ТЭГЕРАН. Іранскія афіцыйныя асобы адкінулі падазрэньні адмыслоўцаў у ядзерных праграмах у тым, што Тэгеран хавае ад міжнароднай супольнасьці свае атамныя распрацоўкі.
Дэвід Олбрайт, былы ядзерны інспэктар, заявіў што новыя здымкі, зробленыя спадарожнікамі, сьведчаць пра тое, што іранскі вайсковы комплекс Парчын можа быць месцам, дзе вядуцца атамныя распрацоўкі. Олбрайт сказаў, што МАГАТЭ зьвярнулася да Ірану с просьбай дазволіць наведаць гэтае месца, аднак Тэгеран праігнараваў запыт.
Між тым, Хасэйн Мусаван – кіраўнік іранскай дэлегацыі на сустрэчы МАГАТЭ ў Вене – назваў гэтыя абвінавачаньні няпраўдай ды заявіў, што МАГАТЭ не зьвярталася да Ірану з просьбай наведаць вайсковы аб’ект Парчын.