Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Лазавік пра агітацыю: “Дзяржава ў асобе свайго вышэйшага інстытуту ініцыявала рэфэрэндум і адстойвае ўласны пункт гледжаньня”


Валер Каліноўскі, Менск Дзяржаўныя СМІ не дапускаюць агітацыі супраць зьмены Канстытуцыі, вынесенай на рэфэрэндум. Апазыцыя называе гэта парушэньнем Выбарчага кодэксу, але Цэнтрвыбаркам лічыць такое становішча нармалёвым.

Сойм партыі БНФ на мінулым паседжаньні запатрабаваў ад Цэнтрвыбаркаму, Белтэлерадыёкампаніі, газэты “Советская Белоруссия”, Міністэрстваў юстыцыі і інфармацыі забясьпечыць выкананьне артыкулу 46 Выбарчага кодэксу Беларусі, які гарантуе роўнае права пры агітацыі “за” ці “супраць” вынесеных на рэфэрэндум пытаньняў.

На лісты ў дзяржаўныя ўстановы, падпісаныя лідэрам БНФ Вінцуком Вячоркам, пакуль рэакцыі няма. Спадар Вячорка прагназуе, што адказамі будуць фармальныя адпіскі.

(Вячорка: ) “Мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах і што нават гэтая заканадаўчая прастора дазваляе, для таго, каб патрабаваць законнасьці ад уладаў. Тое ж, што робяць яны – гэта беззаконьне, ніхто ніякіх ілюзіяў не мае”.

За выкананьнем заканадаўства аб правядзеньні выбараў і рэфэрэндумаў сочыць Цэнтрвыбаркам, але там ніякіх парушэньняў у дзейнасьці дзяржаўных СМІ не заўважаюць. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што калі паміж кандыдатамі ў дэпутаты прадугледжваецца разьмеркаваньне эфірнага часу й газэтных плошчаў для агітацыі за сябе, то пры абмеркаваньні пытаньняў рэфэрэндуму такога няма. Мікалай Лазавік нават падтрымлівае аднабаковую агітацыю ў дзяржаўных СМІ:

(Лазавік: ) “Дзяржава ў асобе свайго вышэйшага інстытута ініцыявала рэфэрэндум і адстойвае ўласны пункт гледжаньня”.

Мікалай Лазавік параіў апанэнтам вынесенага на рэфэрэндум пытаньня “актыўна выкарыстоўваць магчымасьці палітычных партыяў і грамадзянаў”.

Тым часам дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму публікуюць агітацыйныя матэрыялы толькі “за” магчымасьць працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, нават пад рубрыкай “палеміка”. У адной з перадач першага тэлеканала брала ўдзел дэпутат Вольга Абрамава. Яна кажа, што гледачы так і не пачулі ўсе яе выказваньні. Спадарыня Абрамава ўпэўненая, што роўнасьці пры агітацыі “за” і “супраць” вынесенага на рэфэрэндум пытаньня не забясьпечваецца, аднак гэта ня будзе мець асаблівага ўплыву на вынік рэфэрэндуму, паколькі меркаваньні ўжо сфармаваныя. Грамадзтва даўно палярызавалася ў сваіх адносінах да А. Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG