Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі КГБ пагражалі прадстаўніку маладых сацыял-дэмакратаў Швэцыі дэпартацыяй


Казімір Яноўскі, Гомель 11 верасьня ў Гомелі а палове шостай гадзіны вечара супрацоўнікі мясцовай управы КГБ і міліцыі сарвалі сэмінар маладых сацыял-дэмакратаў. Сэмінар быў прысьвечаны рэфэрэндуму і парлямэнцкім выбарам. Госьця сэмінару, міжнароднага сакратара арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў са Швэцыі Альбэна Далена папярэдзілі: калі ён не пакіне Беларусь у бліжэйшы панядзелак, то будзе дэпартаваны.

Міжнародны сакратар арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў са Швэцыі Альбэн Дален прыехаў у Беларусь, каб наладзіць кантакты зь беларускай моладзьдзю і падзяліцца досьведам правядзеньня выбарчых кампаніяў у сваёй краіне.

У Гомелі Альбэн Дален удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе, на якім мясцовыя сацыял-дэмакраты стваралі грамадзкую суполку “Самаадукацыя” й ладзілі сэмінар на тэму: “Рэфэрэндум як парушэньне важнейшага дэмакратычнага прынцыпу зьменнасьці носьбіта ўлады”.

Сход і сэмінар праводзіліся ў актавай зале гатэлю “Кастрычніцкі”. Сюды й зьявіліся ўчора а палове шостай гадзіны вечара маёр міліцыі Аляксандр Тамко з напарнікам ды паўдзесятка людзей у цывільным з відэакамэрай. Што было далей, распавядае ўдзельнік сэмінару Раман Алянік:

(Алянік: ) “Яны пачалі дакучаць нам тым, што дапытваліся, што вы тут робіце, чаму зьбіраецеся, якія пытаньні разглядаеце? Супрацоўнікі, на мой погляд, КГБ, пачалі хадзіць па аўдыторыі, глядзець, дзе што ляжыць, што дзе напісана. Яны нахабна ўзялі швэда, павялі яго на іншы паверх. Усе пакоі нашых прадстаўнікоў з іншых рэгіёнаў “абшманалі”. Быў асабісты дагляд усіх рэчаў”.

Альбэн Дален у сваю чаргу распавёў наступнае:

(Дален: ) “Яны не прадставіліся, не прад’явілі дакумэнтаў і задалі вельмі шмат пытаньняў наконт таго, што я раблю ў Беларусі, якая мэта ўдзелу ў сходзе. Я адказаў, што зьяўляюся прадстаўніком маладзёвай арганізацыі Швэцыі. Прыехаў дзеля ўсталяваньня і разьвіцьця стасункаў беларускай і швэдзкай моладзі. Я напішу гнеўны артыкул у сваёй газэце. У нашай краіне такая сытуацыя ня можа ўзьнікнуць у прынцыпе. На мой погляд, будзе вельмі дзіўна, калі ў Беларусі правядуць сумленныя выбары. Доказ таму – цяперашнія падзеі”.

Спадара Далена супрацоўнікі КГБ папярэдзілі, што ён будзе дэпартаваны, калі не пакіне Беларусь у бліжэйшы панядзелак.

У сэмінары маладых сацыял-дэмакратаў браў удзел прэтэндэнт у кандыдаты парлямэнту, дзейны дэпутат Гомельскага гарсавету Юрась Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Гэта рэакцыя ўлад, які бачыць у кожным мерапрыемстве грамадзкасьці нейкую пагрозу і робяць усё, каб людзі не маглі ніяк вольна сустрэцца і абмеркаваць любыя пытаньні, якія іх цікавяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG