Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Боінг больш як за 100 тысяч даляраў – гэта і ёсьць яго турбота аб людзях у гонар рэфэрэндуму”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 16 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Зьміцер Кузьміцкі: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! За дзесяцігадовае кіраваньне Лукашэнкі эканоміка краіны топчацца на адным месцы, зрухаў у бок росту не прагназуецца. Гэта зьвязана зь ізаляцыяй ад эўрапейскай эканомікі і зь няправільным плянаваньнем. У вачах сусьветнай грамадзкасьці Беларусь носіць ганебнае кляймо – краіна, у якой кіруе дыктатура.

Паводле словаў Лукашэнкі, шчасьлівы той народ, які жыве шэра і нецікава. Відаць, такім ён бачыць шчасьлівы беларускі народ. Таленавітыя людзі, пісьменьнікі, мастакі вымушаныя жыць у замежжы. У міжнароднай статыстыцы Лукашэнку ўдалося дасягнуць толькі таго, што Беларусь займае трэцяе месца па колькасьці асуджаных.

Што можа палепшыць Лукашэнка сваім пажыцьцёвым прэзыдэнцтвам? Хіба толькі тое, што выведзе Беларусь па колькасьці асуджаных з трэцяга на першае месца”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца па пытаньню шкоды, якую наносіць Лукашэнка беларускаму народу. Каля году ці больш беларускі рубель стаіць. Загадалі вялікія эканамісты Лукашэнка і Пракаповіч беларускаму рублю стаяць – і ён стаіць. Хай мяне паправяць прафэсар Багданкевіч і эканаміст Раманчук: ці можа курс рубля заставацца стабільным пры беларускай інфляцыі і адмоўным сальда гандлю з Расеяй за леташні год – больш аднаго мільярду даляраў? Але Лукашэнка праводзіць валютныя інтэрвэнцыі свайго бюджэту, які ён нікому не аддасьць. Нерэальны, завышаны курс беларускага рубля павялічвае імпарт з Расеяй, Кітаем і іншымі краінамі і заганяе беларускую эканоміку ў тупік”.

(Вальт Гатоўскі: ) “Добрай раніцы! Перш хачу выказацца наконт якасьці прыёму. У 7:15 пачалі глушыць вашае радыё праскае. Мне здаецца, што калі вы атрымліваеце нейкія зьвесткі па тэлефону альбо карыстаецеся іншымі камунікацыйнымі магчымасьцямі, то перш за ўсё вас праслухоўваюць, запісваюць, і потым яны ведаюць зь першых словаў, што вы будзеце даваць і пачынаюць уключаць глушылкі.

Па-другое: вялікі вам дзякуй, што далі паслухаць дзёньнік Уладзімера Коласа. Такое ўражаньне: вось чалавек, які можа прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта.

А наогул, трэба вам яшчэ больш падрабязна гаварыць пра савецкае мяшчанства, якое, напрыклад, у Калінкавічах злосна кусае ўсіх, хто перашкаджае гэтаму чынавенству атрымліваць сваю пайку.

Я беларус, вэтэран працы, пэнсіянэр, ураджэнец Віцебску. Дык вось, ад свайго імя і, думаю, ад імя многіх беларусаў я вылучаю кандыдатам на прэзыдэнцкі пост Уладзімера Коласа, якога, я думаю, ведаюць зараз многія. Таму што ён, па-першае, мае эўрапейскую адукацыю. Па-другое, малады, моцны і прыгожы. Па-трэцяе, ён сапраўдны рупліўца беларускай культуры. Ён гаспадар добры, гэта сьведчыць пра тое, як ён умацоўваў, складаў сваю навучальную ўстанову ліцэй. І наогул, ён будзе добрым, можа быць, прэзыдэнтам, будзе ўмацоўваць нашую Беларусь у міжнародных стасунках. Таксама ён мае вопыт палітычнай барацьбы. Вось ня ведаю, як да гэтай ідэі ставяцца іншыя людзі, але, мне здаецца, пачынаць трэба зараз. Як зрабіў гэта сёньняшні прэзыдэнт, пачынаць трэба адразу.

Яшчэ хачу сказаць, што трэба часьцей карыстацца словам, паралельна са словам “тэрарыст”, словамі “людзі, якія вядуць барацьбу за сваю незалежнасьць”. Я маю на ўвазе Чачню. Яны не тэрарысты, яны сэпаратысты. Дык вось, слова “сэпаратызм”, “сэпаратысты” і “тэрарысты” трэба так ужо абагульваць, гаварыць пра гэтыя словы так, каб у людзей прайшла гэтая граніца. Таму што зараз так ужо забілі “тэрарысты”, “тэрарысты”. Я ведаю, што вы залежныя ад кагосьці, але ўсё роўна трэба так падзяліць і заўсёды падкрэсьліваць слова “сэпаратыст”.

(Спадар: ) “Я хачу выказаць сваё меркаваньне. Дыктатар Лукашэнка, так званы прэзыдэнт рэспублікі Беларусь, праявіў сваю турботу аб людзях: новы боінг набыў, які каштуе больш за 100 тысяч даляраў! Гэта і ёсьць яго турбота аб людзях у гонар рэфэрэндуму. Апазыцыі ёсьць пра што казаць. А што тычыцца зьліткаў золату, як адзін турбуецца, дык прыйдзе іншы чалавек і яму ўжо ня будзе чаго красьці. Горш ня будзе, калі будзе іншы! Дзякуй”.

(Спадар: ) “Лукашэнка кажа, што безь яго на Беларусі стане ўсё дрэнна. Ён пужае, ён хоча, каб яго падтрымалі на трэці тэрмін. А ў яго ўжо прэзыдэнцкі тэрмін скончыўся. Значыць, ён ня хоча працаваць. Вось вазьміце – Лех Валенса. Ён пасьля адбыцьця свайго тэрміну пайшоў зноў працаваць электрыкам у Гданьскі марскі порт. А Лукашэнка ня хоча працаваць. Хай ідзе працаваць грузчыкам, калі ён ужо настаўнікам па гісторыі ў сельскай школе працаваць ня можа.

А іншы палітык, які прыйдзе да ўлады, будзе сапраўдным, і зь ім стане ўсё лепш. Людзі здабудуць свабоду духу, а гэта вельмі вялікая справа. Стануць свабоднымі людзьмі, стануць свабодна выказваць свае думкі, і адчыніцца для Беларусі шлях у Эўропу. А кандыдатамі ў прэзыдэнты будуць такія людзі: Шушкевіч, Ярашук, былы прэм’ер-міністар, Краўчанка будзе выстаўляць сваю кандыдатуру, я ведаю, Фралоў, можа быць, і іншыя, якія наўпрост могуць працаваць прэзыдэнтамі, нават і дырэктары буйных заводаў. А ў Лукашэнкі ў калгасе ўсяго 50 чалавек працавала. Усяго добрага, Свабода”.

(Спадарыня: ) “Хто быў багаты, калі панавала польскае панства? У каго было шмат зерня й хлеба, і бульбы? Нейкае г...но, якое яшчэ не дарасло, называе яго калхозьнікам! У нас хлеб ёсьць! У нас усё ў дастатку! Хто быў багаты? Дык што ж робіць дрэнны Лукашэнка? Што зрабілі Шушкевіч, Шарэцкі, Багданкевіч? Надрукаваў Багданкевіч зайцаў нам, б…дзь гэта! Прабачце мяне за слова гэтае. А золата раскралі, даляры разьвезьлі ў Амэрыку! Мая сваячка, с...ка, у Амэрыцы жыве за тое, што мяне абакралі, банкі раскралі, усіх беларусаў абакралі. Шарэцкі, Шушкевіч, Багданкевіч – што яны далі? Пакуль Лукашэнка ня стаў пры ўладзе... Сволачы ўсе! Разьехаліся, вывучыліся с...кі за нашую скуру, за нашую працу, за нашую кроў, а цяпер толькі с...руць нам на душу. Калі ў нас ёсьць хлеб, то будзе Беларусь жыць, не памрэ ніколі! Будзе і мяса, будзе і хлеб, калі ёсьць зерне і бульба!”

(Мікола Саскевіч: ) “Шаноўнае панства Радыё Свабоды! Літаральна ўчора па Радыё “ВВС” я слухаў інтэрвію вядомай, сумленнай і шчырай журналісткі Паліткоўскай, якая расказала, як расейскія спэцслужбы хацелі ўбраць яе, каб яна не паехала ў г.Бэслан, і пра тое, як расейскія ўлады не жадалі выкарыстаць любыя шансы, каб выратаваць людзей і дзяцей у Бэслане.

Калі ласка, дайце гэтае інтэрвію па Радыё Свабода, каб наш народ ведаў пра гэта. І запрасіце, калі ласка, вядомага, сумленнага і сьмелага журналіста Бабіцкага, якога таксама расейскія спэцслужбы не пусьцілі ў Бэслан. Яны проста замовілі драку з журналістам, каб потым Бабіцкага забралі ў міліцыю. Калі ласка, запрасіце гэтых вядомых і шаноўных журналістаў да сябе на перадачу. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Уся дзейнасьць Лукашэнкі накіраваная на шкоду Беларусі і яе народу. 10 год шкодніцтва, якое ўключае ў сябе: зьнішчэньне Беларушчыны на Беларусі, яе русыфікацыю, зьнішчэньне аб’яўленага нэўтралітэту, міжнародная ізаляцыя, падтрымка дыктатарскіх рэжымаў Мілошавіча ў Югаславіі, Хусэйна ў Іраку, уласная дыктатура на Беларусі, барацьба з усімі праявамі дэмакратыі, забойства палітыкаў Карпенкі, Ганчара, Завадзкага, Захаранкі. Усяго цяжка пералічыць. А зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту, а бесьперапынны рост цэнаў. І яшчэ Лукашэнка мае нахабства хваліць сам сябе! Стварае культ сваёй асобы! Гэта зьдзек зь беларускага народу! Дзякуй.

Гітлер, фюрэр фашыстаў, любіў праводзіць рэфэрэндумы, плебісцыты. І на Беларусі праводзяцца часта рэфэрэндумы, якія дазваляюць уладзе абвяшчаць вынікі, якія заўгодна для кіруючай улады. Незалежны кантроль адсутнічае на працягу ўсяго выбарчага працэсу. Махлярства і ашуканствы адбываюцца нахабна на вачах усяго грамадзтва й міжнароднай супольнасьці. Гульня, спэктакль, фарс – усе гэтыя словы падыходзяць да гэтага мерапрыемства, дзе простыя грамадзяне, выбаршчыкі, зьяўляюцца пешкамі! Дзякуй”.

(Саша: ) “Паважаныя слухачы! Ня бойцеся: хто б ні прыйшоў да ўлады, горш ня будзе. Ня бойцеся, ён ня будзе красьці золата і іншыя мэталі! А вось спадар Лукашэнка ўжо абакраў пэнсіянэраў, рабочых, інвалідаў. За 100 тысяч даляраў купілі боінг – і маўчаць. Цішком набылі такую дарагую рэч для дыктатара і маўчаць! Значыць, яны скралі, баяцца, бо гэта паўплывае на рэфэрэндум. Апазыцыя павінна гэта ўсё аб’явіць! Ёсьць пра што сказаць! Вось хто злодзей! Спадар Лукашэнка ўжо не прэзыдэнт! Тэрмін яго скончыўся, ён ужо павінен перадаць уладу па Канстытуцыі прэм’ер-міністру і прызначыць выбары. Ён ня мае права аб’яўляць рэфэрэндум. Ён ужо ніхто! Але ў нас усё магчыма злодзею. Ён будзе на гэтым боінгу лятаць у Маскву да Лужкова гуляць у хакей”.

(Мікалай, Асіповічы: ) “Вось слухаю я апазыцыйных слухачоў і што чую: народ у нас сьляпы, глухі, недалёкі. Забараніць дзяржаўныя газэты, не даваць слова ў вашай перадачы тым, хто не апазыцыянэр, і вось, калі замест Лукашэнкі будзе апазыцыянэр, то пачнецца перадзел улады сярод “пяцёркі” і іх “плюса”: гэта будзе бой пеўняў, разбазарваньне залатога запасу, зьнікнуць усе нашыя прадпрыемствы, бо Захаду ж непатрэбныя канкурэнты, як гэта адбылося ў Прыбалтыцы, калгасы разваляцца, павялічыцца беспрацоўе. А што ж палепшыцца, вы пытаецеся – гэта крымінал, канечне. Эканоміка пойдзе ўніз, а нам гэта трэба? І вось думай, ці варта нам “менять шило на мыло”? Усяго добрага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG