Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада агульных справаў і замежных дачыненьняў Эўразьвязу абмяркоўвае беларускае пытаньне


Юры Сьвірко, Менск На паседжаньні ў Брусэлі ў панядзелак паводле прапановы Латвіі гэтая Рада, магчыма, прыме высновы наконт сытуацыі ў Беларусі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка абвесьціў рэфэрэндум.

Беларускае пытаньне абмяркоўваецца міністрамі замежных справаў краін Эўразьвязу разам з такімі тэмамі, як Ірак, Іран і Судан. Хаця Беларусь у парадку дня стаіць на апошнім месцы, для ініцыятара разгляду гэтага пытаньня — суседняй Латвіі — яно адно з найважнейшых. Прэсавая сакратарка міністра замежных справаў Латвіі Дагнія Стукена паведаміла, што кіраўнік МЗС Артыс Пабрыкс, які ўжо выказваўся крытычна пра сытуацыю ў Беларусі, ня змог паехаць у Брусэль — там яго замяняе дзяржаўны сакратар МЗС Латвіі Марыс Рыэкстыньш, адзін з арганізатараў Рыскае канфэрэнцыі па Беларусі, што адбылася сёлета ў лютым.

Спадарыня Стукена зазначыла:

(Стукена: ) “Мы суседняя краіна, у нашых інтарэсах таксама разьвіцьцё нашай суседняй дзяржавы як дэмакратычнай ды пасьпяховай. І мы думаем, каб разьвіць нашы дачыненьні, Латвіі як сябра Эўразьвязу, мы павінны пра гэта размаўляць на ўзроўні Эўрапейскага зьвязу”.

Дагнія Стукена заявіла, што высновы па Беларусі могуць быць ухваленыя ў Брусэлі ўвечары ў панядзелак. Гэта будзе супольная пазыцыя ўсіх 25 краін Эўразьвязу.

Нагадаем, крыніца ў кіраўніцтве Эўразьвязу паведаміла агенцтву “Ройтэрс”, што Эўразьвяз можа ўвесьці санкцыі супраць Беларусі, такія як забарону на атрыманьне візаў і замарожваньне банкаўскіх рахункаў, калі ў Беларусі будзе праведзены рэфэрэндум пра права Лукашэнкі балятавацца на трэці тэрмін. “Мы ўжо папярэдзілі Лукашэнку пра магчымыя наступствы абвяшчэньня рэфэрэндуму”, — паведаміў прадстаўнік Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG