Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты пачалі агітацыю


Уладзімер Глод, Менск Выбарчы кодэкс дазваляе распачынаць агітацыйную кампанію з моманту афіцыйнай рэгістрацыі ў якасьці кандыдата. Аднак паведамленьні з рэгіёнаў сьведчаць, што некаторыя прэтэндэнты, якім спрыяюць улады, пачалі агітаваць за сябе значна раней. А многія з тых, каго ўлады ня хочуць бачыць у парлямэнце, ня могуць скарыстацца сваім законным правам.

У Мастоўскай выбарчай акрузе пасьля рэгістрацыі з васьмі прэтэндэнтаў кандыдатамі сталі чацьвёра. Адзін зь іх — прадстаўнік выбарчага блёку “Маладая Беларусь” Алесь Зарамбюк гаворыць, што ўлады падтрымліваюць тут начальніка ўправы ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму Анатоля Белачэўскага:

(Зарамбюк: ) “На яго працуе ўвесь адміністрацыйны рэсурс. У кожным нумары мастоўскай раённай газэты ёсьць ці ягонае фота, ці ягоны артыкул, ці паведамленьне аб прыёме ім грамадзянаў... Усё гэта ён робіць як сябра абласнога выканаўчага камітэту. І тут як бы скаргі не падасі”.

Сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ігар Баслык зарэгістраваны ў Вялейскай выбарчай акрузе, той самай, дзе яго абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў чатыры гады таму. Цяпер улады спрыяюць іншаму кандыдату й перашкаджаюць дзейнаму дэпутату надрукаваць справаздачу перад выбаршчыкамі:

(Баслык: ) “Там толькі сухія факты, што было зроблена за чатыры гады. Галоўны рэдактар “Нарачанскай зары” заявіў: я, хутчэй за ўсё, друкаваць не буду, таму што ёсьць пэўныя абставіны, пра якія ты можаш здагадвацца. Галоўны рэдактар вялейскай раённай газэты “Шлях перамогі” спадарыня Кузаўкіна спачатку сказала, што надрукуем, але цяпер гаворыць, што, хутчэй за ўсё, пасьля надрукуем. Таму я лічу, што быў аказаны ціск на рэдактараў, каб яны гэта не друкавалі. Хаця гэта іх прамы абавязак, які прадугледжаны законам аб статусе дэпутата. Пакуль я зьвярнуўся ў пракуратуру Мядзелскага раёну й рыхтую зварот у пракуратуру Вялейскага раёну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG