Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 14 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 14 верасьня

“Сын Беларуса”, 1924 год:

“Польскае агенцтва падае, што радавы ўрад прыслаў адказ на польскую ноту ў справе нападу на Стоўпцы. У ноце гэтай, поўнага тэксту якой мы яшчэ ня маем, радавы ўрад катэгарычна пярэчыць заяве польскага ўраду, што бандыты прыйшлі з тэрыторыі ССРР. Урад ССРР сцьвярджае адсутнасьць у Менску нейкай бандыцкай арганізацыі, якая б кіравала гэтымі нападамі. Якраз наадварот — радавы ўрад сам закідае польскаму, што з польскай тэрыторыі сыстэматычна пераходзяць на радавы бок польскія банды, тэрорызуючы мясцовае насяленьне…”

“Бацькаўшчына”, 1954 год. Пра асваеньне цаліны ў СССР:

“…сёньняшняя перасяленская акцыя зьяўляецца толькі ўступам да перасяленьня “ў шырокіх маштабах”, якое будзе праводзіцца “ў бліжэйшыя гады”. Ня можа быць найменшага сумлеву, што перасяленьне гэтае “ў шырокіх маштабах” мае на мэце разагнаць беларускае насельніцтва па бязьмежных прасторах Сібіру й Казахстану, растапіць яго сярод іншых народаў, галоўна расейцаў, і зрусыфікаваць. У артыкуле гаворыцца, што перасяленьне будзе праводзіцца “на дабравольных пачатках”. Але-ж ведама, што ў Савецкім Саюзе ўсё робіцца толькі “дабравольна”. Нават зьненавіджаная калектывізацыя, якая каштавала народу мільёны галодных сьмерцяў і ссылак, праводзілася, як ведама, таксама толькі “дабравольна”.

“Народная газета”, 1994 год. Дзяржаўная камісія па ўдакладненьні правапісу беларускай літаратурнай мовы:

“На думку многіх рупліўцаў роднага слова, асноўнай задачай з’яўляецца зараз пашырэнне беларускай літаратурнай мовы ў грамадскіх зносінах. Змяненні ж у правапісе цягнуць за сабой не толькі матэрыяльныя выдаткі і затраты значнага часу на іх пашырэнне і ўкараненне, але і зніжэнне прэстыжу беларускай літаратурнай мовы, тэмпаў яе пашырэння ва ўжыванні. Ды і змяненні ў правапісе непазбежная вядуць да нестабільнасці яе самой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG