Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Што можа зьмяніцца ў Беларусі да лепшага, калі краіну ўзначаліць іншы прэзыдэнт?


Ганна Соусь, Менск З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

Аляксандар Лукашэнка неаднойчы гаварыў пра тое, што безь яго ўсё ў краіне зьменіцца да горшага. Я зьвярнулася да менчукоў з пытаньнем: што, на іхную думку, можа зьмяніцца ў Беларусі да лепшага, калі краіну ўзначаліць іншы прэзыдэнт?

(Спадар: ) “Прынамсі, перастануць забараняць канцэрты і стане больш свабодна. Я перастану баяцца, ці прынамсі меней баяцца і, можа быць, дазволю сябе размаўляць у вышэйшай навучальнай установе па-беларуску”.

(Спадарыня: ) “Калі гэта будзе іншы чалавек, іншая асоба, магчыма, нешта зьменіцца да лепшага”.

(Спадар: ) “Не, нічога ня зьменіцца, таму што мы ідзем правільным шляхам. Мы пабудавалі фундамэнт, і цяпер нам засталося ўзьвесьці толькі дом”.

(Спадар: ) “Безумоўна, ня толькі краіна будзе жыць лепей, калі ня будзе Лукашэнкі: краіне проста вельмі хутка і неабходна трэба памяняць гэтага чалавека на іншага прэзыдэнта, таму што гэта адзіны шанец нам як мага хутчэй пачаць неабходныя рэформы”.

(Спадарыня: ) “Хаця б сытуацыя з мовай”.

(Спадарыня: ) “Мне асабіста прэзыдэнт Лукашэнка вельмі падабаецца, безь яго, мне падаецца, лепш ня будзе. Ён вельмі добры чалавек”.

(Спадар: ) “Канечне, зьмена ўлады — заўсёды добра”.

(Спадар: ) “Думаю, што безь яго нешта павінна стаць лепш. Вось гэта, што ён цяпер праводзіць, гэты рэфэрэндум, па тэлебачаньні ўсё накіравана на тое, каб яго выбралі, гэта, я лічу, ня вельмі слушна. А безь яго нешта будзе лепей”.

(Спадар: ) “На дадзены момант Беларусі патрэбны адзін і той жа прэзыдэнт”.

(Спадар: ) “Шчыра кажучы, ня бачу палітычных дзеячаў у Беларусі, якія маглі бы замяніць яго, такіх дастаткова моцных палітыкаў, як Лукашэнка”.

(Спадар: ) “У Аляксандра Лукашэнкі ўжо ёсьць досьвед. А чалавек з досьведам усё ж больш разумны”.

(Спадарыня: ) “Гэта залежыць ад таго, хто будзе гэтым іншым прэзыдэнтам, але я і мае калегі ня бачым нікога, хто мог бы ім быць. Я ня думаю, што пайшло бы да горшага, калі наступны прэзыдэнт быў бы болей інтэлігентны, болей разумны, меней катэгарычны”.

(Спадар: ) “Ягоная палітыка — гэта поўная бязглузьдзіца. За кошт калгасаў мы ніколі ня выцягнем краіны. Трэба мяняць эканамічную палітыку нашай краіны”.

(Спадар: ) “Заўжды, калі адзін чалавек сядзіць, гэта вядзе да застою. Павінна быць зьмена абавязкова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG