Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплываў на выбарчую кампанію і сытуацыю ў грамадзтве абвешчаны А.Лукашэнкам рэфэрэндум – Круглы стол з удзельнікамі з Магілёва, Гомелю, Віцебску і Горадні


Валер Каліноўскі, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” пра тэндэнцыі й дэталі палітычнай кампаніі з удзелам рэгіянальных карэспандэнтаў. У круглым стале бяруць удзел нашыя карэспандэнты з Магілёва, Гомелю, Віцебску і Горадні Марыя Ўсьціновіч, Казімер Яноўскі, Браніслава Станкевіч і Сяргей Астраўцоў.

(Валер Каліноўскі: ) “Навіна пра рэфэрэндум не была нечаканай, як прызнала старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, гэтая кампанія ўладамі рыхтавалася загадзя. Мабыць, да гэтай падрыхтоўкі можна аднесьці і той факт, што мясцовымі выканкамамі былі створаныя ўчастковыя камісіі фактычна без прадстаўнікоў апазыцыі — паводле апошніх падлікаў незалежнага назіраньня, іх там толькі 0,03%. Відавочна, што рэфэрэндум як бы пакідае выбарчую кампанію ў ценю. Ці так гэта, напрыклад, на Магілёўшчыне? Пытаньне нашай карэспандэнтцы Марыі Ўсьціновіч”.

(Марыя Ўсьціновіч: ) “Патэнцыйныя кандыдаты, якія прадстаўляюць палітычныя партыі “пяцёркі” на Магілёўшчыне, гавораць, што ў іх зьявіўся яшчэ адзін фронт працы, і ён будзе галоўным. Алесь Чыгір, які мае намер балятавацца ў Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе, сказаў, што вынікі рэфэрэндуму больш важныя, чым ягонае знаходжаньне ў парлямэнце, таму ягоная перадвыбарчая агітацыя пройдзе пад лёзунгам “Не — зьменам Канстытуцыі!”

Вылучэнцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўпэўненыя, што рэфэрэндум — гэта галоўнае, бо рушацца асновы дэмакратыі ў Беларусі. Так прынамсі заявіў Уладзімер Шанцаў, кіраўнік АГП у Магілёўскай вобласьці. Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты лічаць, што трэба выкарыстоўваць магчымасьці агітацыі й сустрэчы з выбарнікамі, каб данесьці сваю пазыцыю пра рэфэрэндум. Але потым, так мяркуе лідэр Партыі БНФ у рэгіёне Рыгор Костусеў, трэба пайсьці перад самымі выбарамі на зьняцьцё сваёй кандыдатуры, каб не падыгрываць Лукашэнку ў правядзеньні рэфэрэндуму. Што датычыцца ўплыву рэфэрэндуму на праграмы і агітацыю кандыдатаў ад улады, то тут меркаваньні падзяліліся. Адныя лічаць, што пра рэфэрэндум ім ня варта згадваць — гэта будзе не на карысьць іх абраньню, бо значная частка выбарнікаў нэгатыўна ставіцца да зьменаў у Канстытуцыі. Гэта адна думка.

А вось меркаваньне іншых удзельнікаў перадвыбарчай кампаніі супрацьлеглае. Паводле яго, рэфэрэндум — гэта рэальная магчымасьць кандыдатаў ад улады абрацца, браць удзел у кампаніі за прапановы Аляксандра Лукашэнкі, гэта выгадная пазыцыя і дадатковая агітацыя. Аднак прыхільнікі абедзьвюх пазыцыяў згодныя з тым, што менавіта ад стаўленьня кандыдата да рэфэрэндуму будзе залежаць выбар людзей”.

(Каліноўскі: ) “Марыя, Магілёўшчына — радзіма і, відаць, самы лаяльны да А.Лукашэнкі рэгіён. Што прадпрымаюць мясцовыя ўлады для прапаганды ягонага трэцяга тэрміну?”

(Усьціновіч: ) “Па-першае, усе магілёўскія дзяржаўныя газэты надрукавалі на першых старонках зварот Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з аб’яўленьнем рэфэрэндуму. На наступны дзень пасьля тэлезвароту ў Магілёўскай вобласьці прапагандысцкія групы выканкамаў правялі так званы “адзіны дзень інфармаваньня”. Увогуле падаецца, што рэфэрэндум і выбары будуць вызначаць усе крокі абласной вэртыкалі, улады. З гэтай палітычнай кампаніяй ужо зьвязваюць і падрыхтоўку да зімы. Начальнікам камунальных службаў нагадваюць, што падключэньне жыльля да ацяпленьня павінна прайсьці бяз зрываў, гладка, бо ад тэмпэратуры ў кватэрах залежаць у тым ліку і палітычныя настроі людзей”.

(Каліноўскі: ) “Я зьвяртаюся да нашага гомельскага карэспандэнта Казімера Яноўскага. Ці ўдалося вам абмеркаваць зь землякамі апошнія палітычныя падзеі? Як паўплываў рэфэрэндум на грамадзкія настроі?”

(Казімер Яноўскі: ) “Так удалося. Абмяркоўваў ня толькі падзеі, зьвязаныя з рэфэрэндумам, але і выбары. І вось што цікава: некаторыя гамельчукі наогул ня бачаць ролі ў грамадзтве дэпутатаў парлямэнту. Адна з выбарніц сказала нават так: “Лукашэнка мой дэпутат”. Што да рэфэрэндуму, то ён ня толькі ўскалыхнуў, але яшчэ больш падзяліў грамадзтва. 8 верасьня я размаўляў з 15 гамельчукамі. Шасьцёра зь іх падтрымалі рэфэрэндум. Астатнія 9 выказалі непаразуменьне: колькі ўжо можна мяняць Канстытуцыю пад аднаго чалавека? Зьмянілі яе ў 1996 годзе. Тады, як лічаць гамельчукі, Лукашэнка завуаляваў пытаньне наконт працягу сваіх паўнамоцтваў і такім чынам прыхапіў сабе два дадатковыя гады кіраваньня. Цяпер вось зноў спрабуе абысьці Канстытуцыю.

Зь іншага боку стаяць пэнсіянэры, якія ня хочуць пераменаў (асабліва з былых вайскоўцаў, міліцыянтаў, у каго пэнсія вышэйшая, чым звычайная). Яны падтрымліваюць жаданьне Лукашэнкі працягваць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. І кажуць пра гэта зь нейкім імпэтам. Глядзіце, маўляў, у нас пытаюць — і мы дазваляем. Мала хто з прыхільнікаў рэфэрэндуму разумее, што размова ідзе ня толькі пра трэці тэрмін адной канкрэтнай асобы. Дазваляючы Лукашэнку абірацца трэці раз, людзі аўтаматычна зьмяняюць артыкул 81 Канстытуцыі, зьнімаюць абмежаваньне на заняцьцё найвышэйшай пасады ў дзяржаве ня болей як на два тэрміны. Людзі такім чынам адкрываюць шлях і Лукашэнку, і любому іншаму правіць хоць пажыцьцёва”.

(Каліноўскі: ) “Казімер, ці зьявіліся ў вас, як на Магілёўшчыне, адмысловыя групы ці штабы правядзеньня рэфэрэндуму, якім у вас чынам ідзе агітацыя?”

(Яноўскі: ) “Рэфэрэндум стаўся кампаніяй перш за ўсё для ўладных структураў. Ужо 9 верасьня так званыя інфармацыйныя групы выканкамаў сталі распавядаць у калектывах і пра рэфэрэндум і пра выбары. Ну вось хаця бы такі прыклад.

Старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкаму Мікалай Чарныш разам зь іншымі раённымі начальнікамі 9 верасьня прыехаў ва Ўваравічы. У залю пасялковага савету сабралі вэтэранаў, мясцовых кіраўнікоў, адмыслоўцаў. Спадар Чарныш распавёў, што ў раёне сёлета сабрана на 20 тысяч тон збожжа больш, чым летась. Пэнсіянэрам рэгулярна выплачваюцца пэнсіі. У Беларусі няма тэрарыстычных актаў. Таму, маўляў, на рэфэрэндуме трэба прагаласаваць за трэці прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі. Вэтэранам уручылі мэдалі да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі, якое адзначалася яшчэ ў ліпені.

Раённы вэртыкальны кіраўнік на сустрэчы па сутнасьці займаўся і перадвыбарчай агітацыяй, хаця кандыдаты ў дэпутаты яшчэ нават не зарэгістраваныя. Мікалай Чарныш заявіў, што будзе падтрымліваць на парлямэнцкіх выбарах прадстаўніка КГБ Уладзімера Ўжанава і дадаў наступнае: “Спадзяюся, што і вы падтрымаеце яго”. Пра гэты факт заўчаснай агітацыі паведаміў нашаму радыё прысутны на сустрэчы дэпутат райсавету ад Уваравічаў Ігар Кекелеў”.

(Каліноўскі: ) “У Віцебску апазыцыя з нагоды абвяшчэньня рэфэрэндуму стварыла антыкрызысны цэнтар, ці займаецца ён нейкай рэальнай дзейнасьцю і ці разьлічваюць удзельнікі гэтага праекту на плён? Пытаньне нашай віцебскай карэспандэнтцы Браніславе Станкевіч”.

(Браніслава Станкевіч: ) “Так, у Віцебску створаны такі антыкрызысны цэнтар, куды ўвайшлі некалькі апазыцыйных палітычных партыяў, а таксама грамадзкіх суполак. Антыкрызысны цэнтар дзейнічае яшчэ толькі два дні, так што гаварыць пра нейкія маштабныя вынікі яшчэ рана. Але ўжо вядома, што распачалася праца па вылучэньні прадстаўнікоў у раённыя камісіі па рэфэрэндуме: ад ПКБ, БНФ “Адраджэньне” ды “Народнай грамады” ў камісіі трох раёнаў Віцебску накіраваныя па адным прадстаўніку.

Аднак у дэлегаваных ёсьць сумневы, што іх зарэгіструюць і дапусьцяць да такое працы. У такім разе яны гатовыя працаваць назіральнікамі на рэфэрэндуме. У найбліжэйшыя дні віцебскі антыкрызысны цэнтар мяркуе правесьці агульны сход усіх дэмакратычных сілаў Віцебшчыны, у тым ліку запрасіць і патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, каб распрацаваць тэхналёгію агітацыі супраць рэфэрэндуму. Мяркуецца,што гэтай працай у рэгіёнах будуць займацца ініцыятыўныя групы і “групы падтрымкі” патэнцыйных кандыдатаў. А віцябляне ўжо змаглі ўбачыць першыя прыкметы распачатае антыкрызысным цэнтрам кампаніі “НЕ!” “Не!” — гэта варыянт адказу на рэфэрэндуме, і ў Віцебску ўжо зьявіліся першыя ўлёткі з гэтым лёзунгам”.

(Каліноўскі: ) “Як віцебскае грамадзтва ўспрымае дзейнасьць гэтага цэнтру і ўвогуле праблему рэфэрэндуму?”

(Станкевіч: ) “З прыватных размоваў вынікае, што дастаткова вялікая колькасьць віцяблянаў абураная верагодным парушэньнем Канстытуцыі шляхам гэткага рэфэрэндуму. Я не магу пакуль што сказаць, наколькі шырока ў Віцебску вядома пра стварэньне антыкрызыснага цэнтру, але пра тое, што, маўляў, “вось цяпер апазыцыя мусіць нешта прадпрымаць”, “або мусіць абараніць Канстытуцыю” даводзіцца чуць дастаткова часта. Зноў-такі, я не магу гаварыць пра нейкае агульнае меркаваньне віцяблянаў. Але, паводле статыстыкі галасаваньня на адным зь віцебскіх інтэрнэт-форумаў, пераважная колькасьць удзельнікаў выказваецца супраць рэфэрэндуму. На пытаньне “Ці дазволіць абірацца прэзыдэнтам без абмежаваньня колькасьці тэрмінаў?” 93% удзельнікаў сказалі “Не”. Адзін з наведнікаў форуму ў якасьці камэнтару да апошніх падзеяў прапанаваў мабільнай кампаніі МТС зьмяніць слоган і ўвесьці для беларускіх карыстальнікаў новы тарыф: “Лукашенко Супер-Джинс” — сроки действия больше не действуют!”

(Каліноўскі: ) “З Горадні прыйшла інфармацыя, што старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка нечакана пахваліўся кампаніяй наконт рэфэрэндуму перад славацкай дэлегацыяй, якая знаходзіцца там зь візытам. Якая была рэакцыя славацкіх гасьцей? Пытаньне нашаму гарадзенскаму карэспандэнту Сяргею Астраўцову”.

(Сяргей Астраўцоў: ) “Гэта была дэлегацыя Жылінскага краю Славаччыны, іх цікавіць супрацоўніцтва ў галіне разьвіцьця, і такая заява Саўчанкі была для іх нечаканая і яўна зьбянтэжыла. Трэба згадаць, што нядаўна Славаччына перажыла пэрыяд аўтарытарнага кіраваньня, і такі напамін ім напэўна быў не даспадобы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG