Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя тры ўдзельнікі “Шэсьця бяздомных студэнтаў”


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску 16 верасьня прайшла акцыя-пэрфоманс пад назваю: “Шэсьце бяздомных студэнтаў”, арганізаваная Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў. Удзельнікі акцыі патрабавалі, каб адміністрацыі ВНУ й чыноўнікі Міністэрства адукацыі неадкладна вырашылі праблему расьсяленьня ўсіх іншагародніх студэнтаў у інтэрнатах. Трое ўдзельнікаў шэсьця былі затрыманыя міліцыяй.

У акцыі “Шэсьце бяздомных студэнтаў” удзельнічала 20 чалавек. Увечары 16 верасьня яны з заплечнікамі, матрацамі, коўдрамі, рондлямі й лыжкамі ў руках прыйшлі да галоўнага ўваходу ў Менскі чыгуначны вакзал. З гэтага месца, якое, на думку студэнтаў, сымбалізуе прытулак бяздомных, і пачалося шэсьце. Старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Вольга Кузьміч так патлумачыла яго мэту:

(Кузьміч: ) “Мы хочам зьвярнуць увагу на вялікую праблему ў студэнцкім асяродку – гэта недахоп інтэрнатаў, таму што з экранаў тэлебачаньня паўсюль нам кажуць што ў студэнтаў усё добра. Ствараецца агульны стэрэатып, што студэнцтва – гэта такая рамантыка. Насамрэч, студэнтам няма дзе жыць. Зараз першыя курсы унівэрсытэтаў амаль што не засяляюць. У выніку народ проста першыя два месяцы ня вучыцца, ня ходзіць на заняткі, а проста ходзіць у пошуках сабе жытла”.

Старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў гаворыць, што цяпер права першымі засяліцца ў інтэрнат маюць актывісты БРСМ і студэнты, якія актыўна супрацоўнічаць з адміністрацыямі ВНУ. А ў адным са студэнцкіх менскіх інтэрнатаў цэлы паверх займаюць міліцыянты. Для іншых студэнтаў проста не хапае месца. Актывісты ЗБС патрабуюць неадкладна спыніць гэтую практыку, перастаць выдаткоўваць сродкі на падручнікі па дзяржаўнай ідэалёгіі й пусьціць гэтыя грошы на будаўніцтва інтэрнатаў.

Удзельнікі шэсьця ўзялі раскладушку, пакрытую прасьціной з надпісам “Хутка зіма, а дому няма”, і накіраваліся ў бок галоўных карпусоў БДУ і Белпэдунівэрсытэта, каб такім чынам прыцягнуць увагу адміністрацыяў гэтых ВНУ да сваіх праблемаў.

(Удзельніца шэсьця: ) “Мы хочам, каб нас прынамсі проста засялілі, мабыць, пятым там, ня важна, якім, але проста засялілі, таму што жыць на вакзале неяк непрыкольна”.

Каля галоўнага корпусу Белдзяржунівэрсытэту ўдзельнікаў шэсьця спыніў міліцэйскі патруль на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Крукавым. У выніку былі затрыманыя тры ўдзельнікі шэсьця: Сяржук Семянюк, Юры Сідун і Алесь Васілеўскі. Цяпер усе затрыманыя знаходзяцца ў Маскоўскай раённай управе міліцыі. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Хутчэй за ўсё, 17 верасьня над імі адбудзецца суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG