Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе аргумэнты Лукашэнкі наконт бліскучага разьвіцьця беларускай эканомікі – гэта казка для дзяцей”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 9 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Расея, наш саюзьнік-хаўрусьнік, ужо 10 год вядзе вайну ў Чачэніі, тэрарыстычную вайну. У Чачэніі зьнішчаюць чачэнскі народ, які патрабуе незалежнасьці. І беларусы змагаюцца за незалежнасьць, мараць аб свабодзе, аб дзяржаўным сувэрэнітэце, нэўтралітэце. Трэба спыніць чачэнскую вайну. Чаму маўчаць вядомыя людзі Расеі: Яўген Еўтушэнка, доктар Рашаль, Алфёраў, Салжаніцын, пісьменьнікі, вучоныя? Што яны думаюць? Няўжо яны ня бачаць, што ідзе нацыянальна-вызваленчая барацьба чачэнскага народу супраць генацыду, супраць акупацыі? Прапаганда хлусіць! Але ж гэтыя людзі – сумленьне Расеі! Адзін Сяргей Кавалёў ды Навадворская чаго каштуюць!

Лукашэнкаўская канстытуцыя 96 году, якая дзейнічае незаконна і напісаная самім Лукашэнкам для самога сябе, забараняе прэзыдэнцтва больш двух тэрмінаў. Ніякі рэфэрэндум ня можа адмяніць Канстытуцыю! Ён сам навязаў грамадзтву гэты закон! Ніякага трэцяга тэрміну, як і чацьвёртага, быць ня можа! Дзякуй.

Беларускія ўлады дэманструюць сваю незацікаўленасьць у тым, каб выбарчая кампанія праходзіла ў рамках закону, справядліва, вольна, чэсна. Улады наадварот ствараюць непераадольныя перашкоды для сваіх апанэнтаў. У такіх выбарах бяз выбараў няма ахвоты ўдзельнічаць. Вось і мяркуеш, як паступіць. Калі на гэтыя выбары бяз выбараў ня прыйдзеш, то мой выбарчы бюлетэнь гэтая лукашэнкаўская камісія выкарыстае на сваю карысьць, як ёй патрэбна. А калі я наведаю выбарчы ўчастак, атрымаю ад камісіі свой бюлетэнь, а ў скрыню ня кіну, не прагаласую, пакладу ў кішэню – што атрымаецца? Мэта – забраць свой бюлетэнь і выкарыстаць яго паводле свайго розуму. І каб гэтак зрабілі ўсе сьвядомыя грамадзяне. Я лічу, што нічога не перашкаджае старшыні выбарчай камісіі Ярмошынай і Лукашэнку аб’явіць любую сваю лічбу адсоткаў, напрыклад, 83 адсоткі на сваю карысьць. Бо няма кантролю! Дзякуй.

Калі падчас мітынгу альбо пікету невядомыя ў цывільным адзеньні робяць хапун, хапаюць тваіх аднадумцаў, тваіх сяброў, знаёмых – нельга спакойна назіраць і глядзець усьлед, трэба ратаваць, ісьці на дапамогу, кідацца на захопнікаў! Мэта – адбіць ахвяраў затрыманьня! Бо гэта бандыты хапаюць сумленных людзей. Нас многа, нас шмат! Мы можам абараніць любога. У нас таксама ёсьць моцныя спрытныя хлопцы. Толькі ня трэба быць авечкай, якую цягнуць на вачах тваіх сяброў. Так тры зламысьнікі па чарзе перацягаюць хоць дваццаць чалавек! Барацьба – гэта ня толькі крычаць уголас “Жыве Беларусь!” Павінна быць самаабарона грамадзтва ад бандытаў у цывільным. Натоўп – гэта вялікая сіла! І ёю трэба карыстацца!”

(Пэнсіянэр з г.Дзяржынска: ) “Добры дзень, радыёстанцыя Свабода! Я вельмі шкадую, што ў Беларусі сярод дзесяцімільённага насельніцтва няма ніводнага чалавека, які мог бы прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта. Толькі адзін ёсьць. Гэта вялікая трагедыя беларускага народу, што толькі адзін ёсьць, які можа кіраваць нашай краінай. Гэта вялікая трагедыя. Жыве Беларусь! Усяго вам добрага!”

(Аляксандар: ) “Добры вечар! Абвестка: “Няхай жыве наш адзіны і непаўторны Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка!” Подпіс: “Мазахісты Беларусі”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добрай раніцы, Свабода! Праслухаў ранішні паўтор праграмаў Свабоды. Вы перадавалі меркаваньне Захаду й Расеі наконт аб’яўленага рэфэрэндуму. Задаю пытаньне шаноўнай аб’яднанай апазыцыі ў выглядзе спадароў Вячоркі, Лябедзькі і астатніх: ну што, шаноўныя, ці адрэагаваў як-небудзь Захад, куды вы так імкнецеся – Нью-Ёрк, Вашынгтон, Лёндан, Парыж? Не, не цікавы ім гэты рэфэрэндум. Ці вы, шаноўныя апалягеты, хочаце шляхаваць у Эўропу разам з Расеяй? Адрэагавалі вельмі добра – Расея задаволеная: трэба яшчэ раз Лукашэнку – і пажыцьцёва, бо трэба паглынуць Беларусь! Да якога сораму вы дайшлі, да якога сораму!”

(Спадар: ) “Чаму вельмі дрэнная чутнасьць? Што гэта робіцца з вашым каналам. А шостай дык увогуле маўчала. Што гэта такое? Проста жах нейкі! Якое надвор’е, такое і вашае радыё”.

(Пэнсіянэрка: ) “Паважаныя грамадзяне Беларусі! Да вас зьвяртаецца мінчанка, пэнсіянэрка, 1935 году нараджэньня, якая зьведала і нямецкую акупацыю, і савецкую акупацыю, маю вышэйшую адукацыю. І ніколі ўлада не клапацілася пра мяне, і зараз не клапоціцца. Не ідзіце на лукашэнкаўскія выбары і рэфэрэндум! Толькі пустыя выбарчыя ўчасткі дазволяць праваліць рэфэрэндум. Няхай фальсыфікуюць свой рэфэрэндум, на які людзі не пайшлі. Зробім фальсыфікацыю відавочнай. Трэба, каб усе бачылі, што рэфэрэндум не адбыўся. Не паддавайцеся на прымус і запалохваньне сваіх начальнікаў. Падтрымлівайце адзін аднаго. Вэртыкальшчыкі і розныя начальнікі парушаюць закон, калі прымушаюць ісьці галасаваць. Няхай не спадзяюцца на тое, што іх возьме пад ахову расейскі рэжым. Такі крывавы тэрарыстычны рэжым доўга не пражыве. Ня слухайце розных “зазывалаў” на выбары. Ганіце іх ад сябе. Папярэдзьце сваіх знаёмых, супрацоўнікаў, суседзяў і ўсіх, каго можаце, каб не ішлі на ашуканскія выбары. Зрабіце так, каб з вашага дому ніхто не пайшоў галасаваць. Гэта ня ёсьць звычайныя выбары, дзе кожны чалавек вольны зрабіць выбар за той ці іншы кірунак улады ў дзяржаве. Толькі разумныя й рашучыя нашыя паводзіны забясьпечаць перамогу. Пасьля правалу Лукашэнкі будзем праводзіць беларускія выбары беларускай улады – гаранту незалежнасьці краіны і дабрабыту людзей. Дзякуй за ўвагу”.

(Міхаіл Леташ, доктар тэхнічных навук, Рыга: ) “Я хацеў бы ўзгадаць эпоху Шушкевіча. Справа ў тым, што я прафэсіянальны аналітык і экспэрт, і хачу сказаць некалькі словаў не як просты жыхар, а як прафэсіянал у пэўнай вобласьці.

Я цяпер, як і ў тыя часы, шмат часу праводжу ў камандзіроўках. У Рызе, гляджу, прадаюцца беларускія тавары, у тым ліку прадукты – хлеб, масла, тавары першай неабходнасьці. І ўсё гэта прадаецца амаль задарма, вельмі танна. У Маскве спыняюся ў сяброў у раёне рыскага вакзалу. Рынак. Тая самая гісторыя. Рачны вакзал – паўтараецца тое самае. І, канечне, пачынаю высьвятляць, што да як. І мне распавядаюць, як яны прывозяць і г.д.

Ішоў танны распродаж таго, што нашыя бацькі, дзяды, уся краіна дзясяткі гадоў зьбірала. Ішло, я называў тады, рабаваньне краіны. Канечне, я не лічу, што гэта была віна толькі спадара Шушкевіча – гэта была віна і ўладаў, віна і прэм’ера Кебіча, якія павінны былі весьці разумную эканамічную коштавую палітыку, чаго тады не было зроблена. Вось гэта я й запомніў, вось гэта выклікала ва мне страх і турботу.

Сёньня эканамічнае становішча аб’ектыўнае Беларусі значна болей устойлівае. Сёньня безумоўна коштавая палітыка больш правільная, хаця, на мой погляд, яна далёка не ідэальная і ёсьць чым займацца, і трэба займацца. Але сёньня я веру: у маёй краіны ёсьць магчымасьць падняцца, падняцца, як мае быць. Працы шмат, але шанец гэты безумоўна ёсьць. Пытаньне ў тым, ці будзе выкарастаны гэта шанец. Мне хацелася б, каб гэты шанец выкарысталі. Нам удалося захаваць прадпрыемствы. Гэта вялікая справа. Не адбылося рабаваньня краіны. Я пра гэта пісаў, таму зараз кажу адкрыта і не баюся, дарэчы, пісаў 5-8 год таму. Не адбыўся павальны выезд кадраў. Мае землякі не развучыліся працаваць. У асноўным гэта сумленныя людзі, і калі параўнаць зь іншымі рэгіёнамі, то мы значна ў лепшым становішчы ў гэтым пляне. Хацелася б, каб вось гэтыя ўсе магчымасьці сёньня на карысьць усіх жыхароў Беларусі і ўсёй краіны, на карысьць канкрэтна кожнага чалавека былі выкарастаны”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная Свабода! Хацеў бы адказаць на пытаньне, хто пераможа на будучых выбарах прэзыдэнта і як пройдзе галасаваньне на рэфэрэндуме. Канечне ж, пераможа наш прэзыдэнт. Ёсьць шмат прычын, але я назаву толькі некалькі. Па-першае, вы ўжо бачыце агульнае ўхваленьне, агульную эўфарыю, агульную падтрымку. Таму можна ўявіць, што будзе на саміх выбарах альбо на рэфэрэндуме.

Па-другое. Як заявіў Лябедзька, у нашага прэзыдэнта толькі 30 адсоткаў рэйтынг. Трэба казаць “ня толькі”, а “аж” 30 адсоткаў! Гэта вялікі рэйтынг, пры тым, што ў іншых кандыдатаў будзе 1 альбо 2 адсоткі. І ўсе мы ведаем, што калі ідзе на выбары прэзыдэнт, які дзейнічае, то ён і перамагае. Узгадайце, калі ў Ельцына было толькі 6 адсоткаў перад другім тэрмінам, але ён перамог. Таму 30 адсоткаў – гэта вялікая лічба зь якой можна чакаць толькі перамогі.

І вельмі важная прычына, чаму ён пераможа, – гэта падтрымка Расеі. Нягледзячы на пляўкі з боку кіраўніцтва беларускага – гэта быў плявок у бок прэзыдэнта Пуціна, калі ён абвінавачваўся, што глядзіць праз прыцэл газавай трубы – практычна абвінавачваўся, як галоўны тэрарыст супраць Беларусі. Гэта плявок 7-га верасьня, калі было сказана, што вось вы хочаце ціхую і спакойную Беларусь – значыць, галасуйце за такога кіраўніка, як я. А калі вы хочаце тое, што адбываецца ў нашых суседзяў, то бок, у Расеі, то галасуйце за іншага. Гэтым самым зноў абвінавачваўся прэзыдэнт Пуцін у тым, што ў яго ў краіне адбываецца”.

(Іван Карпавіч: ) “Добрай раніцы! Мне 77 год. Я прайшоў сталінскую канстытуцыю, брэжнеўскую, хрушчоўскую і г.д., прайшоў я канстытуцыю лукашэнкаўскую й праходжу яе. І што б мы не казалі, як бы не выступалі, запомніце раз і назаўжды: галасуе адміністратыўны рэсурс, а ня мы, выбаршчыкі, і ў парлямэнт, і ў прэзыдэнты. Хто ўзначальвае дзяржаву, той і выбары робіць! Так што гэта бессэнсоўная гаварыльня!”

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! На вашае пытаньне, колькі адсоткаў людзей прагаласуе на рэфэрэндуме, каб працягнуць тэрмін паўнамоцтваў таварыша Лукашэнкі. Максымальна могуць падтрымаць 20 адсоткаў людзей, а вынік будзе абвешчаны 70-80 адсоткаў. Гарантыя 100 адсоткаў! Усе камісіі ўчастковыя дадуць пратаколы на ўказаную вышэй лічбу, паколькі ў іх няма амаль што ніводнага прадстаўніка ад партыі. Зянон Пазьняк паўгады таму прагназаваў гэтую сытуацыю ў Беларусі. Расею задавальняе гэтая сытуацыя. Яны будуць рабіць выгляд, што нічога страшнага ў Беларусі не адбываецца. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Я ўжо трэці дзень не магу адысьці ад шоку ад гэтага выказваньня Лукашэнкі. Яшчэ хачу сказаць, што я спэцыяльна апытваў людзей свайго дому. Дык вось, палова дому супраць, супраць Лукашэнкі, і ня толькі рэфэрэндуму, але і ўвогуле ўлады.

Што можна зрабіць? Мы пойдзем галасаваць, дык Ярмошына і яе банда ўсё зробяць на карысьць Лукашэнкі. Я вельмі, вельмі захваляваўся. І яшчэ: ствараецца ўражаньне, што ў нас на Беларусі будзе другі Туркмэн-Башы. Дык той Туркмэн-Башы хоць сваю мову ня ганіць, а гэты дык сваю мову ганіць. Так што трэба Пракаповічу рабіць запасы золата і кніжку, як у Туркмэн-Башы. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Лукашэнка прыводзіў доказы, што ён самы разумны і добры сябра беларускага народу. Мне яго выступ нагадвае саладжавы выгляд Іуды пры цалаваньні Хрыста. Усе яго аргумэнты наконт бліскучага разьвіцьця беларускай эканомікі – гэта казка для дзяцей. 10 год таму, як сказаў Лукашэнка, заробак быў 20 даляраў, а цяпер 200 даляраў. Забыў сказаць Лукашэнка, што ў траўні 1994 году за 10 даляраў сям’я з трох чалавек магла жыць цэлы месяц, а цяпер і 200 даляраў не хапае.

Лукашэнка сказаў, што ён падняў прэстыж чалавека ў пагонах. Так, з гэтым я згодны. Але толькі не прэстыж, а заробак, таму што ён забраў гэтыя грошы ў людзей без пагонаў і аддаў гэтыя грошы людзям у пагонах, таму што пэнсія ваенных пэнсіянэраў у тры-чатыры разы болей за пэнсію звычайных міліцыянтаў. А вось як жыць пэнсіянэрам за 40-60 даляраў, і інвалідам, пэнсія якіх складае 150 тысяч рублёў, Лукашэнку гэта не цікавіць.

Да прыходу да ўлады Лукашэнкі назіральнікі на выбарчых участках прысутнічалі ад любых апазыцыйных партыяў, ад пачатку і да канца галасаваньня. А цяпер назіральнікаў пры падліку галасоў няма, і якія захоча Лукашэнка вынікі выбараў – такія і будуць, незалежна ад галасаваньня народу.

І яшчэ: апазыцыянэры, са словаў Лукашэнкі, ірвуцца да ўлады, каб Беларусь распрадаць. А ён ня рвецца да ўлады? Ён як сабака на сене. Толькі яму ня сена патрэбнае, а неабмежаваная ўлада над усімі, як усім псыхічна хворым людзям”.

(Спадар: ) “Дзень добры, Радыё Свабода! Рэфэрэндум прэзыдэнта ў Беларусі, які ён вызначае – гэта вынік бяздарнай, бязграматнай, бязглуздай працы кіраўнікоў дэмакратычных партыяў! Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Дарагая Свабода! Блюзьнерскай заявы лепей не прыдумаеш, якую зрабіў наш прэзыдэнт у сувязі са сваім вылучэньнем на трэці тэрмін. Глядзіце, як у Расеі ўсё дрэнна. Усё прасякнутае тэрарызмам. У нас – парадак, мір. Увесь сьвет быў у шоку й застаецца да сёньняшняга дня ад гэтай страшнай падзеі. У нас усё добра. Мірна працуе прамысловасьць. Вось вынікі маёй дзейнасьці. Калі ня я, усё ў Беларусі прападзе і рухне”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Я тэлефаную з Баранавічаў. Хачу праз вашае радыё зьвярнуцца да ўсіх апазыцыйных партыяў. Ідзіце ў народ! Людзі гэтым тэлебачаньнем і радыё беларускім падманутыя, сьляпыя і глухія. Нясіце людзям праўду! Падымайце людзей! З адзінай мэтай ідзіце да людзей! Растлумачце, што людзі, якія парушаюць Канстытуцыю – гэта ворагі беларускага народу! І выбары, і рэфэрэндум трэба байкатаваць! Усяго добрага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG