Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя выступіць на тэлеканале “Лад” і абласных тэлестудыях


Валер Каліноўскі, Менск Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыі атрымалі магчымасьць выступіць па тэлебачаньні і ў дзяржаўнай прэсе. Аднак тут іх чакаюць пэўныя складанасьці...

Ад часу мінулых прэзыдэнцкіх выбараў дзяржаўныя СМІ апазыцыі слова не давалі, затое амаль кожны дзень дыскрэдытавалі яе. І цяпер, калі апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты зарэгістраваныя, улады робяць усё, каб мінімалізаваць эфэкт ад іхных выступаў у СМІ, якія ім вызначаныя Выбарчым кодэксам.

Усім менскім кандыдатам прапанавана выступіць у запісе на тэлеканале “Лад”, які мае невялікую аўдыторыю й прымаецца нават не ва ўсіх раёнах горада. Кандыдаты ў рэгіёнах выступяць на абласных студыях тэлебачаньня.

Ніводны выступ ня будзе трансьлявацца на ўсю краіну. Пры гэтым дзяржаўныя тэлекампаніі захоўваюць за сабою права цэнзуры і будуць сачыць, каб у выступах не абражалі Лукашэнку й не заклікалі да зьмены існуючага ладу. У любым выпадку апазыцыянэры кажуць, што значная частка іх выступаў будзе прысьвечаная агітацыі супраць магчымасьці працягу паўнамоцтваў А.Лукашэнкі, пытаньне аб якой вынесенае на рэфэрэндум.

У друкаваных СМІ ствараюць свае перашкоды апазыцыянэрам. У прыватнасьці, лідэры БНФ, АГП, “Народнай грамады” накіравалі свае заяўкі на публікацыю перадвыбарчых праграмаў ў газэту “Рэспубліка”, але пакуль што марна. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Аднак яны адмовіліся прыняць. Чалавек правёў там 2 гадзіны ў прыёмнай “Рэспублікі”, але яны гаварылі, што гэта вырашае толькі намесьнік. Намесьнік да канца працоўнага дня не зьявіўся. Думаю, што так яно было і сплянавана. Яны адмовіліся прыняць і зарэгістраваць нашыя звароты. І мой, і Статкевіча, і Дабравольскага, і Палевіковай, і шэрагу іншых людзей”.

А.Лябедзька, таксама як В.Вячорка і іншыя кандыдаты, паскардзіўся на дзеяньні рэдакцыі “Рэспублікі” ў Цэнтральную камісію па выбарах, аднак гарантыі станоўчага вырашэньня праблемы там не далі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG