Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Беларусі няма палітыкаў маштабу Лукашэнкі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Цягам мінулага тыдня ўсе гледачы дзяржаўных тэлеканалаў і чытачы дзяржаўных газэт пераканаліся ў тым, што выказвацца супраць рэфэрэндуму гэтым мэдыям забаронена. Вызначыўся і самы распаўсюджаны аргумэнт, які выкарыстоўваюць прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі: маўляў, усё роўна ў Беларусі няма іншага палітыка, які бы мог яго замяніць на прэзыдэнцкай пасадзе. На гэтую тэму разважае ў сваім лісьце Аксана Астаповіч зь Ліды. Слухачка піша:

“Пагаджаюся з вамі ў тым, што 12 гадоў пры ўладзе для прэзыдэнта – можа, і дастаткова. Але ж хто прыйдзе на зьмену Лукашэнку? Сапраўды ж, іншых палітыкаў такога маштабу ў Беларусі няма. Ня ведае народ ніякіх іншых прозьвішчаў. У іншых краінах хоць прэм’ер-міністар і сьпікер парлямэнту – яркія, адметныя асобы. А ў нас? Спытайце на вуліцы, ці ведаюць людзі, хто ў Беларусі ўзначальвае Палату прадстаўнікоў? Адкажа адзін чалавек са ста. Сьпікера Папова не відаць і не чуваць. Такое ўражаньне, што ён узначальвае не заканадаўчую ўладу, а які-небудзь аддзел у адміністрацыі прэзыдэнта. Тое ж і прэм’ер Сідорскі – непрыкметная, незаўважная асоба, ніколі не выступае па тэлебачаньні, не гаворыць з народам па душах”.

Тое, што ў дзяржаўных мэдыях не даюць магчымасьці выступаць іншым палітыкам, апроч Аляксандра Лукашэнкі, зусім не азначае, спадарыня Астаповіч, што гэтых палітыкаў няма. Адметныя яркія асобы, таленавітыя арганізатары, мудрыя кіраўнікі ёсьць. Адны зь іх узначальваюць буйныя прадпрыемствы, іншыя – працуюць у навуцы, у органах кіраваньня. Але ніхто зь іх доступу да шырокай грамадзкай трыбуны ня мае і ў блізкай будучыні наўрад ці будзе мець. Аляксандар Лукашэнка не зацікаўлены ў канкурэнтах, і ў яго ёсьць усе магчымасьці дзеля таго, каб любых патэнцыйных супернікаў не дапускаць да тэлеэкрану і да публічных пасадаў.

Наколькі небясьпечна ва ўмовах Беларусі нават ня мець, а хоць бы патэнцыйна прэтэндаваць на месца моцнага суперніка дзейнага прэзыдэнта – самі палітыкі і грамадзкія дзеячы добра ведаюць. Прыклады ва ўсіх перад вачыма: Міхаіл Чыгір, Віктар Ганчар, Васіль Лявонаў, Юры Захаранка, Міхаіл Марыніч.

Кароткі ліст ад Рамана Зіноўева зь Лёзна. Слухач піша:

“Нядаўняя заява амэрыканскага сэнатара Маккэйна, зробленая ў Рызе – гэта блаславеньне беларускаму народу, які варты таго, каб жыць у Эўропе. Калі-небудзь Варшаўскі мост у Берасьці стане звычайным мостам, а не мяжой паміж цывілізацыямі, як цяпер. А пра сёньняшнюю Беларусь нашы нашчадкі будуць даведвацца ў музэі. Там абавязкова павінен быць калючы дрот, які аддзяляў Беларусь ад Эўропы, а таксама шматлікія партрэты таго чалавека, які імкнецца стаць пажыцьцёвым прэзыдэнтам”.

Слушныя развагі, спадар Зіноўеў. У ня надта далёкія 1970-80-я гады любы жыхар Усходняй Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі выдатна ўсьведамляў, наколькі штучным быў тагачасны падзел Эўропы і наколькі недарэчна выглядаў калючы дрот у цэнтры Бэрліна альбо на мяжы паміж Маравіяй і Баварыяй. І амаль усе разумелі, што рана ці позна кантынэнт стане адзіным, а Бэрлінскі мур рухне. І ён рухнуў. Праўда, усходнеэўрапейцам спатрэбілася на гэта амаль паўстагодзьдзя.

Гэтак жа недарэчна выглядаюць сёньня калючы дрот і ўзараная кантрольна-сьледавая паласа паміж Берасьцем і Тэрэспалем, паміж Ашмянамі й Вільняй. Непазьбежна настане час, калі гэты падзел Эўропы будзе скасаваны. Цяперашняму пакаленьню беларусаў застаецца спадзявацца, што на гэта спатрэбіцца менш часу, чым паўстагодзьдзя. Усё ж магчымасьці і ўплыў цяперашняга беларускага рэжыму несувымерныя з той сілай, што меў таталітарны Савецкі Саюз. Дый тэндэнцыі ў сучаснай міжнароднай палітыцы зусім не спрыяюць кансэрвацыі аўтарытарызму ў невялікай эўрапейскай дзяржаве.

Цікавы ліст на гэтую тэму даслаў нам Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Успамінаючы пра нядаўнюю атаку тэрарыстаў на расейскія гарады, слухач разважае пра тое, як зьмяніліся за апошні час геапалітычныя рэаліі. Спадар Марціновіч піша:

“Сёньня Расея выступае ўжо ў іншай ролі, чым СССР у апошнія гады свайго існаваньня. Камуністычная Расея ў сярэдзіне 1980-х была цэнтрам і сымбалем чырвонай імпэрыі, лютым ворагам і душыцелем прыбалтаў, палякаў, чэхаў, вугорцаў ды іншых каляніяльных народаў. Цяпер Расея ўсё больш выступае ў ролі Поўначы ў новым канфлікце плянэты па лініі Поўнач – Поўдзень, Захад – ісламскі сьвет. Такім чынам, ад Беларусі проста адабраныя ўсе рухавікі й перадумовы да адраджэньня паводле схемы канца СССР, калі ўсходняя частка гістарычнай Эўропы пакутавала пад прыгнётам Масквы і расейскага ядра імпэрыі. Сёньня эўразійскія Крэмль, Пуцін, Масква й Расея больш блізкія да Захаду, чым лідэр намінальна эўрапейскай Беларусі”.

Гэтая тэндэнцыя нібыта відавочная для ўсіх. Але вось жа адважыўся Аляксандар Лукашэнка кінуць выклік і заходняй супольнасьці, і Расеі. Прэзыдэнцкі самалёт бярэ курс на Дамаск і на Трыпалі, у Менску на найвышэйшым узроўні прымаюць аўтарытарных валадароў Судану ды Ірану. Хоць зусім зразумела, што аддаленая ад ісламскага сьвету на дзьве тысячы кілямэтраў Беларусь, у народу якой зусім іншая мэнтальнасьць, рэлігія, гісторыя, культура, ніколі ня стане часткай таго сьвету. І ня там пралягаюць прыярытэтныя кірункі разьвіцьця яе эканомікі, навукі, культуры.

Мікалай Слуцкі зь Менску адклікнуўся на “Экспэртызу Свабоды”, якая прагучала ў нашым эфіры 24 жніўня і была прысьвечаная сочынскай сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Слухач, у прыватнасьці, зьвярнуў увагу на словы Пуціна пра тое, што ў кастрычніку сам народ Беларусі пакажа, як ставіцца да ўлады. Мікалай Слуцкі з гэтай нагоды піша:

“Дзіўна, што вядучы экспэртызы Валер Карбалевіч трактаваў словы Пуціна як падтрымку Лукашэнкі (маўляў, Пуцін ведае, як адбываюцца выбары ў Беларусі). Адметна, што Карбалевіча не падтрымалі экспэрты Ірына Халіп і Аляксандар Класкоўскі, які, паводле ягоных словаў, нядаўна пабываў у Маскве. Сапраўды, магчымая ж і іншая трактоўка дыпляматычнага выказваньня Пуціна. Адкрыта сфальшаваныя ўладай выбары ў краіне, дзе ўлада належыць адной асобе, для ўсяго сьвету ёсьць відавочным доказам таго, што сам рэжым упэўнены, што народ яго не падтрымлівае. Дзіўна, што Валер Карбалевіч аддаў перавагу трактоўцы, якая найбольш засмучальная для апазыцыі”.

Важна, спадар Слуцкі, што ў перадачы вы пачулі розныя погляды на гэтую праблему – у тым ліку і той, які падзяляеце сам. Увогуле, стаўленьне расейскага прэзыдэнта да праблемы беларускага рэфэрэндуму і падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў – безумоўна, важнае. Але пакуль што Крэмль у гэтым пытаньні абыходзіцца маўчаньнем альбо вельмі агульнымі ацэнкамі. І на падставе скупой афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу Пуціна й Лукашэнкі ў Сочы ніякіх адназначных высноваў зрабіць немагчыма. Застаецца рабіць здагадкі. Чым, уласна, і займаюцца палітолягі ды аналітыкі.

На заканчэньне — фрагмэнт ліста Ільлі Копыла зь Менску на тэму нядаўніх трагічных падзеяў у расейскім Бэслане. Слухач піша:

“Нават па тэлебачаньні немагчыма было бязь сьлёз назіраць за тым, што адбывалася на працягу трох дзён у захопленай школе. Вялікае гора напаткала тых людзей, чые дзеці й сваякі загінулі ў гэтай бязглуздай акцыі. Гэты тэракт нанёс непапраўную шкоду вызвольнаму руху, які яўна й таемна дзейнічае як на Паўночным Каўказе, так і ў іншых мясьцінах Расейскай імпэрыі. Спрыяльныя ўмовы і падставы для тэрору ствараюць самі расейскія ўлады, кіруючыся імпэрскімі амбіцыямі. Імпэрскай хваробай у Расеі ахоплены ўсе – ад прэзыдэнта да бамжа. І пасьля кожнага чарговага тэракту ўсе шышкі падалі на галовы чачэнцаў... Але чым дзеяньні расейскіх капітана Ульмана, які забіваў безабаронных чачэнцаў, палкоўніка Буданава, які згвалціў і задушыў чачэнскую дзяўчыну, ды тысячаў іншых расейскіх вайскоўцаў адрозьніваюцца ад тых тэрарыстаў, якія захапілі школу ў Бэслане?” – задае пытаньне ў сваім лісьце на Свабоду былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску.

Адрозьненьні, спадар Копыл, усё ж ёсьць, і істотныя. Палкоўнік Буданаў адбывае пакараньне за ўчыненае злачынства. Справа капітана Ульмана таксама не закрытая. Але галоўнае нават ня тое. Адна справа, калі чачэнскі рух супраціву вядзе ўзброеную барацьбу з рэгулярнымі вайсковымі часткамі, з прысланымі на Каўказ зь іншых рэгіёнаў Расеі ўзброенымі аддзеламі міліцыі. І зусім іншае – сьвядомы, сплянаваны захоп і забойства ні ў чым не вінаватых дзетак. Якімі б матывамі ні апраўдваліся бандыты – прагай помсты, барацьбой за свабоду і незалежнасьць – не існуе мэтаў, якімі б можна было апраўдаць гэтае жудаснае злачынства.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Андрэй Паско зь Берасьця, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, Бярнард Пакульніцкі зь Нясьвіжу, Мікалай Вагін зь Менску і Зьміцер Плакса зь Віцебску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG