Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія алімпійскія чэмпіёны: слаўная мінуўшчына й цяжкая сапраўднасьць


Севярын Квяткоўскі, Менск Алімпійскі чэмпіён і слава: залаты мэдаль як сувэнір сямейнага альбому, ці як магчымасьць зрабіць кар’еру пасьля спорту? Барацьба за першае месца, каб распавядаць цікавую гісторыю ўнукам, ці каб пакінуць унукам у спадчыну добрую маёмасьць? Алімпійскі чэмпіён як “вясельны генэрал” дзяржаўнай ідэалёгіі, ці дзейная асоба грамадзкага жыцьця? Пра лёсы, спадзяваньні і пэрспэктывы беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў мінуўшчыны і сёньняшняга дня – у рэпартажы карэспандэнта “Свабоды”.

Калі сёньня казаць пра беларускіх алімпійцаў, дык, пэўна, варта пачаць зь бягуньні Юліі Несьцярэнкі:

(Юлія Несьцярэнка: ) “Аграмаднае шчасьце, аграмадная радасьць. Я нібыта веру, што выйграла на спаборніцтвах. Але я не ўсьведамляю да канца”.

Эмоцыі ў першыя хвіліны пасьля перамогі. Неспадзяванай для ўсяго сьвету перамогі. Што дае алімпійскае золата? Радасьць, гонар, і пэўна ж, пляны на будучыню. Пра пляны крыху пазьней, а пакуль рушым у цэнтар Менску па меркаваньні звычайных абываталяў.

***

(Карэспандэнт: ) “Я знаходжуся ў адной з кавярняў цэнтру Менску і разам з усімі гляджу Алімпіяду. Дзесьці паралельна ў розных кутках Беларусі і плянэты за хадой Гульняў сочаць і колішнія беларускія алімпійцы. Я пытаюся ў наведнікаў кавярні, а таксама ў людзей на вуліцах цэнтру Менску, ці ведаюць яны беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў?

(Карэспандэнт: ) “Хто былі самыя першыя?”

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, я толькі па вэляспорце ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “А вы цікавіцеся спортам?”

(Спадарыня: ) “Цікаўлюся”.

(Сталы спадар: ) “Вельмі дрэнна ведаю. Раней ведаў усіх, але ўжо трохі забыў”.

(Хлопец: ) “Я ня памятаю – я малады...”

(Карэспандэнт: ) “А нядаўна зусім у 2000?”

(Хлопец: ) “Ня помню зусім”.

(Пэнсіянэр: ) “Я баюся пераблытаць, што гэта будуць расейскія”.

(Дзяўчына: ) “Я ня памятаю”.

(Хлопец: ) “Я з такіх, каму ўсё роўна”.

(Спадарыня: ) “Я алімпійскіх чэмпіёнаў ня ведаю, але адкрыцьцё глядзела зь вялікім задавальненьнем. Проста назіраю, бо падабаецца. І хацелася б, канешне, каб былі ў нас залатыя мэдалі”.

Вядома, на вуліцах Менску мне патрапляліся адмыслоўцы, якія называлі і пару дзясяткаў беларусаў-чэмпіёнаў алімпійскіх гульняў. І, вядома, усе ведалі імёны сёлетніх прызёраў. Але самых першых не назваў ніхто. Адным з залатых піянэраў быў Леанід Гейштар, які разам зь Сяргеем Макаранкам у 1960-м у Рыме ў каноэ-двушцы ўзяў першае месца ад савецкае Беларусі:

(Гейштар: ) “Не зразумела той славы, якую я меў. Цяпер шум такі падымаюць – ой, той! А тады нават Гомель, вобласьць, Рэспубліка не падаравалі нават пушкі запалак. Далей – ні кватэры не далі, нічога... Цяпер ніхто не клапоціцца. Я працую ў такіх умовах – ды вам не зразумець!”

Леаніду Гейштару 68 гадоў, Юліі Несьцярэнцы – 25. Сорак тры гады розьніцы між іхнымі днямі нараджэньня, і сорак чатыры гады між іхнымі залатымі мэдалямі. Амаль паўстагодзьдзя паміж крыкам душы старога мужчыны, які не спадзяецца на падтрымку дзяржавы, і шчасьцем і плянамі на жыцьцё маладой кабеты. Пакуль Юлія Несьцярэнка перажывае перамогу, пра бліжэйшыя пляны спартоўкі гаворыць ейны муж Дзьмітры Несьцярэнка:

(Дзьмітры Несьцярэнка: ) “Будзе летні чэмпіянат сьвету: можа, будзе рыхтавацца, можа не. Будзе закрыцьцё “Залатой лігі” пасьля Алімпіяды – у яе будзе два-тры старты. Яна хоча яшчэ праехацца па сьвеце”.

