Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас лічыць, што пры правядзеньні рэфэрэндуму ў Беларусі павінны быць створаныя ўмовы для сумленнай і адкрытай дыскусіі


Ганна Соусь, Менск На просьбу Радыё Свабода літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас выказаўся пра рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам.

(Паслаўскас: ) “Рэфэрэндум – гэта праяўленьне волі людзей, і вельмі важна, каб умовы для такога праяўленьня былі празрыстымі і яснымі. Безумоўна, пры рашэньні самых жыцьцёва значных пытаньняў разьвіцьця краіны, нацыі, грамадзтва павінны быць створаныя ўмовы для выяўленьня ўсіх поглядаў для правядзеньня сумленнай і адкрытай дыскусіі, калі погляды адрозьніваюцца”.

У самой Літве рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму было ацэненае нэгатыўна. Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс, выступаючы па нацыянальнаму радыё, сказаў, што гэткі крок ня будзе спрыяць умацаваньню дэмакратыі ў Беларусі. Старшыня камітэту замежных справаў Сэйму Літвы Гедымінас Кіркілас назваў ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі “недэмакратычнай” і “незаконнай”. А старшыня парлямэнцкага камітэту ў справах НАТО Вацлаў Станкевіч адзначыў, што рашэньне беларускага прэзыдэнта аб правядзеньні рэфэрэндуму павялічвае верагоднасьць таго, што Беларусь “яшчэ доўга будзе заставацца на ўскрайку Эўропы і дэмакратыі”.

Ужо другі тыдзень літоўскае дыпляматычнае прадстаўніцтва выконвае ролю кантактнай амбасады НАТО ў Беларусі. Выступаючы сёньня перад журналістамі, літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас распавёў пра тое, што Літва стане донарам ў справе зьнішчэньня супрацьпяхотных мінаў у Беларусі. Кантактная амбасада НАТО будзе таксама распаўсюджваць інфармацыю пра дзейнасьць НАТО, арганізоўваць візыты прадстаўнікоў НАТО ў Беларусь, праводзіць сэмінары, канфэрэнцыі на тэму НАТО. У адной зь беларускіх бібліятэкаў плянуецца адкрыць дэпазытарый бібліятэкі НАТО.

Зь 1 верасьня ў Менску працуе ваенны аташэ Літвы ў Беларусі Альвідас Даненас, які непасрэдна кантактуе з прадстаўнікамі міністэрства абароны Беларусі ў пытаньнях супрацоўніцтва паміж НАТО й Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG