Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ад БНФ распачынаюць кампанію “Скажы Лукашэнку НЕ!”


Альгерд Невяроўскі, Менск Сойм партыі БНФ лічыць, што ў цяперашніх палітычных умовах у апазыцыйных сілаў ёсьць рэальны шанец узначаліць народны пратэст супраць спробаў Аляксандра Лукашэнкі застацца на пасадзе прэзыдэнта на няпэўны тэрмін. БНФ разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі распачынае антырэфэрэндумную кампанію пад лёзунгам: “Скажы Лукашэнку НЕ!”

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка і сябры Сойму лічаць, што прызначэньне Лукашэнкам рэфэрэндуму дае магчымасьць дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іх ініцыятыўным групам праводзіць антэрэфэрэндумную кампанію. Закон гэтага не забараняе. Кандыдаты будуць тлумачыць людзям чаму на рэфэрэндуме варта сказаць Аляксандру Лукашэнку “НЕ”, і чаму неабходна падтрымаць праграму “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”.

На думку сябраў Сойму партыі БНФ, так званым незалежным кандыдатам цяпер таксама прыйдзецца вызначыцца: падтрымліваюць яны прапановы Лукашэнкі ці не. Гаворыць лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы маем намер разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі агітаваць людзей за галасаваньне “супраць”, і гэта будзе тым прасьцей рабіць, што абсалютная бальшыня беларусаў, а гэта пацьвярджаюць усе без выключэньня незалежныя сацыялягічныя службы, настроеная супраць далейшага панаваньня Лукашэнкі. Для нас гэта выдатны шанец рэальна узначаліць народны пратэст супраць самаўладзтва”.

Сойм БНФ прыняў адмысловую заяву, у якой заклікае сябраў выбарчых камісіяў выконваць падчас падліку галасоў Закон, а грамадзянаў Беларусі далучацца да кампаніі “Скажы Лукашэнку НЕ!”

Пасьля заканчэньня паседжаньня многіх сябраў Сойму затрымлівалі міліцыянты. Актывістаў БНФ заводзілі ў спэцыяльна падагнаны аўтобус, абшуквалі, але, не знайшоўшы антырэфэрэндумных улётак, былі вымушаныя ўсіх вызваліць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG