Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня апазыцыйных партыяў – супраць байкоту


Алесь Дашчынскі, Менск Аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя пакуль не разглядае магчымасьці байкоту рэфэрэндуму. Аднак сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ заклікаюць менавіта байкатаваць ня толькі выбары ў Палату прадстаўнікоў, але й аб’яўлены рэфэрэндум. Ці магчымы, наогул, такі сцэнар разьвіцьця падзеяў?

КХП/БНФ пасьлядоўна выступае ў якасьці прыхільніцы байкоту. Гэта адзіная палітычная сіла, якая не возьме ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў. Цяпер, як цьвердзіць сябра КХП /БНФ Валеры Буйвал, “незаконны і нелегітымны рэфэрэндум” якраз пераконвае ў правільнасьці абранай пазыцыі:

(Буйвал: ) “Мы заклікаем усё наша грамадзтва, усе палітычныя сілы, усіх грамадзянаў прыкласьці намаганьні дзеля таго, каб праваліць, сарваць гэты выбарчы фарс, заклікаць усіх выбаршчыкаў не ісьці, ня ўдзельнічаць у галасаваньні, не рэгістравацца, і гэта якраз будзе самы правільны, самы слушны крок дзеля таго, каб давесьці да правалу гэты выбарчы фарс і антынародны рэжым”.

Затое Лібэральна-дэмакратычная партыя выступіла з заявай, што, маўляў, любы байкот рэфэрэндуму будзе расцэнены “як спроба дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі” й заклікала да актыўнага ўдзелу ў рэфэрэндуме.

У сваю чаргу, сябры дэмакратычнай апазыцыі аб’ядналіся, каб супрацьстаяць пагрозе ўсталяваньня пажыцьцёвай і неабмежаванай улады аднаго чалавека. Тлумачыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Пакуль пытаньне байкоту не разглядалася. Канешне, гэта ня выключана, калі раптам пачнуць зачыняць партыі, рэшткі грамадзкіх арганізацый, татальна не рэгістраваць нашых кандыдатаў, тады гэтае пытаньне можа ўзьнікнуць”.

Пакуль дэмакратычная апазыцыя схіляецца да іншага варыянту, пра які распавёў лідэр ініцыятывы “За справядлівыя выбары” Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Байкатаваць мы не зьбіраемся, але мы супраць пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум. У адпаведнасьці з выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь кожны мае права агітаваць “за” ці “супраць” пытаньня вынесенага на рэфэрэндум, ня супраць рэфэрэндуму, а супраць пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум”.

Усе кандыдаты ў дэпутаты зацікаўленыя ў тым, каб выбары адбыліся. Яны будуць агітаваць людзей прыйсьці на выбарчыя ўчасткі. А калі выбаршчык прыйдзе на ўчастак, ён атрымае два бюлетэні – па выбарах і па рэфэрэндуму.

Сябра Народнай грамады Ніна Стужынская мяркуе, што пытаньне рэфэрэндуму актывізавала людзей:

(Стужынская: ) “Людзі ўсё роўна прыйдуць на выбары і могуць проста не заўважыць гэтага байкоту. Я б падтрымала, але, ведаючы рэаліі жыцьця, гэта абсалютна немагчыма. Больш таго, я ведаю дакладна, як гэты мэханізм увесь будзе ўключаны і як ён будзе дзейнічаць. Людзі прыйдуць, іх прыгоняць нават. Таму байкот бессэнсоўны, ён віртуальны, пра яго можна казаць, але як мэханізм ён абсалютна непрыдатны ў нашых умовах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG