрнат, бо начаваць за 30 даляраў у месяц – гэта занадта шыкоўна для беларускага студэнта”.

ГАВОРКІ ПРА ЎРАДЖАЙ

У абвешчаным спаборніцтве паміж алімпійцамі і сялянамі, перамаглі камбайнэры. Лік сабранага збожжа ідзе на мільёны тонаў. Калі са жнівом калектыўныя гаспадаркі справіліся сваімі сіламі, то з капаньнем бульбы і зьбіраньнем ільну сытуацыя не такая аптымістычная. І тут спатрэбіўся досьвед савецкіх часоў. На барацьбу з ураджаем кінутыя студэнты і навучэнцы. Пакуль што ў лідэрах Віцебская вобласьць. Тут на вясковыя палеткі дэсантавалі блізу 6 тысячаў хлопцаў і дзяўчат.

А ў абласным цэнтры нават стварылі апэратыўны штаб, каб той забясьпечваў студэнтаў харчаваньнем і жытлом. Удзельнік нашай праграмы – навучэнец адной зь віцебскіх ВНУ. Ён пажадаў захаваць ананімнасьць. Мы толькі запыталіся пра дзейнасьць гэтага самага штабу, аж ягоны адказ выліўся ў маналёг.

(Зьміцер: ) “Студэнты ня ведаюць пра існаваньне гэтага штабу. Я пра гэта сам чую ўпершыню. Да нас ніхто не зьвяртаўся і дапамогі не прапанаваў. Назву вёскі не памятаю… Мы там зьбіралі лён. Нам прыходзілася вязаць і ставіць снапы. Праца цяжкая і вельмі нудная. Магчымасьці памыць рукі і прывесьці сябе ў парадак не было. З калгасу мы вярталіся бруднымі й вельмі стомленымі.

Нам старшыня калгасу выдзеліў харчаваньне. На сто чалавек ён выдаў 2 палкі каўбасы, 4 батона, 10-15 памідораў і пачак масла, 4 бутэлькі напою. Ён сказаў: “Гэта вам абед”. Такое харчаваньне нам выдавалі раз на тыдзень. Гэтых харчоў нам не хапала. Есьці хочацца кожнаму. І таму вы трацілі свае грошы, хадзілі ў краму ў Шуміліна і закупаліся там ежаю. Некаторыя абураліся: “Лепей бы я адвучыўся сёньня да 15 гадзінаў, чым прыеду сёньня дахаты!” Гэта не прыносіць ніякай карысьці, бо студэнты ня могуць працаваць так, як яны павінны былі б працаваць.

Усё гэта было вельмі кепскім. Езьдзілі толькі гарадзкія. А людзі зь інтэрнатаў папросту хадзілі ў дэканат і адпрацоўвалі па 2-3 гадзіны той тыдзень, якія мы працавалі ў калгасе. З нас ніхто не прыходзіў у дэканат і не запытваў, “Чаму мы павінны туды ехаць?” і “Што будзе, калі мы туды не паедзем? Чаму нас туды накіроўваюць? Таму што там недахоп працоўнай сілы”.

ГАВОРКІ ПРА “ГІСТОРЫКУ”

Адны студэнты фізычнай працы спрабуюць пазьбегчы, а іншым добраўпарадкаваньне прыносіць асалоду. Студэнты гістфаку БДУ, захапіўшы рыдлёўкі й граблі, скіроўваюцца ў вандроўку. Гэтым разам дарога ляжала да маёнтку графоў Чапскіх, што у вёсцы Прылукі пад Менскам. Я далучыўся да санітарна-гістарычнага дэсанту.

Селі мы на аўтобус у Менску і выбраліся на поўдзень у цудоўнае мястэчка пад назовам Прылукі. Тут стаіць старажытны палац, які калісьці належаў графу Чапскаму. Выбраліся са мной маладыя гісторыкі, які прадстаўляюць ініцыятыву “Гісторыка”. Прыехалі на месца. На мае пытаньне адказвае адзін зь кіраўнікоў “Гісторыкі” Зьміцер Рагачоў.

(Франак Вячорка: ) “Навошта вы тут сабраліся?”

(Зьміцер Рагачоў: ) “Самае галоўнае – што нам вельмі прыемна разам, што мы можам нечым дапамагчы Радзіме, а менавіта – гістарычнай памяці. Бо адзін чалавек нічога няздольны прынцыповага самастойна зрабіць, толькі разам пры нашым жыцьці, аб’яднаўшыся, можна нешта зрушыць зь месца”.

Мы дапамагаем мясцовай адміністрацыі прыбіраць тэрыторыю. Прыйшоў начальнік, які сказаў: хлопцы робяць тое, дзяўчаты – тое. У хлопцаў праца інжынэрна-будаўніковая, ім далі задачу пабудаваць сьцежку, дзе яны самі і інжынэры, і будаўнікі. Трэба цягаць пясок, цягаць плітку.

Мы пачынаем нагружаць пясок. Паспрабуем адарваць ад працы Рамана Ляўкоўскага.

(Франак Вячорка: ) “Для чаго ты выехаў сюды?”

(Раман Ляўкоўскі: ) “Я ўжо дапамагаю клапаціцца пра гістарычныя мясьціны гады 4, нават больш. Так што гэта ня першы, і, спадзяюся, не апошні досьвед. Трэба за гэтым сачыць, інакш яно згубіцца, і ня будзе ня толькі мінуўшчыны, але й будучыні”.

Плітка важыць кіляграмаў 15, так што пасьля 3 пераносаў ужо страшэнна баляць рукі й хочацца адпачываць. Аднак чакаць засталося нядоўга, бо хутка будзе абед, засталося толькі распаліць вогнішча й заварыць варыва.

Пакуль рыхтуецца ежа папытаемся змораных “гісторыкаў”? Зноў пры мікрафоне Зьміцер Рагачоў.

(Франак Вячорка: ) “Добраўпарадкаваньнем тэрыторыі можа займацца той самы БРСМ: выяжджаць на гістарычны мясьціны, дапамагаць?!”

(Зьміцер Рагачоў: ) “Ёсьць выпадкі, калі ініцыятыва сыходзіла ад прадстаўнікоў іншых грамадзкіх ініцыятываў, але праз навучальныя ўстановы далучалася прынамсі шыльда БРСМу. Можна зразумець такіх людзей, бо з гэтай шыльда прасьцей і фінансаваньне знайсьці, і дабіцца дазволу ўладаў. Вельмі непрыемна з такімі выпадкамі сустракацца”.

Праца зробленая, сьцежка пакладзеная, парк вычышчаны. Мы паціху зьбіраемся дадому… Але цікава, што пра зробленую намі справу думаюць абарыгены?

(Жанчына: ) “Яны ўжо ня першы раз і ня першы год прыяжджаюць і дапамагаюць прыбіраць вакол палацу, ладзіць канцэрты, і ўвогуле мы зь імі робім агульную справу – займаемся адраджэньнем гістарычнай памяці ў Прылуках”.

ГАВОРКІ ПРА ПРЫГАЖОСЬЦЬ

Беларусь шукае свой сымбаль жаноцкай прыгажосьці. На 24 верасьня плянуецца фінал конкурсу “Міс Беларусі 2004”. Два з паловай дзесяткі дзяўчат будуць дэманстраваць сваё хараство перад журы й тэлекамэрамі ў купальніках, у вечаровых строях і ў нацыянальных касьцюмах.

А мы вырашылі закрануць такую глябальную тэму – “Прыгажосьць і ейнае практычнае выкарыстаньне”. Нашым госьцем – Кацярына Залатар. Яна адукоўваецца ў адной зь менскіх школаў, нядаўна скончыла курсы прыгажосьці ды падпісала дамову з мадэльным агенцтвам.

Прыгажуня выглядае так: высокая хударлявая бляндынка з пухлымі вуснамі і зялёнымі вачамі. Ад увагі да сваёй асобы штучна бянтэжыцца, але ахвотна пагаджаецца на першае ў сваім жыцьці інтэрвію.

(Кацярына: ) “Мне абсалютна выпадкова пашчасьціла прайсьці адну зь менскіх школаў мадэляў. Я хадзіла туды 2 месяцы. У нас былі там такія курсы, як шэйпінг, дэфіле, макіяж, этыкет”.

(Франак Вячорка: ) “А набытыя табою веды ты дзесьці ўжо выкарыстоўвала?”

(Кацярына: ) “У час заняткаў у нас быў такі курс, як акторскае майстэрства, і мне вельмі гэта дапамагло. Бо наагул я вельмі сьціплая, а курс мне дапамог адчуць сябе больш упэўнена. І ў мадэльным бізнэсе гэтая ўпэўненасьць дапамагае. Я лічу, што кожнай дзяўчыне трэба прайсьці гэтыя курсы, бо яны важныя й патрэбныя ня толькі для мадэляў, але наагул для ўсіх дзяўчынаў. 90-60-90 – гэта ня самае галоўнае: трэба мець мэту ісьці да яе й не здавацца. На гэтыя курсы хадзіў, хто хацеў, а толькі потым ужо выбіралі, хто ў будучыні зможа стаць мадэльлю. У групе нас займалася 15-20 чалавек, але працягнулі мадэльны шлях усяго 5 дзяўчынак”.

(Франак Вячорка: ) “А якая асабіста цябе і тваіх каляжанак чакае пэрспэктыва?”

(Кацярына: ) “Можна зьняцца ў рэклямах, роліках, кліпах. Звычайна замоўца прыходзіць у агенцтва й кажа, якія менавіта дзяўчыны яму патрэбныя. Калі мы падыходзім у гэтыя рамкі, нам прапануюць паўдзельнічаць. Звычайныя патрабаваньні: высокі рост ад 175, прыемная зьнешнасьць, колер валасоў, вачэй. Але гэта таксама залежыць ад таго, што менавіта яму трэба паказваць. Маёй марай не зьяўляецца паказваць імпартовую адзежу ці касмэтыку. Хай маё агенцтва вызначае, у якіх паказах мне ўдзельнічаць. Згаджуся, абы грошы плацілі”.

(Франак Вячорка: ) “Некаторым мадэлям прапануюць зьняцца аголенымі. Асабіста ты гатовая зьняцца аголенай?”

(Кацярына: ) “Не, у такой рэкляме я не здымуся ні за якія грошы! Кожны вызначае для сябе. Некаторым самае важнае – грошы, той здымецца і ў такой рэкляме. А я б не зьнялася і за самыя вялікія”.

Гэты выпуск “Маладых галасоў” атрымаўся нейкім такім праблемным. А што тут зробіш, калі час не на тое, каб атрымліваць асалоду ад жыцьця, а на змаганьне з часта невырашальнымі праблемамі. Сытуацыю пастараемся выправіць, і наступным разам абяцаем распавесьці пра што-небудзь больш вясёлае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG