Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз мае “сумневы, ці будуць выкананыя неабходныя ўмовы для правядзеньня свабоднага й справядлівага рэфэрэндуму ў Беларусі”


Юры Сьвірко, Менск Рада агульных справаў і замежных дачыненьняў Эўразьвязу заявіла, што “прызнае права Беларусі на рэфэрэндум”, аднак падкрэсьліла неабходнасьць правесьці яго згодна са стандартамі й нормамі АБСЭ й Рады Эўропы.

Рада Эўразьвязу, як адзначаецца ў “Высновах па Беларусі”, даведалася “зь вялікай заклапочанасьцю, што цяперашні прэзыдэнт Беларусі склікаў рэфэрэндум, які будзе праведзены паралельна з парлямэнцкімі выбарамі 17 кастрычніка 2004 году дзеля зьмяненьня канстытуцыі Беларусі, каб дазволіць прэзыдэнту балятавацца без абмежаваньняў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

У высновах, абнародаваных сёньня ўвечары ў Брусэлі, зазначаецца: “Рада мае сур’ёзныя й добра абгрунтаваныя сумневы што да таго, ці выкананыя неабходныя ўмовы для правядзеньня свабоднага й справядлівага рэфэрэндуму ў Беларусі. Наадварот, становішча з дэмакратыяй, вяршэнствам закону й правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, што прадэманстравалі, сярод іншага, нядаўняе закрыцьцё некалькіх незалежных газэт і працяг прыцісканьня апазыцыі”.

Высновы нагадваюць, што “Эўразьвяз пастаянна заклікаў беларускія ўлады ўсталяваць справядлівы й канструктыўны дыялёг з апазыцыяй да таго, як можа быць праведзены любы рэфэрэндум па зьмяненьні канстытуцыі”. Эўрапейскі Зьвяз таксама падкрэсьліваў, што павінны быць істотныя зьмены ў Выбарчым кодэксе Беларусі – “іх пасьпяховае ажыцьцяўленьне было б важнай умовай для гарантаваньня свабоднага й справядлівага рэфэрэндуму”.

У высновах гаворыцца, што “мусіць быць яўнае паляпшэньне ў сытуацыі з мэдыямі, ў прыватнасьці свабода доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх палітычных груповак”. “Нарэшце, трэба падумаць аб пераглядзе ролі парлямэнту, каб даць яму сапраўдныя паўнамоцтвы”, – лічыць Рада й паўтарае свой спадзеў на тое, што Беларусь зойме належнае месца сярод эўрапейскіх дэмакратычных краін. “У гэтым выпадку Эўразьвяз быў бы здольны далей разьвіваць дачыненьні паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, уключыўшы яе ў кантэкст палітыкі эўрапейскага суседзтва”.

Аднак Рада агульных справаў і замежных дачыненьняў Эўразьвязу падкрэсьлівае: калі парлямэнцкія выбары ды абвешчаны рэфэрэндум не адбудуцца пры свабодных і справядлівых ўмовах, “гэта ня зможа застацца без наступстваў для ўзаемадачыненьняў”.

Таксама Рада пацьвердзіла свой актыўны ўдзел у разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці й падтрымцы дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG