Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына актыўна раззбройваецца


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Беларуская міліцыя праводзіць апэрацыю пад назвай “Арсэнал”. Праваахоўчыя органы агітуюць насельніцтва добраахвотна здаваць зброю, якая незаконна захоўваецца. На працягу 10 дзён, пакуль доўжыцца апэрацыя “Арсэнал”, грамадзяне, якія самі прынесьлі зброю ў міліцыю, вызваляюцца ад адказнасьці. Найбольш актыўна раззбройваецца Магілёўская вобласьць.

Сапраўды, у Магілёўскай вобласьці было канфіскавана больш за 200 адзінак агнястрэльнай зброі, значная колькасьць баепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Аднак большая часьць гэтага арсэналу – часоў Другой усясьветнай вайны. І ў гэтым як раз і ёсьць прычына лідэрства Магілёўшчыны ў апэрацыі “Арсэнал”. У Магілёве на Буйніцкім полі, на рацэ Проня падчас вайны ішлі жорсткія баі, тут знаходзяць у зямлі шмат зброі і школьнікі-сьледапыты, і чорныя архэолягі. Вось, напрыклад, у вёсцы Глушнева Крычаўскага раёну у двух мясцовых жыхароў знайшлі 21 гранату і больш за 50 кіляграмаў трацілу. Гэтаму арсэналу больш за 60 гадоў – хаця, гавораць, усё добра захавалася.

Навошта людзям такая колькасьць зброі і выбуховых рэчываў? Часьцей за ўсё выбуховыя рэчывы выкарыстоўваюць для браканьерства – глушыць рыбу. Аднак, паводле міліцыянтаў, прычынаў шмат. Пра адну зь іх гаворыць старэйшы інспэктар управы прафіляктыкі магілёўскай міліцыі Сяргей Канаплёў:

(Канаплёў: ) “Мы ня можам сказаць, колькі сёньня зброі на руках ёсьць. Проста чалавек недзе знайшоў, можа, ад дзеда засталося, спадчыну, і мяркуе – а няхай ляжыць, ці мала дзе ў жыцьці спатрэбіцца”.

Сяргей Канаплёў таксама лічыць, што многія людзі, якія захоўваюць зброю, ня ведаюць, што ў выпадку добраахвотнай здачы ім скасуецца пакараньне, і народ баіцца. Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак адбыўся ў Бабруйску, калі мужчына паклаў сваю зброю на могілках і потым інкогніта паведаміў у міліцыю, дзе яе трэба забраць.

А калі чалавек знайшоў зброю Другой усясьветнай вайны, то ці можа ён аддаць яе у музэй, а не міліцыянтам? З такім пытаньнем я зьвярталася у Магілёўскі краязнаўчы музэй – але мне адказалі, што за апошнія 10 гадоў хіба што дзеці прынесьлі іржавы штык-нож да вінтоўкі-бярданкі, прасілі тысячаў 5 рублёў, але хлопчыкам параілі пакінуць штык-нож сабе на памяць.

Што датычыцца агнястрэльнай зброі, то людзі ня хочуць лішніх клопатаў. Што маецца на ўвазе – тлумачыць Сьвятлана Гаўрылава, галоўны хавальнік музэя:

(Гаўрылава: ) “Мы можам набываць зброю толькі ў чалавека, які мае дазвол на захоўваньне гэтай зброі. Трэба вельмі шмат дакумэнтаў аформіць. Калі чалавек яе знайшоў, то ісьці займацца ліцэнзіяй і дазволам ён, канечне, ня будзе”.

А як наконт сучаснай зброі: колькі каштуе новая зброя, а таксама дазвол на яе захоўваньне? Паводле некаторых зьвестак, “новыя беларусы” цяпер легальна езьдзяць за зброяй у Літву, дзе яна нібыта якасная і мае прымальны кошт. Казалі, што сярэдні пісталет каштуе 500 тысяч беларускіх рублёў – гэта вельмі прыкладна, але ўсё роўна нятанна. Да таго ж, два гады таму Савет міністраў падняў кошты на працяг ліцэнзіяў захоўваньня зброі. Раней была палова мінімалкі на тры гады, цяпер – дзьве базавыя велічыні, 38 тысячаў. Таму пэнсіянэры цяпер таксама актыўна здаюць сваю зарэгістраваную зброю – папросту пазбаўляюцца яе, каб не траціць грошы – падчас апэрацыі “Арсэнал”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG