Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску затрымалі актывіста моладзевай суполкі “Сёмая грань” Сьцяпана Цішуціна


Браніслава Станкевіч, Віцебск Паводле падазрэньня міліцыянтаў, ён займаўся заўчаснай перадвыбарчай агітацыяй – рабіў на сьценах надпісы “Галасуйце за Карач” і “Не – рэферэндуму”.

Дваццацігадовы Сьцяпан Цішуцін сустрэўся зь міліцыянтамі, вярнуўшыся дахаты ад сябра. Маці, якая ў ягоную адсутнасьць адчыніла дзьверы, супрацоўнікі міліцыі загадалі паказаць сынаў пакой.

(Цішуцін: ) “Іх было ўсяго чацьвёра, але пасьведчаньняў мне ніхто не паказаў. Адзін прадставіўся ўчастковым. Я запытаўся ў яго: “Што вы шукаеце ў маім пакоі?” Ён сказаў: “Правяраем, чым ты тут займаесься”. Паглядзелі мае малюнкі ды сказалі: “Цяпер паедзем ў райаддзел”.

У Кастрычніцкім райаддзеле Сьцяпана дапытвалі каля дзьвюх гадзін. З гэтых роспытаў вынікала, што яго лічаць датычным да зьяўленьня на сьценах надпісаў “Галасуйце за Вольгу Карач”, “Не – рэферэндуму” ды іншых.

Аднак сьледчая Аксана Зіль, якая праводзіла допыт, у якасьці камэнтару назвала зусім іншую прычыну ягонага затрыманьня:

(Зіль: ) “Проста цягам дня ў нас у чатырох бабулек адначасова скралі кашалькі. І мы правяраем усіх маладых хлапцоў, хто падобны па зьнешніх прыкметах”.

Як кажа Сьцяпан Цішуцін, пра рабаўніцтвы чатырох бабулек сьледчая не пыталася ўвогуле. Затое цікавілася ягоным блізкім сяброўствам з кіраўнічкай суполкі “Сёмая грань” Вольгай Карач, цяпер – патэнцыйнай кандыдаткай у дэпутаты Парлямэнту.

Сама спадарыня Карач параіла хлопцу напісаць скаргу ў пракуратуру, бо міліцыянты наладзілі ў яго дома несанкцыянаваны ператрус, не паказаўшы нават сваіх пасьведчаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG