Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Несьцярэнка: “Гэта звычайная правакацыя”


Алег Супрунюк, Берасьце Алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка сьцьвярджае, што ўзятыя ў яе афіцыйным чынам тэсты на допінг ніколі не давалі станоўчых вынікаў. Цяперашнія зьвесткі пра выяўлены ў ёйным арганізьме два гады таму прэпарат кленбутэрол Несьцярэнка называе звычайнай правакацыяй.

Нягледзячы на тое, што алімпійская чэмпіёнка на стомэтроўцы Юлія Несьцярэнка вырашыла адмовіцца ад удзелу ў найбліжэйшых міжнародных спаборніцтвах, яна працягвае трэніроўкі. Але берасьцейская спартоўка пазьбягае цяпер кантактаў з журналістамі, калі тыя цікавяцца абставінамі спаборніцтваў у польскім горадзе Бяла Падляска два гады таму. Нібыта тады супрацоўнікі варшаўскай спартовай лябараторыі выявілі ў ейным допінг-тэсьце забаронены прэпарат — кленбутэрол. Юлія Несьцярэнка кажа, што ніякіх зьвестак на гэты конт у яе няма.

(Несьцярэнка: ) “Ведаеце, я магла ўсё сказаць, але ніводнай станоўчай пробы да мяне не паступала. І не хачу гаварыць на гэтую тэму. Гэта звычайная правакацыя, цяпер будуць гаварыць і не такое. Я яшчэ была ў Афінах, і ўжо баўгары напісалі нешта дрэннае, але я не чытала сама. І цяпер тое самае паўтараецца ўсё”.

Сваю адмову ад удзелу ў іншых міжнародных спаборніцтвах сёлетняга сэзону Юлія Несьцярэнка тлумачыць стомленасьцю і тым, што пасьля Алімпіяды яна ня здолела аднавіць сваёй найлепшай формы. Таму спартоўка вырашыла толькі трэніравацца і рыхтавацца да наступнага сэзону.

Дзяржаўны трэнэр Берасьцейскай вобласьці ў лёгкай атлетыцы Леанід Зубрыцкі не выключае, што да скандалу маглі спрычыніцца былыя польскія спонсары Юліі Несьцярэнкі, зь якімі яна больш не супрацоўнічае.

(Зубрыцкі: ) “Канечне, непрыемная сытуацыя двухгадовай даўніны, калі там нешта і было... Увогуле, нічога нідзе афіцыйнага не было, а польскі спонсар падыходзіў і пасьля Алiмпіяды, і пасьля зімняга чэмпіянату. Можа, яны пакрыўдзіліся, што яна не захацела далей зь імі супрацоўнічаць”.

Спадар Зубрыцкі ўпэўнены, што гэты скандал разьдзьмуты штучна і не прывядзе да перагляду вынікаў на Алімпіядзе ў Афінах. Ён нагадаў, што варшаўская спартовая лябараторыя, якая нібыта выявіла станоўчы допінг-тэст у Юліі Несьцярэнкі, ня мае афіцыйнай акрэдытацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту.
XS
SM
MD
LG