Мы яшчэ дазнаемся, як слава паўплывае на прыватнае жыцьцё сям’і Несьцярэнкаў, а цяпер пра спартовую славу наогул.

***

Слава пачала ўплываць на лёсы беларускіх спартоўцаў ад 1970-х гадоў.

(Дыктар БТ: ) “Корбут, гімнастыка, заслужаны майстар спорту. Чэмпіёнка сьвету 1974 году ў камандным першынстве і ў апорным скачку. Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1976 году ў Манрэалі ў практыкаваньнях на бервяне”.

Імя Вольгі Корбут – адно з самых раскручаных алімпійскіх брэндаў, якія беларускія афіцыйныя мэдыі і цяпер актыўна выкарыстоўваюць. Каля дваццаці беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў цяпер жывуць за мяжой краіны. Вольга Корбут ад 1991 году ў ЗША. Цяпер – у штаце Арызона, дзе рыхтуецца адчыніць гімнастычную школу свайго імя, а пакуль займаецца personal appearances. Гэта значыць, зарабляе публічнымі выступамі ў грамадзкіх і сьвецкіх мерапрыемствах – распаўсюджаная зьява для Амэрыкі. Таксама Вольга Корбут ладзіць сэмінары. Ці гэта ёсьць зорны працяг зорнага шляху ўсясьветнавядомай спартоўкі? Ад імя Вольгі Корбут са мной праз электронную пошту скантактаваўся аўтар ейнага сайту Алекс Войніч:

“Рэалiзаваць славу ў Беларусі няма нiякай магчымасьцi – усе даўно прадалiся маскалям, альбо зьехалі з краiны. Трэба быць паслухмяным i жыць бедна. У Амэрыцы яшчэ цяжэй – трэба быць багатым. Дужа багатым, як усе iншыя зоркі”.

Яшчэ адзін аспэкт: на афіцыйным сайце Вольгі Корбут тлумачыцца, што многія памылкова атаясамліваюць яе з расейкай. У кароткай даведцы распавядаецца гісторыя Беларусі, а таксама тлумачыцца, што бел-чырвона-белы сьцяг – сапраўдны сымбаль краіны. Менавіта нацыянальны сымбаль бачны на фотаздымках, дзе гімнастычную залю аздабляюць сьцягі сьвету. Працягваем цытаваць Алекса Войніча:

“Нiхто пра Беларусь тут ня ведае. Многiя лiчаць, што Румынiя – частка Расеi, а Ўсходняя Нямеччына была ў... СССР. Таму i дадаў старонку пра Беларусь – цяжка слухаць, як людзi нас расейцамi клiчуць”.

Вядома, шанаваньне бел-чырвона-белага сьцягу Вольгай Корбут – добрая рэч. Але ейны першы трэнэр Рэнальд Кныш адгукаецца пра гадаванку ня надта цёпла:

(Кныш: ) “У мяне Корбут вялікай славы дасягнула. Пэўна, больш як хтосьці зь Беларусі й СССР у свой час. Але слава – гэта такая страшная рэч, якая заядае да такой ступені, што з чалавекам немагчыма пасьля працаваць, немагчыма мець зносіны”.

Зрэшты, слава можа быць больш драматычнай. Як у выпадку з каляжанкай Вольгі Корбут па гімнастыцы – залатой чэмпіёнкай Алімпіяды 1972 Тамарай Лазаковіч, якая ўжо не жыве.

(Кныш: ) “Яна, па-простаму кажучы, сьпілася”.

Апрача Тамары Лазаковіч не жывуць цяпер яшчэ два алімпійскія чэмпіёны: фэхтавальніца Тацяна Самусенка, залатая мэдалістка 1960, 1968 і 1972 гадоў, і дужаньнік Алег Караваеў, які разам з Самусенка і весьлярамі Леанідам Гейштарам і Сяргеем Макаранкам у 1960 годзе ўвайшоў у чацьвёрку першых залатых мэдалістаў сучаснай Беларусі. Як кажуць, мёртвым не баліць. А вось у жывых вэтэранаў-алімпійцаў лёсы складаюцца па-рознаму.

***

Зь 56 жывых алімпійцаў, якіх мы ведалі перад пачаткам Афінаў-2004, дваццаць жывуць за межамі Беларусі. У іх адрасах – розныя краіны: ЗША, Нямеччына, Гішпанія, Расея, Грэцыя і нават Армэнія. З тых, хто застаўся на радзіме, адзін з алімпійцаў – стралок Аляксандар Газаў – жыве ў вёсцы Вілейскага раёну, канаіст Мікалай Гарбачоў – у Рагачове, некалькі – у Горадні, Віцебску і Магілёве, а большасьць – у Менску.

Чым большы ўзрост спартоўцаў, тым з большай скрухай яны гавораць пра непавагу дзяржавы. Маўляў, у Польшчы ці Расеі ёсьць пажыцьцёвыя алімпійскія стыпэндыі, а ў Беларусі няма ані льготаў. Што ж, возьмем калькулятар і крыху палічым. Да прыкладу, у Расеі штомесячная падзяка дзяржавы алімпійцу эквівалентная пяцістам далярам.

Калі трыццаці шасьці залатым алімпійцам плаціць па пяцьсот даляраў, за месяц дзяржава зьбяднее на васямнаццаць тысяч даляраў. У той жа час адна гадзіна палёту вайсковага самалёта-зьнішчальніка каштуе каля дзесяці тысяч даляраў. То бок, разам алімпійцы могуць адабраць у аднаго зьнішчальніка менш за дзьве гадзіны палёту штомесяц.

***

Хтосьці з алімпійцаў жыве на пэнсію, як Аляксандар Газаў, хтосьці да пэнсіі мае працу, як Леанід Гештар ці Сяргей Макаранка, хтосьці мае ўласны бізнэс, як баксёр Вячаслаў Яноўскі, а хтосьці працуе чыноўнікам: напрыклад, Антаніна Кошаль – у Фэдэрацыі спартовай гімнастыкі. З тых, хто зьехаў, бадай адзін з самых пасьпяховых – шасьціразовы алімпійскі чэмпіён у спартовай гімнастыцы Віталь Шчэрба, які адкрыў сваю школу ў Лас-Вэгасе. Зрэшты, Шчэрбу ўсяго толькі 33 гады. Для гімнастыкі ён – ужо дзядуля, а для жыцьця – мужчына ў самым росквіце сілаў.

А тыя трыццацігадовыя, што засталіся ў Беларусі? Магілеўчанка Сьвятлана Баітава, спартовая гімнастыка. У 1988 годзе ў Сэўле шаснаццацігадовая дзяўчына зарабіла залаты мэдаль. Цяпер разам зь сям’ёй жыве тамсама, у Магілёве, і трэніруе дзяцей у той самай спартовай школе, зь якой узышла на алімпійскі п’едэстал:

(Баітава: ) “Я тры разы спрабавала зьехаць, і вось паўгады таму вярнулася з Арабскіх Эміратаў, дзе працавала год. Мяне цягне дамоў, я люблю свой горад. Але калі штосьці падвернецца, вядома, паеду падзарабіць. Бо на наш заробак жыць папросту немагчыма”.

***

Напрыканцы вернемся да сям’і Несьцярэнкаў. Ані беларускі НОК, ані якісьці міжнародны экспэрт не прарочыў Юліі Несьцярэнцы перамогі. Сям’я спартоўцаў жыла ў Берасьці ў інтэрнаце. Дзіця не заводзілі, бо спынялі пытаньні: дзе жыць, за што жыць і гадаваць дзіця? Тлумачыць Дзьмітры Несьцярэнка:

(Дзьмітры Несьцярэнка:) “Наогул хацелі, канечне. Але пакуль інтэрнат... Цяпер штосьці наладзіцца, дык у пэрспэктыве...”

Дзякуючы залатому мэдалю Юліі ў Несьцярэнкаў зьявілася пэрспэктыва – на бліжэйшую будучыню. А далейшая пэрспэктыва залежыць ад палітыкі беларускай дзяржавы. Альбо ад саміх спартоўцаў. Калі ў выпадку алімпійца 1960 году Леаніда Гештара спадзяваньні таюць з кожным днём, дык для Юліі Несьцярэнкі пэрспэктывы толькі адчыняюцца. Калі не ў Беларусі, дык за мяжой. У кожным выпадку, у адрозьненьне ад савецкіх часоў сытуацыя зьмянілася – дзяржаўная мяжа адкрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG