Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 верасьня 1893 году нарадзіўся беларускі археоляг Аляксандар Ляўданскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 10 й 11 верасьня

10 верасьня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся Майсей. Прычым шанавалі яго чамусьці як збаўцу ад запойнага п’янства. Жанчыны, што пакутавалі ад мужоў-выпівохаў, зьвярталіся да Майсея па дапамогу.

10 верасьня ў 1937 годзе савецкія карныя органы расстралялі беларускага палітыка Язэпа Мамоньку. Мамонька быў сябрам прэзыдыюму Рады БНР і арганізатарам беларускай партыі эсэраў. Да канца жыцьця ён ня мог даць веры ў тое, што ягоны беларускі патрыятызм – гэта злачынства супраць савецкай улады. Першы раз ГПУ арыштавала Мамоньку яшчэ ў 1921-м. Праз год турмы яго саслалі ў Казань, адкуль ён уцёк у Коўна, а пасьля ў Прагу. У Празе Мамонька ня ўседзеў – надта хацеў у Беларусь. У 1928 годзе ён атрымаў дазвол на вяртаньне ў БССР, але ўжо на мяжы быў арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў канцлягеру. Аднак і гэтага пакараньня для беларускага палітыка савецкай уладзе падалося мала.

Падобны лёс напаткаў урэшце і беларускага археоляга Аляксандра Ляўданскага, які нарадзіўся 10 верасьня 1893 году ў вёсцы Юр’ева цяперашняга Смалявіцкага раёну. Скончыўшы адукацыю, ён спрычыніўся да стварэньня ў Менску Ўнівэрсытэту і Дзяржаўнага музэю. Гэта ён распачаў пры новай савецкай уладзе археалягічныя раскопкі ў Беларусі – вывучаў жыцьцё першабытнага чалавека і старажытныя гарады: Віцебск, Воршу, Заслаўе, Барысаў, Полацак. Сёньня ўжо ніяк не растлумачыш, чаму чалавек такой мірнай прафэсіі як археоляг быў названы ворагам народу. Тым ня менш, у 1937-м Ляўданскага арыштавалі й расстралялі.

Цяпер – пра каляндарныя адметнасьці заўтрашняе суботы.

11-ым верасьня ў царкоўным календары датуецца адсячэньне галавы Івана Прадцечы. У народзе гэты дзень называлі Іванам Галавасекам альбо Іванам Посным ці Калінавым. А яшчэ пра гэты дзень нашыя продкі казалі так: “Іван Прадцеча гоніць птушку далеча”.

11 верасьня ў 2001 годзе адбылася беспрэцэдэнтная тэрарыстычная атака на ЗША. А 11 верасьня 1941 году, у Арлоўскай турме ў Расеі адбыўся масавы расстрэл палітычных зьняволеных. Сярод іх была і Аляксандра Ізмайловіч, тая самая, што разам зь Іванам Пуліхавым у 1906 годзе рабіла замах на жыцьцё менскага губэрнатара Курлова. Пуліхава тады павесілі на браме менскай турмы, а Ізмайловіч прысудзілі да пажыцьцёвае катаргі.

11 верасьня 1971 году памёр савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў.

Сярод слынных людзей сьвету, што прыйшлі на сьвет 11 верасьня ў розныя гады, згадаем амэрыканскага пісьменьніка О’Генры і латыскага паэта Яна Райніса. Таксама 11 верасьня ў 1877 годзе нарадзіўся Фэлікс Дзяржынскі. Камуністычны дзеяч, стваральнік рэпрэсіўнае сыстэмы ў Савецкім Саюзе. Гэта ён быў старшынём ВЧК, пасьля ГПУ, быў ініцыятарам стварэньня ГУЛАГу. А нарадзіўся Фэлікс Дзяржынскі ў былым маёнтку Дзяржынава пад Стоўбцамі.
XS
SM
MD
LG